Маркевіч знайшоў сабе працу. Мажэйка зьбіраецца шукаць новую
Пасьля амаль трохтыднёвых марных спробаў самастойна працаўладкавацца ў Асіповічах галоўны рэдактар "Пагоні" нарэшце знайшоў сабе працу. М.Маркевіч будзе выконваць абавязкі вахтора на лесапілцы малога прадпрыемства "Сырыюс" за 65 тысяч рублёў у месяц. Ягоны калега Павал Мажэйка, які адбывае пакараньне ў Жлобіне, цяпер пілуе дровы, зьбірае кукурузу альбо даглядае фэрму мясцовага прадпрымальніка. Ён скардзіцца, што праца не пакідае яму сілы на больш інтэлектуальныя заняткі, і мерыцца шукаць новую. Нягледзячы на тое, што па законе на самастойныя пошукі працы засуджанаму на "абмежаваньне волі" адводзіцца толькі 2 тыдні, Міколу Маркевічу спатрэбілася амаль тры. Не дапамаглі нават дамовы, заключаныя паміж Асіповіцкай спэцкамэндатурай і 12-ю фірмамі наконт працаўладкаваньня зьняволеных. "Палітычнага" Маркевіча ніхто не хацеў прымаць, прыводзячы самыя розныя тлумачэньні. Таму свайго цяперашняга начальніка Ўладзімера Гароха М.Маркевіч называе "героем".
Пра гэта распавяла Рацыі Ірына Чарняўка, супрацоўніца рэдакцыі газэты "Пагоня".
І.Ч.: - Мікола ўладкаваўся ў малое прадпрыемства "Сырыюс" (гэта лесапілка). Ён выконвае абавязкі вахтора. Ягоная праца заключаецца ў тым, што ён адчыняе й зачыняе браму, сочыць за тым, якія грузы праходзяць празь яе. Здае пост а 17-й гадзіне ды ідзе да сябе ў спэцкамэндатуру.
Са словаў калегаў, М.Маркевіч вельмі ўсьцешаны тым, што нарэшце ўладкаваўся: праца зьяўляецца абавязковым элемэнтам адбыцьця пакарання ва ўстановах адкрытага тыпу. Працяглае "беспрацоўе" можа быць расцэнена як ухіленьне ад пакараньня й стаць падставай для сапраўднага пазбаўленьня волі.
Ч.: - Ён даволі аптымістычна настроены. Адзінае: у яго няма сталага сродку сувязі з рэдакцыяй, зь сям'ёй. У "калектыўным" кампутарным пункце вельмі марудны інтэрнэт, і няма сталага тэлефону. Таму што ў гэтай "хіміі" дзяжурныя яго да тэлефону ня клічуць.
Што да другога зьняволенага, журналіста Паўла Мажэйкі, ён знайшоў працу каля тыдня таму - у мясцовага прыватнага прадпрымальніка Алега Бабушкіна. Пераважна журналісту даводзіцца працаваць на пілараме (штодня з 8-й да 15-й гадзіны). Але часам працоўны дзень доўжыцца да 20-й - 21-й гадзінаў: калі яго "перакідаюць" на фэрму.
І.Ч.: - Вось ён выкідаў гной адзін дзень; потым зьбіраў кукурузу... Такая праца...
Павал скардзіцца калегам, што пасьля 7 гадзінаў шуму на пілараме ў яго не застаецца сілы ні на якія заняткі "для душы". Павал кажа, што найбліжэйшым часам будзе спрабаваць знайсьці сабе іншае месца працы.