viasna on patreon

У Мінску - затрыманні, у Рэчыцы - новая крыміналка: хроніка пераследу за 15 снежня Дапоўнена

2021 2021-12-15T11:13:45+0300 2021-12-16T09:13:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pradkin.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца  і 15 снежня: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

 Жорсткае затрыманне ў Мінску

Раніцай у Мінску былі жорстка затрыманыя муж і жонка Алег і Таццяна Булько.

“Уварвалася 6 чалавек да маіх бацькоў у кватэру ў Малінаўцы. Забралі бацьку і маці. Бацьку папярэдне, паставіўшы да сцяны, моцна збілі. Дома засталася мая непаўнагадовая сястра 13 гадоў” – паведамілі сваякі праваабаронцам.

Таксама ў Мінску затрыманая Марына Ціхамірава. Падрабязнасцей пакуль няма.


У Мінску затрыманы Ігар Ярковіч. Дома ў яго дбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы па 361 артыкулу (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Знаходзіцца ў СІЗА КДБ.


Дабраліся і да "Яндэкса". Сілавікі затрымалі Вераніку Мароз, тэціроўшчыцу расійскай кампаніі.

На “пакаянным” відэа дзяўчына распавядае, што прымала ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у жніўні 2020 года. Ну і, па традыцыі, "была падпісаная на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы".


У Жлобіне затрыманая Надзея Шапававала. Яна працуе урача-стаматолагам у адной з мясцовых клінік. У праўладных чатах пішуць, што жанчына не выйдзе на волю яшчэ гады два.


2D-мастачку Галіну Семечка з кампаніі Vizor Games затрымалі за падпіскі на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы

У прапагандысцкіх тэлеграм-каналах учора з'явілася «пакаяльнае відэа» з Галінай, больш падрабязнай інфармацыі пра яе затрыманне пакуль няма, піша devby.


У Рэчыцы ўзбудзілі крымінальную справу за фотаздымак у нямецкай форме 10-гадовай даўніны

54-гадовага Уладзіміра Прадкіна вінавацяць па арт.130 КК РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці).

pradkin.jpg
Уладзімір Прадкін.

Па версіі следства, Прадкін размясціў на старонцы ў «ВК» фотаздымак сябе ў форме нямецкага афіцэра, які быў зроблены падчас здымкаў мастацкага фільма ў Расеі, пад Масквой. Апроч гэтага, мужчыне паставілі ў віну размяшчэнне ў «ВК» кнігі з мемуарамі нацысцкага генерала і каментары ў «Аднакласніках», дзе мужчына хваліць Гітлера.

Прадкіна затрымалі супрацоўнікі Гомельскага ГУБАЗіК 9 снежня, калі ён выходзіў са свайго падворку, і зладзілі ў яго хаце ў прысутнасці панятых ператрус. Па выніку – забралі тэлефон і ноўтбук, паведамляе "Гомельская Вясна".


Святлана Бараноўская пасля прысуду

Святлана Бараноўская і яе дачка Анастасія Альгерыска знаходзяцца на Акрэсціна

Стала вядома, што затрыманыя ўчорора ў Мінску Святлана Бараноўская і яе дачка Анастасія Альгерыска знаходзяцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Іх абвінавачваюць па арт. 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх.

Нагадаем, у кастрычніку Святлану асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП. Таксама жанчына павінна была выплаціць пацярпелым 6 000 рублёў кампенсацыі.


Палітвязня Дзмітрыя Абрамука змясцілі ў ШІЗА. На яго склалі адразу чатыры рапарты

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што палітзняволенага Дзмітрыя Абрамука  днямі змясцілі ў штрафны ізалятар, які знаходзіцца ў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкама. Суседзі па «хіміі» распавялі, што на Дзмітрыя склалі адразу чатыры рапарты за тое, што Дзмітрый адмовіўся ад прыбірання туалету, на ПГД быў з тэлефонам, за тумбачкай адміністрацыя нібыта знайшла волас пасля прыбірання і палічыла, быццам ён не прыбіраў зусім і за тое, што лаяўся матам. Сам Абрамук мяркуе, што правядзе ў ШІЗА мінімум 40 сутак.

Акрамя гэтага, па словах яго суседзяў, асабіста начальнік ПУАТ-9 папрасіў начальніка ІЧУ складаць рапарты на Абрамука за парушэнне правілаў парадку менавіта ў ІЧУ. Такая практыка робіцца, каб паспрабаваць узмацніць пакаранне для вязняў, як гэта было і з Ігарам Банцэрам.


Ксенія Мартуль

На 15 сутак арыштавалі выкладчыцу журфака БДУ Ксенію Мартуль. Пра гэта mediazona_by паведаміў муж Ксеніі.

Яе судзілі паводле артыкула аб распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Выкладчыцу затрымалі 14 снежня падчас пары.


Справу палітвязня Аляксандра Івуліна накіравалі ў суд. Пра гэта паведамляе Генпракуратура.

Аляксандру інкрымінаваныя «арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»

Згодна з матэрыяламі справы, палітвязень 23 жніўня і 27 верасня 2020 года з іншымі асобамі рухаўся па праезнай частцы праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Мінску, блакуючы рух транспарту.

Таксама ведамства паведамляе, што Івулін на хостынгу YouTube размяшчаў відэаролікі пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку ўлады і дыскрэдытаваць палітычнае і сацыяльнае становішча ў Беларусі.


Больш трох гадзін не выходзіў на сувязь пісьменнік з Магілёва Канстанцін Шанцаў.

Вядома, што ён вяртаўся з Бабруйска ў Магілёў прыкладна а 14: 40. За ім вялася сачэнне двума супрацоўнікамі міліцыі, паведамляе сведка. Пазней да іх пад'ехаў шэры Geely, да якога міліцыянты падышлі і перадалі інфармацыю.

Калі Канстанцін шанцаў сеў у маршрутку, супрацоўнікі бабруйскай міліцыі сфатаграфавалі нумар мікрааўтобуса.

З тых часоў сувязі з ім няма, у Магілёў ён не прыбыў. 

У Канстанціна дыягнаставана сур'ёзнае захворванне, пагрозлівае яго жыцця.

Пазней з'явілася інфармацыя, што Шанцава затрымлівалі супрацоўнікі МУС, зараз ён на волі.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства