Вынесены прысуд былому заўзятару ФК "Гомель" палітвязню Яўгену Маранцу
У Савецкім судзе Гомеля 9 снежня вынесены прысуд аднаму з былых заўзятараў футбольнага клуба “Гомель” палітвязню Яўгену Маранцу. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК) і ў незаконны абароце моцнадзеючых або атрутных рэчываў (ч. 1 арт 333 КК).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мохараў.
Ад моманту затрымання і да суда абвінавачаны ўтрымліваўся ў СІЗА №3 Гомеля.
Гамяльчук Яўген Маранец трапіў у поле зроку праваахоўнікаў мінулым летам. Яго спачатку падазравалі ў тым, што ў ён стварыў пратэсны телеграм-чат, куды запрасіў сваіх знаёмых. Удзельнікі гэтага чата абмяркоўвалі бягучую палітычную абстаноўку і метады процідзеяння сілавікам. На падставе гэтага ў дачыненні да Яўгена Маранца распачалі крымінальную справу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Аднак, вынікі ператрусу ў кватэры, якую ён арандаваў разам з прыяцелем, дазволілі прад'явіць Яўгену яшчэ адно абвінавачванне: па артыкуле 333 КК: незаконны абарот моцнадзейных або атрутных рэчываў, санкцыя якога прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле пісьмовых паказанняў сведак, Яўген Маранец раней належаў да групоўкі фанатаў футбольнага клуба "Гомель". Яго можна было сустрэць і на 14 сектары стадыёна, і падчас "дамоўных" боек з фанатамі іншых футольных клубаў. Яшчэ адным захапленнем Яўгена стала трэнажорная зала. Высветлілася, што ў яго распараджэнні знаходзіліся прэпараты, якія выкарыстоўваюць бодзібілдары. Гэтымі прэпаратамі ён падзяліўся са сваім знаёмым. Як аказалася, шэраг гэтых прэпаратаў на гэты час быў забаронены ў Беларусі.
Да кактэйляў Молатава справа не дайшла
У жніўні 2020 года Яўген Маранец стварыў у месенджары телеграм чат "Смайл с...і", да якога далучыліся каля 70 удзельнікаў.
Яўген у судзе тлумачыць, што падзеі, якія пачаліся ў краіне пасля выбараў, зрабілі на яго моцнае ўражанне, а дзеянні сілавікоў выклікалі абурэнне.
"Усе вы мяне ведаеце. Я не магу глядзець на тое, што адбываецца, - пісаў Яўген у чаце. - У нас грамадства ..., таму міліцыя так важна сябе адчувае. Трэба іх паставіць на месца. Патрэбная сілавая акцыя. Трэба больш людзей, талковых людзей".
У чат скідалі звесткі аб перасоўванні прадстаўнікоў сілавых структур у межах горада, дзяліліся спасылкамі на інфармацыю з розных інтэрнэт-крыніц.
Таксама ў групе абмяркоўвалася магчымасць вырабу кактэйляў Молатава. Кактэйлямі планавалі закідаць апорны пункт міліцыі. Удзельнікі чата абменьваліся рэцэптамі вырабу запальнай сумесі, якія запазычылі з інтэрнэту.
Аднак, як сцвярджаюць сведкі, да рэалізацыі гэтых планаў справа не дайшла.
"Я сам пісаў, што супрацоўнікаў міліцыі трэба адлоўліваць па адным і…, падвешваючы на дрэвах, - казаў падчас допыту адзін са сведак. - Я ведаў, як зрабіць кактэйль: знайшоў у Інтэрнэце. Нам заставалася толькі закупіць піратэхніку".
Але, па яго прызнанні, страх за сям'ю ўзяў верх і прымусіў адмовіцца ад запланаванай аперацыі. Дарэчы, на суд гэты сведка не з'явіўся. Ён, верагодна, пакінуў Беларусь і цяпер знаходзіцца ў вышуку.
Адкуль у справе з’явіліся моцнадзеючыя рэчывы?
Наступны сведка - сусед Яўгена па здымнай кватэры, былы футбольны заўзятар - на судзе заявіў, што ў телеграм-чаце, які адміністраваў яго таварыш, ён не знаходзіўся, бо не цікавіцца палітыкай.
- Якое ў вас стаўленне да дзеючай улады, - спытала ў сведкі пракурор.
- Нейтральнае.
- А ў Яўгена?
- Нейтральнае, але з дрэннымі аспектамі, - заявіў знаёмы абвінавачанага.
На пытанне аб удзеле сумесна з Яўгенам Маранцом у падзеях 9 -11 жніўня ў Гомелі яго таварыш адказаў, што яны сапраўды шпацыравалі 9 жніўня ў цэнтры горада, але, калі пачаўся разгон шэсця, яны сышлі дадому.
Менавіта ў гэтага прыяцеля і былі выяўленыя забароненыя прэпараты, якія перадаў яму Яўген.
"Кардыё мне забаронена, скідаць вагу – складана. А з прэпаратамі можна хутчэй дасягнуць вынікаў", - растлумачыў сведка.
Па яго запэўненнях, дапамагчы яму ў гэтым плане ўзяўся яго сябар і сусед.
- Вы не баяліся прымаць невядомыя вам прэпараты? - спытала пракурор.
- Не, - адказаў мужчына.
- А ці задумваліся вы аб тым, што яны могуць быць забароненымі да ўжывання ў нас у краіне?
- Я не выключаў гэтага: бо яны не прадаюцца ў аптэцы!
Дарэчы, неўзабаве пасля першага судовага пасяджэння тг-канал “Смайл…” быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем.
Сёння суддзя Мохараў вынес прысуд: тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.