viasna on patreon

Жыхару Нясвіжа далі тры гады «хатняй хіміі» за абразу і пагрозы да міліцыянта, які не меў да яго прэтэнзій

2021 2021-12-15T16:17:11+0300 2021-12-15T16:25:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-nesvij.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Суд Нясвіжа і Нясвіжскага раёна разгледзеў справу мясцовага жыхара, якога абвінавацілі ў злачынстве паводле крымінальных артыкулаў 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Крупец, дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор Нясвіжскага раёна Галубовіч, інтарэсы абвінавачанага адстойвала адвакатка Таццяна Ярчынская.

Вядома, што абвінавачаны - 34-гадовы Дзмітрый Руткоўскі з Нясвіжа. Ён кіровец-міжнароднік, ніколі не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, жанаты, ёсць сямігадовая дачка.

Пацярпелым па справе праходзіў Валерый Траяноўскі, які на момант здзяйснення злачынства абвінавачаным быў начальнікам ААПП Нясвіжскага РАУС. Сведкам па справе праходзіў 23-гадовы Віталь Борыс - старшы оперупаўнаважаны наркакантролю Нясвіжскага РАУС.

Дзмітрыя Руткоўскага абвінавачваюць у тым, што ў красавіку гэтага года ў супольнасці «Свабодны Нясвіж» пад уліковым запісам «Карнік» ён размясціў нецэнзурную абразу ў адрас пацярпелага і выказаў у стаўленне яго пагрозу гвалту. Вядома, што гэты каментар выявіў не сам пацярпелы, а супрацоўнікі міліцыі, якія займаюцца падобнымі справамі.

Падчас суда абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Пацярпелага па справе на судовым пасяджэнні не было, але ён папрасіў суд разглядзець справу ў яго адсутнасць і перадаў, што да Дзмітрыя Руткоўскага прэтэнзій не мае.

Па артыкуле 364 КК пракурор запрасіў для падсуднага два гады «хатняй хіміі», па 369-й КК – яшчэ два гады абмежавання волі без накірунку ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Шляхам частковага складання -усяго тры гады «хатняй хіміі».

Прысуд па гэтай справе суд Нясвіжа і Нясвіжскага раёна абвясціў 13 снежня. У выніку Дзмітрыя Руткоўскага прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 364 («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і прысудзілі тры гады«хатняй хіміі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства