Палітвязня з інваліднасцю асудзілі да трох гадоў калоніі. Ён прынёс да дома міліцыянта рытуальны вянок
14 снежня 2021 года суд Дзяржынска і Дзяржынскага раёна прызнаў 40-гадовага палітзняволенага Андрэя Рунцо вінаватым паводле арт.364 і арт.389 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Канчатковы тэрмін вынесены шляхам частковага складання пакаранняў: 1,5 гады — паводле арт.364 КК і два гады — паводле арт.389 КК.
Таксама суддзя Раман Крыловіч абавязаў Рунцо выплаціць 1500 рублёў маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта Калкоўскага. Таксама палітзняволены абавязаны выплаціць 16 рублёў 48 капеек працэсуальных выдаткаў і 87 рублёў — дзяржпошліны.
Бок дзяржабвінавачання падтрымліваў намеснік пракурора Дзяржынскага раёна Аляксандр Кардзіс.
Першапачаткова Рунцо затрымалі ў межах ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу за тое, што прынёс да дома міліцыянта рытуальны вянок. Рэчдокі справы — два рытуальныя кошыкі — суддзя абавязаў знішчыць.
Андрэй Рунцо — грузчык, бацька дваіх дзяцей. Таксама ён мае інваліднасць трэцяй групы. У апошнім слове ён папрасіў прабачэння ў пацярпелых, суда і прысутных ў залі людзей, а таксама — не караць яго строга.