Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 20:05 (паўтор у суботу ў 7:00) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць праз інтэрнэт тут альбо тут (калі не адкрываецца, то карыстайцеся VPN).
Анонс праграмы на 7 снежня:
Падзея: Атака на валанцёраў арганізацыі — так праваабарончы цэнтр “Вясна” ацэньвае масавыя вобшукі і допыты, якія пракаціліся па краіне 1 снежня. Прыйшлі ў тым ліку да тых, хто назіраў на судах. “Валанцёры ў свой вольны час наведваюць судовыя пасяджэнні — і перадаюць гэтую інфармацыю не толькі “Вясне”, але шырокай грамадскасці”, — кажа праваабаронца “Вясны” Наталля Сацункевіч і дадае: “Улады рэпрэсуюць людзей з мэтай захавання існуючай улады”.
Каментар: Што азначае быць валанцёрам і чаму людзі імі становяцца? А чаму яны працягваюць валанцёрыць у Беларусі, калі гэта так небяспечна? І як знізіць рызыкі? Пра валанцёрства і працу Валанцёрскай службы "Вясны" распавядае яе прадстаўніца Любоў.
Крымінальны пераслед: “Я малюся за тых людзей, якія пасадзілі мяне за краты”. Судовы працэс, апошняе слова і лісты Вольгі Залатар — маці пяці дзяцей, якую асудзілі на чатыры гады калоніі.
Па-за межамі: “Будзе горка. Падрыхтуйцеся”, — папярэджваюць стваральнікі анлайн-выставы “Made in Belarus / Made of pain”. Яна ўзнікла дзякуючы Free Belarus Center — аб’яднанню, якое актыўна дапамагае беларусам ва Украіне. “Мы раскрылі тэмы недапушчальнасці гвалту, палітзняволеных, зайшлі за грань і паглядзелі, як жа гэта — быць супрацоўнікам карных органаў”, — кажа фатограф Аляксандр Сушчэўскі, які і сам у Беларусі прайшоў праз рэпрэсіі.
Аўдыязапіс выпуску: