Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 10 новых палітвязняў
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
15 снежня 2021 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Андрэй Тарановіч асуджаны судом Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўным сімвалам (парваў сцяг) да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Руслан Шыла асуджаны судом Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўным сімвалам (парваў сцяг) да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Сяргей Дубік узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 369 Крымінальнага кодэксу і па арт. 367 КК за абразу прадстаўніка ўлады і паклёп на Аляксандра Лукашэнку;
- Аліна Забаштанская ўзята пад варту па арт. 130 Крымінальнага кодэксу за каментары ў сацыяльных сетках у сувязі з перастрэлкай, падчас якой загінулі А.Зельцэр і супрацоўнік КДБ;
- Віталь Бойка асуджаны судом Жабінскага раёна Брэсцкай вобласці па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), 368 КК (Абраза прэзідэнта) да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
- Аляксандр Сяліцкі асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
- Аляксандр Пачкоўскі асуджаны судом Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі;
- Яўген Пак узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 368 Крымінальнага кодэксу за абразу Аляксандра Лукашэнкі;
- Аляксандр Касянчук асуджаны судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта) да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
- Аляксей Лой асуджаны судом Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці на 6 месяцаў “хатняй хіміі” за абразу сцяга (арт. 370 Крымінальнага кодэксу), у апеляцыйным парадку прысуд зменены на год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Андрэя Тарановіча, Руслана Шылу, Сяргея Дубіка, Аліну Забаштанскую, Віталя Бойку, Аляксандра Сяліцкага, Аляксандра Пачкоўскага, Яўгена Пака, Аляксандра Касянчука, Аляксея Лоя і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
"Прававая ініцыятыва";
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Lawtrend;
Human Constanta;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.