viasna on patreon

"Начальнік ІЧУ пагражаў згвалціць дубінкай", — мужчына, які пад сценамі Акрэсціна ў "Tesla" уключыў "Муры"

2021 2021-12-08T10:03:07+0300 2021-12-08T11:04:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bogdanovski_tesla_2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

37-гадовы Руслан Багданоўскі — кіроўца той самай "Tesla", з вокнаў якой 11 кастрычніка пад сценамі Акрэсціна некалькі хвілінаў гучала песня "Разбуры турмы муры". Другі хлопец, якога затрымалі разам з ім, — кліент таксі. На іх склалі па два пратаколы і трымалі за іх учынак 30 сутак у карцары ў нечалавечых умовах. Руслана цэлы месяц перамяшчалі "ластаўкай" і ў кайданках. Па словах кіроўцы "Tesla", начальнік ІЧУ на Акрэсціна Ігар Кенюх рабіў іх тэрмін за кратамі невыноснымі. 1 снежня мужчына пакінуў Беларусь, цяпер ён у бяспецы. Руслан распавёў "Вясне" пра матывы іх учынку, пра невыносныя ўмовы ўтрымання і пагрозы асабіста ад начальніка ізалятару. 

Руслан Багданоўскі перад затрыманнем. Фота прадастаўлена Русланам
Руслан Багданоўскі перад затрыманнем. Фота прадастаўлена Русланам

Вырашылі падтрымаць арыштантаў

Як распавёў былы арыштант Руслан Багданоўскі, ён працаваў кіроўцам сталічнага таксі і вазіў людзей на Tesla. 11 кастрычніка ён прыехаў на замову да незнаёмага яму кліента Максіма Канавалава. Руслан успамінае, што ў дарозе яны слухалі розныя пратэсныя песні, у тым ліку Сяргея Міхалка, гурта «Кіно», а таксама вядомую пратэсную песню «Муры». Па словах мужчыны, ад гэтай музыкі ў іх пачала «закіпаць кроў ад усяго таго беззаконня, што адбываецца ў краіне». Праз гэта Руслан прапанаваў новаму знаёмаму паехаць пад сцены Акрэсціна і ўключыць «Муры», каб падтрымаць арыштантаў. Максім пагадзіўся.

Мужчыны былі настроеныя рашуча: каля Акрэсціна яны адчынілі ў машыне ўсе вокны, люк, і, уключыўшы на ўсю гучнасць «Муры», праехалі ўздоўж сцен ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна. Потым яны развярнуліся, праехалі назад і спыніліся недалёка ад брамы ў ізалятар. Там яны прастаялі каля трох хвілін да таго моманту, як да іх выбег начальнік ІЧУ Ігар Кенюх у цывільным, трымаючы тэлефон у руках. Ён пачаў здымаць мужчынаў на відэа. Максім, які стаяў у гэты момант каля машыны, хутка заскочыў у яе. Начальнік працягваў бегчы да машыны і ўсё бліжэй здымаць твары Руслана і Максіма, а потым нават спрабаваў адчыніць дзверы машыны. Але Руслан імгненна зрэагаваў:

«У гэты момант ручкі хаваюцца ўнутр дзверы, бо я ўключаю "Drive" і мы хутка з'язджаем адтуль».  

Калі машына пачала рух, Руслан заўважыў, як Кенюх ударыў у задняе левае шкло кулаком.

Пікетаваў песняй «Разбуры турмы муры» ў машыне 

Кіроўца «Tesla» пасля гэтага здарэння адчуваў, што неўзабаве іх могуць затрымаць, таму пасля таго, як адвёз дадому Максіма, сам ужо не паехаў далей працаваць. Руслан заехаў у «Віталюр», каб паесці, бо разумеў, што калі яго затрымаюць, то ежы ён можа не пабачыць доўгі час. Калі мужчына ўжо выйшаў з крамы, то паспеў толькі дастаць з кішэні пачку цыгарэт. Але так і не запаліў — хутка да яго пад’ехалі два службовых аўтамабілі ДАІ, адкуль выбеглі адразу шэсць міліцыянтаў. Яны не прадстаўляліся, а толькі паведамілі, што Багданоўскаму трэба праехаць разам з імі. Мужчына папрасіў паказаць міліцыянтаў пастанову на затрыманне, але атрымаў адказ:

«Давай не будзем тут прадстаўленне ладзіць, сядай у машыну».

Руслан не збіраўся аказваць ім непадпарадкаванне, таму добраахвотна сеў у машыну. Але перад гэтым міліцыянты забралі ў яго ключы і дакументы ад машыны. У Маскоўскім РУУСе ўчастковыя склалі на Руслана адразу два пратаколы: па лініі ДАІ за спыненне машыны пад знакам «Прыпынак забаронены», а таксама па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Згодна з рапартам намесніка начальніка ІЧУ Глеба Дрыля«каля 14:30 11 кастрычніка рухаўся з хуткасцю два кіламетры ў гадзіну аўтамабіль “Tesla“ з гучна уключанай музыкай “Стены рухнут“, прычым у аўтамабіля былі адчыненыя вокны і было зразумела, што грамадзяне ў аўтамабілі робяць гэта наўмысна».

У гэты ж час у РУУС прывезлі і Максіма Канавалава, на якога таксама склалі пратакол за «несанкцыянаванае пікетаванне». Пасля РУУСа іх перавезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. 

Начальнік ізалятара Ігар Кенюх пагражаў згвалціць дубінкай

У ізалятары Руслана раздзелі да майткоў і пасадзілі ў «стакан», дзе ўтрымлівалі каля чатырох гадзін. Багданоўскі адзначае, што ў стакане было вельмі холадна. Пры гэтым, Максіма міліцыянты таксама закінулі ў суседні «стакан», але Руслан не ведае, ці таксама ён быў раздзеты.

Адразу пасля «стакана» Багданоўскага пасадзілі ў карцар.

«Карцар з сябе ўяўляў памяшканне не больш за шэсць квадратных метраў з бетоннай калючай падлогай, «парашай», рукамыйніцай, сталом, умантаваным у бетонную падлогу, і «шконкай», замацаванай на сцяне, якая адкрываецца звонку ахоўнікамі», — узгадвае былы арыштант.

На наступны дзень Руслана ў кайданках «ластаўкай» павялі на другі паверх ІЧУ і пасадзілі ў «клетку». Там яго на некалькі хвілінаў пакінулі чакаць Ігара Кенюха — начальніка ІЧУ на Акрэсціна. Па словах мужчыны, Кенюх адразу пачаў крычаць на мужчыну матам і пагражаць, што згвалціць яго дубінкай. Потым Кенюх крыкнуў ахоўнікам :

«Ракам яго! І да «петухоў» у камеру яго! Цяпер цябе вы*буць два нямытыя зэкі!»

Багданоўскага адразу заламалі і кудысьці павялі. Ён адзначае, што яму так нізка нахілілі галаву, што ён зусім нічога не бачыў. У выніку, яго вярнулі ў карцар. На наступны дзень суддзя Маскоўскага раёна Сяргей Кацар асудзіў Руслана на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Падчас суда, які апошнія паўтара года праходзіць праз скайп, каля затрыманых звычайна сядзяць нехта з супрацоўнікаў РУУСа або ІЧУ ці ЦІПа і кантралююць працэс. У той дзень разам з Русланам у часовым ізалятары сядзеў асабіста Ігар Кенюх. Увесь час ён стаяў каля затрыманага і гаварыў:

«Табе п*здец! Я цябе згнаю ў турме».

На другі дзень пасля арышту, дадому да Руслана прыйшлі супрацоўнікі міліцыі для правядзення агляду. У кватэры нічога не чапалі рукамі, толькі глядзелі. Сястра Руслана, якая пры гэтым прысутнічала, сказала, што ёй прапанавалі падпісаць пустую паперу, куды можна было б напісаць пад роспісам, што заўгодна. Яна адмовілася падпісваць паперу.

Чарговыя 15 сутак, гадзіна ў «стакане» і 435 рублёў за «харчаванне» з наяўных грошай

26 кастрычніка Руслана і Максіма павінны былі вызваліць па заканчэнні 15-сутачнага тэрміну. Але выпускаць іх не спяшаліся. Праз гадзіну пасля таго, як мужчына ўжо павінен быў быць на волі, ён запытаў у ахоўніка, чаму яго працягваюць утрымліваць у карцары. Ахоўнік кудысьці сышоў, а праз паўгадзіны Багданоўскаму надзелі кайданкі і «ластаўкай» павялі да чалавека, які чакаў на выхадзе. Міліцыянт накінуў куртку на кайданкі, каб іх схаваць, пасадзіў Руслана ў машыну і павез у Маскоўскі РУУС. Там на яго склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што нібыта «мужчына падчас “прафілактычнай гутаркі“ пачаў весці сябе агрэсіўна, крычаць і ўскокваць з крэсла».

У РУУСе кіроўца "Tesla" пабачыў і свайго кліента, які таксама атрымаў пратакол па арт. 19.1 КаАП. Пасля РУУСа па вяртанні ў ІЧУ Руслана зноў на гадзіну пасадзілі ў стакан. Потым мужчына вярнуўся ў той жа карцар.

На наступны дзень над Багданоўскім і Канавалавым адбыліся чарговыя суды. Справы разглядала суддзя Таццяна Мотыль. На судзе Максім прызнаў сваю віну і суддзя пакарала яго 14-сутачным арыштам. Руслан жа сваю віну адмовіў, але Мотыль усё роўна прызнала яго вінаватым у «дробным хуліганстве» і арыштавала толькі на суткі больш — на 15. Пасля кожнага з судоў падчас «афармлення» ў ізалятар у Руслана двойчы канфіскавалі па 217 рублёў і 50 капеек у рахунак аплаты за харчаванне з яго наяўных грошай.

Усе 30 сутак Руслан прасядзеў у адным карцары, дзе ў розныя дні было ад чатырох да васьмі чалавек. Спаць прыходзілася блізка адзін да аднаго, каб не змерзнуць. Ні матрацаў, ні душа, ні шпацыру — толькі святло 24/7 і бетонная падлога. Цёплыя рэчы ў арыштантаў таксама забіралі.

«Штодня нас выганялі, сагнуўшыся з рукамі за спіной, у калідор на расцяжку для ператрусу. Ноччу нас падымалі для праверкі тры разы: у 00:00, 2:00 і 4:00. Харчаванне было такое, што ўсе думкі былі пастаянна толькі пра ежу і мы жылі ад прыёму ежы да наступнага прыёму, як быдлы».

На трэція суткі ў карцары Багданоўскі захварэў: была высокая тэмпература, балела горла і пачаўся кашаль. Але дзяжурныя ізалятара не дазвалялі сядзець днём арыштантам. Руслану нават з тэмпературай прыходзілася ўставаць, калі паступаў «загад» ад дзяжурных. Пры гэтым, неабходная медыцынская дапамога арыштаваным не аказвалася. З таблетак, якія лекарка выдавала, быў толькі цытрамон. За ўвесь час за кратамі ў Багданоўскага пагоршыўся зрок.

«Маё прозвішча занясуць у нейкі спіс і я буду ў іх на кантролі»

«Калі заканчваліся другія 15 сутак, за пару гадзін да вызвалення мне надзелі кайданкі і адвялі на чацвёрты паверх у нейкі кабінет, дзе за сталом сядзеў мужчына гадоў 55, вельмі важнага выгляду і побач на крэсле сядзеў начальнік ізалятара. Яны сказалі мне, што маё прозвішча занясуць у нейкі спіс і я буду ў іх на кантролі, і калі маё прозвішча дзесьці ўсплыве, то знаходжанне ў карцары мне падасца раем», — распавядае Руслан.

Таксама былы арыштант узгадаў:

«Ігар Кенюх прыдумаў, што ад'язджаючы на машыне, я, аказваецца, ударыў яго аўтамабілем па локці, а тое, што я кажу, што ён ударыў кулаком у шкло — дык гэта мне здалося».

Акрамя гэтага, Руслан адзначае, што "Tesla" дагэтуль не вярнулі яе ўладальніку, бо нібыта яна знаходзіцца на экспертызе, хоць суд і не накладваў на яе арышт. Пры гэтым, машына лічыцца за фірмай, на якой ён афіцыйна працаваў. Пры гэтым, усе 30 сутак арышту электрамабіль знаходзіўся каля Маскоўскага РУУСа.

«Знаходзячыся там, я ні разу не пашкадаваў пра тое, што мы зрабілі»

Руслан Багданоўскі пасля 30 сутак
Руслан Багданоўскі пасля 30 сутак

Усе сукамернікі, з якімі Багданоўскаму давялося сядзець, праходзілі па "палітычных" крымінальных справах. У Руслана з імі звязаныя толькі добрыя ўспаміны:

«Пакуль знаходзіўся ў камеры, да нас пару разоў закідвалі хлопцаў, якія пачуўшы маю гісторыю, казалі, што чулі песню “Давай разбурым гэтую турму“ і вельмі гэта ім падымала дух. Усе людзі, з якімі мне давялося знаходзіцца ў карцары за час арышту былі сапраўднымі беларусамі! Усе выхаваныя і цікавыя. Ні разу ні з кім не было ніякіх канфліктаў. Усе падтрымлівалі адзін аднаго. У кожнага была гісторыя затрымання, якая мяне шакавала. Я маю на ўвазе, што людзей проста ні за што садзяць. Прычым тэрміны проста дзікія фігуруюць у дакументах. Знаходзячыся там, я ні разу не пашкадаваў пра тое, што мы зрабілі і не пашкадаваў бы, нават калі б мне яшчэ накінулі два разы па 15 сутак».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства