viasna on patreon

«Што значыць «карнік»? Гэта выпадкова не «каратель»? У Гомелі судзяць беларускамоўнага нафтавіка

2021 2021-12-15T18:58:16+0300 2021-12-16T11:56:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lapenas-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхаіл Лапенас.

Міхаіл Лапенас.

У судзе Навабеліцкага раёна Гомеля 15 снежня пачаўся суд над супрацоўнікам «Беларуснафты» Міхаілам Лапенасам за паведамленні і каментары ў чатах. Яго вінавацяць у ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 КК), а таксама за абразу прэзідэнта (арт. 369 КК).

Справу разглядае суддзя Аляксандр Зінчук, дзяржабвінаваўца – Наталля Капітонава.

Міхаіл Лапенас быў затрыманы 12 мая. Да суда ўтрымліваўся пад вартай у СІЗА №3.

З матэрыялаў справы вядома, што Лапенас, кіруючыся «матывамі палітычнай варожасці» заклікаў удзельнікаў чату да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, у адным з чатаў абразіў у чаце на той час кіраўніка МУС Юрыя Караева і прэзідэнта Беларусі.

Лапенас сваю віну ў судзе прызнаў часткова — пагадзіўся, што абразіў Караева і Лукашэнку, але ня згодны, што з’яўляўся арганізатарам масавых беспарадкаў.

У Гомелі судзяць праграміста і нафтавіка, якія нібыта дзейнічалі ў складзе групы, хаця паміж сабой незнаёмыя

Грышчанка – былы супрацоўнік ВА "Беларуснафта" з Гомеля. Быў затрыманы спачатку 14 траўня пасля ператрусу і змешчаны ў ізалятар, а 28 траўня затрымалі паўторна і перавялі ў гомельскі СІЗА. Разам з ім былі затрыманыя яшчэ некалькі працаўнікоў "Беларуснафты".

На пытанне суддзі, дзе працуе абвінавачаны, той  адказаў: «Да затрымання працаваў на „Беларуснафце“, ці звольнены, ня ведаю», - паведамляе Радыё Свабода.

«Я пісаў у закрытым чаце. Пісаў, каб пазбавіцца душэўнага болю. Бачыў, як на вуліцах Менску шлі практычна ваенныя дзеянні, глядзеў іншыя відэа, якія не пакінуць чалавека абыякавым. Так атрымалася, што абразіў Караева, але намеру абражаць яго не было. Ніякай мэты я ня меў. Проста так здымаў стрэс, і ўсё. Лукашэнку я абразіў не асабіста, а як такую абстрактную сілу. Я пісаў у чаце, але на гэтым усё, ніякіх дзеянняў я не рабіў», — тлумачыў на судзе Міхаіл.

Прадстаўніца пракуратуры працытавала некаторыя выказванні Міхаіла ў чаце. Напрыклад, ён прапаноўваў «захапіць АМАП і завалодаць іх вопраткай». «Гэты допіс я пакінуў пад уражаннем мастацкага фільму. Мне сорамна за свае словы, я раскайваюся. Гэта быў проста выбух эмоцый, глупства», — дадаў абвінавачаны.

Прадстаўніца пракуратуры цікавілася: «Чаму вы пакідалі допісы на беларускай мове?».

«Бо я свядома перайшоў на беларускую мову ў штодзённым жыцці», — адказаў Міхаіл.

«Вы і на працы на беларускай мове размаўлялі?», — удакладніла пракурорка і атрымала станоўчы адказ.

Суддзя, зачытваючы допісы Міхаіла ў чаце, пацікавіўся: «Што значыць «карнік»? Гэта выпадкова не «каратель»?

На суд выклікалі сведкам былога супрацоўніка «Беларуснафты», які і стварыў закрыты чат. Ён паведаміў, што чат быў створаны выключна для працоўных абмеркаванняў, але пасля выбараў ягоныя ўдзельнікі пачалі пісаць там «пра палітыку».

«Што канкрэтна пісалі ўдзельнікі чату? Хто быў ініцыятарам размоваў? Якую ацэнку навінам і падзеям даваў Міхаіл Лапенас? Ці заклікаў ён да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях?», — пыталася пракурорка сведку.

Сведка пацвердзіў, што Міхаіл заклікаў да ўдзелу ў акцыях, нават яго асабіста запрашаў, і што прапаноўваў ствараць страйкавы камітэт.

Судовае паседжанне працягнецца 16 снежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства