viasna on patreon

#WeStandBYyou: Новыя “хросныя” з'явіліся яшчэ ў дзевяці палітвязняў

2021 2021-12-13T12:13:33+0300 2021-12-13T13:01:15+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/westandbyyou_andreas_rot.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці Libereco #WeStandBYyou сімвалічныя "хросныя" з’явіліся ў палітвязняў Людмілы Чэкінай, Ірыны Слаўнікавай, Віктара Фянчука, Юрыя Кузьміча, Ягора Марціновіча, Аляксандра Дайнэкі, Аляксея Губіча, Ірыны Леўшынай і Дзмітрыя Заломскага.

Тэса Гансерэр, дэпутатка нямецкага Бундэстага (Партыя зялёных), стала "хроснай" Людмілы Чэкінай. Яна сказала:

«Я захапляюся адданасцю многіх людзей у Беларусі, якія, моцна рызыкуючы, працуюць на карысць дэмакратыі, вяршэнства закона, правоў чалавека і незалежнай журналістыкі. Я хачу выказаць усім ім сваю салідарнасць і хачу запэўніць: «МЫ З ВАМІ!» Мы падтрымліваем вас у барацьбе з рэжымам Лукашэнкі! Па гэтай прычыне я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Людмілы Чэкінай, а таксама ўсіх іншых несправядліва зняволеных палітвязняў. Гэтыя несправядлівасць, гвалт і прыгнёт грамадзян Беларусі недапушчальныя».

Томас Хакер — дэпутат Бундэстага ад Свабоднай дэмакратычнай партыі і сябра Камітэта па справах Еўрапейскага саюза. Стаўшы “хросным” Ірыны Слаўнікавай, ён заявіў:

«Гэта бітва, у якой амаль немагчыма выйграць — і менавіта таму мужныя беларусы ўрэшце перамогуць. Бо свабода і дэмакратыя заўсёды мацнейшыя за дыктатуру! Рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ спрабуе замацаваць сваю ўладу. Амаль 900 палітвязняў зараз чакаюць паказальных судоў або ўжо былі асуджаныя. Сярод іх шмат блогераў, журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія проста паведамлялі пра заняпад сістэмы, адна з іх —  Ірына Слаўнікава. Яе мужнае выступленне за свабоду  —  гэта больш, чым натхненне, гэта заклік да нашай поўнай салідарнасці. Мы стаім разам з такімі мужнымі беларусамі, як Ірына Слаўнікава».

hanna-steinmuller_libereco.jpg

Ханна Штайнмюлер, дэпутатка нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных, стала “хроснай” Віктара Фянчука і патлумачыла:

«Кожны чалавек мае права свабодна выказваць сваё меркаванне, удзельнічаць у палітычным жыцці і выказваць палітычную крытыку. У Беларусі мірныя дэманстранты змагаюцца за свае ўніверсальныя правы чалавека. Замест таго, каб гарантаваць сваім грамадзянам гэтыя правы і наладжваць з імі дыялог, рэжым Беларусі робіць стаўку на жорсткі гвалт, паказальныя суды і драконаўскія пакаранні. Рэпрэсіі беларускай улады супраць дэмакратычнай апазіцыі, незалежных СМІ і няўрадавых арганізацый павінны спыніцца. Віктар Фянчук хацеў скарыстацца сваімі правамі і браў удзел у дэманстрацыі супраць улады. Са жніўня 2021 года ён утрымліваецца пад вартай беларускім урадам па палітычных матывах, бо агітаваў за адкрытую грамадзянскую супольнасць. Я асуджаю гэтую несправядлівасць і патрабую неадкладнага вызвалення Віктара Фянчука і ўсіх іншых палітвязняў. Універсальныя правы чалавека належаць усім людзям і не павінны быць абмежаваныя ніякім рэжымам».

Міхаэль Крузэ, дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Свабоднай дэмакратычнай партыі, пераняў "хроснае бацькоўства" Юрыя Кузьміча ад былога дэпутата Віланда Шыненбурга. Крузэ заявіў:

«Сітуацыя для людзей у Беларусі, якія выходзяць на вуліцы за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека, надзвычай пагоршылася за апошнія тыдні. Больш за 1000 чалавек цяпер у турме за сваю адданасць гэтым каштоўнасцям. Ім пагражаюць абвінавачанні і працяглыя тэрміны зняволення. Больш за 900 чалавек прызнаныя палітвязнямі, і іх колькасць расце з кожным днём. Гэтыя людзі маюць патрэбу ў нашай падтрымцы. Мы не мусім іх забываць. Тут кожны можа зрабіць свой унёсак. Я зрабіўся "хросным" Юрыя Кузьміча, таму што мяне турбуе ягоны лёс. Мае думкі з ім і яго сям’ёй. Тыя людзі, што выходзяць на вуліцы за свае правы, за свабоду і дэмакратыю, не злачынцы. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць Юрыя Кузьміча і ўсіх іншых палітвязьняў».

"Хросным бацькам" Ягора Марціновіча стаў дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных Андрэас Аўдрэч, які заявіў:

«Ягор Марціновіч знаходзіцца пад вартай разам з трыма іншымі калегамі з газеты «Наша Ніва» і ёсць падазрэнне, што над імі чыняць фізічны гвалт. Гэта сур'ёзнае парушэнне правоў Ягора Марціновіча і яго калег і наступ на свабоду прэсы ў Беларусі. Мы, парламентары і "хросныя бацькі" палітвязняў, заяўляем, што дзеянні Лукашэнкі не павінны застацца без наступстваў. Ягор Марціновіч, ягоныя калегі з рэдакцыі «Нашай Нівы» і ўсе палітвязні павінны быць вызваленыя. Мы салідарныя з імі і свабоднымі і дэмакратычна настроенымі грамадзянамі Беларусі!»

marcel_emmerich_westandbyyou.jpg

Марсэль Эмерых — дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Партыі зялёных. Ён стаў хросным Аляксандра Дайнэкі і кажа:

«Я цалкам салідарны з палітвязнямі ў Беларусі. Супрацьстаянне нелегітымнаму рэжыму і яго рэпрэсіям пад кіраўніцтвам дыктатара не з’яўляецца крымінальным злачынствам. Кожны чалавек, які выступае за дэмакратыю і свабоду прэсы, робіць вялікую паслугу сваёй краіне. Таму я вырашыў зрабіцца "хросным" зняволенага Аляксандра Дайнэкі. Ён працаваў на незалежным навінавым партале TUT.by, які быў заблакаваны. Разам са сваімі калегамі-актывістамі ён вельмі рызыкуе ў барацьбе за дэмакратыю, свабоду і сумленныя выбары. Я буду працягваць кампанію за вызваленне ўсіх палітвязняў і цвёрда стаяць на баку мужных людзей Беларусі. Наша поўная салідарнасць і падтрымка — беларускаму дэмакратычнаму руху».

fabien_fivaz-libereco.jpeg

Фаб’ен Фіваз, сябра Нацыянальнай рады Швейцарыі і Камісіі па палітыцы бяспекі, а таксама "хросны" Аляксея Губіча, заявіў:

«Я заклікаю беларускі рэжым неадкладна вызваліць Аляксея Губіча і ўсіх іншых палітвязняў. Губічу тэрмінова патрэбна медычная дапамога, у якой яму дагэтуль адмаўлялі ў турме. Грамадзяне Беларусі павінны мець магчымасць самастойна вырашаць будучыню сваёй краіны. Яны павінны мець магчымасць выказаць сваю палітычную волю і выйсці на вуліцы, калі гэта неабходна».

merle-spellerberg.jpg

"Хроснай" Ірыны Леўшынай стала Мерле Шпелерберг, дэпутатка нямецкага Бундэстага ад Партыі зялёных. Яна сказала:

«Абарона свабоды прэсы з’яўляецца адной з найбольшых дабротаў свабоднага грамадства. Зняволенне прадстаўнікоў СМІ — гэта непрымальнае парушэнне свабоды. Але перш за ўсё гэта прыкмета слабасці і страху тых, хто мае ўладу. Таму што вольнае слова мае моц весці людзей да ўсеагульнай свабоды. У знак салідарнасці з усімі палітвязнямі мы падтрымліваем Ірыну Леўшыну. Мы патрабуем яе неадкладнага вызвалення».

hubert-huppe-libereco.jpg

Дэпутат нямецкага Бундэстагу ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Хуберт Хюпэ стаў "хросным" Дзмітрыя Заломскага. Ён патлумачыў:

«Дзмітрый Заломскі мае парушэнне слыху і таму залежыць ад слыхавога апарата. Тым не менш, супрацоўнікі міліцыі знялі з яго слыхавы апарат пасля таго, як ён быў узяты пад варту ў залі суду. Каб пачуць і іншы бок, я папрасіў паінфармаваць мяне па гэтай сітуацыі амбасадара Беларусі ў Берліне. На вялікі жаль, я не атрымаў ад яго ніякага адказу цягам 21 дня. На гэтым тле я не бачу падстаў сумнявацца ў ацэнцы “Libereco”. Я захапляюся мужнасцю народу Беларусі ў справе адстойвання дэмакратыі і правоў чалавека. І я заклікаю прэзідэнта Беларусі неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку глуханямога Дзмітрыя Заломскага».


Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства