Заява ПЦ "Вясна" ў сувязі з атакай на валанцёраў арганізацыі
6 снежня 2021 г.
1 снежня і ў наступныя дні рэпрэсіўны апарат уладаў Беларусі зноў распачаў адвольную атаку на праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны": у больш як дваццаці валанцёраў былі праведзеныя вобшукі, пасля якіх адбыліся затрыманні і допыты; у валанцёраў адабраныя падпіскі аб неразгалошванні дадзеных. Раней валанцёры таксама зазнавалі пераслед за іх дзейнасць па назіранні за выкананнем права на справядлівы суд, а адна з валанцёрак пацярпела ад адвольнага затрымання, адміністрацыйнага арышту і жорсткага, нялюдскага абыходжання, у сувязі з чым намі накіравана паведамленне спецыяльным працэдурам ААН. Усё гэта — адвольная рэпрэсіўная рэакцыя ўладаў на выключна легітымную, мірную і адкрытую дзейнасць па абароне, прасоўванні і заахвочванні правоў чалавека, у прыватнасці — на валанцёрскую падтрымку праваабарончай дзейнасці і назіранне за выкананнем стандартаў справядлівага правасуддзя.
У сувязі з гэтым мы, праваабаронцы "Вясны", услед за Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый адзначаем важную і прагрэсіўную ролю валанцёрскага руху: добраахвотнікі ўцягваюць супольнасці і ствараюць рух, арыентаваны на патрэбы людзей, з тым, каб дапамагчы пабудаваць лепшую і бяспечную будучыню для ўсіх нас. Заахвочванне, прызнанне і развіццё добраахвотніцтва з'яўляецца важнай часткай стварэння больш роўнай і інклюзіўнай будучыні для супольнасцяў і ўсяго свету.
У адпаведнасці з Канстытуцыяй, кожны мае права на свабоду аб'яднанняў. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
Крымінальна-працэсуальны кодэкс абавязвае суд забяспечыць адкрыты судовы разгляд крымінальных спраў. Якія-небудзь выключэнні з гэтага правіла магчымыя толькі ў строгіх межах крымінальна-працэсуальных нормаў. У астатніх выпадках прысутныя ў адкрытым судовым пасяджэнні маюць права весці пісьмовы запіс і гукапіс. Любыя абмежаванні гэтых правоў — адвольныя і незаконныя.
Таму мы заяўляем рашучы пратэст у сувязі з чарговым этапам ціску на арганізацыю і яе валанцёраў, асуджаем парушэнне правоў чалавека і свабод у якасці інструментаў ціску на праваабаронцаў і валанцёраў, а наогул — на ўсе сегменты грамадзянскай супольнасці, і пацвярджаем сваю гатовасць працягваць мірную легітымную дзейнасць па абароне і прасоўванні правоў чалавека.
Ніякія рэпрэсіі не ў стане абмежаваць правамернае імкненне да атрымання праўдзівай і аб'ектыўнай інфармацыі аб усіх баках жыцця грамадства, ніякія праявы бессэнсоўнай жорсткасці і самаўпраўнасці не схаваюць рэакцыйныя па сваіх форме і сэнсу метады барацьбы ўладаў з мірнымі пратэстамі і іншадумствам.