Маладзечанца, якога затрымалі ў Расіі і дэпартавалі ў Беларусь, асудзілі за патасоўку з амапаўцамі да трох гадоў калоніі
Суд Маладзечанскага раёна 15 снежня агучыў прысуд па крымінальнай справе па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў з прымяненнем гвалту) ў дачыненні да Сяргея Непагоды, якога затрымалі ў Расіі і дэпартавалі ў Беларусь. Суддзя Вадзім Петрусевіч асудзіў маладзенчанца да трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Сяргей Непагода — трэці асуджаны фігурант справы за патасоўку з сілавікамі 19 чэрвеня мінулага году ў Маладзечне пасля акцыі салідарнасці, калі пратэстоўцы адбівалі затрыманага, а амапавец дастаў пісталет. Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева асудзілі да 3 гадоў калоніі яшчэ напрыканцы верасня. Сяргей Непагода быў прызнаны падазраваным, але з'ехаў за мяжу і ў судзе не ўдзельнічаў. Яго затрымалі 17 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу, змясцілі ў расійскае СІЗА на паўгода, а калі скончыўся тэрмін утрымання пад вартай, то па прычыне парушэння міграцыйнага рэжыму выправадзілі ў Беларусь. Тут яго змясцілі пад варту на падставе ўзбуджанай супраць яго крымінальнай справы.
Што адбылося 19 чэрвеня мінулага года ў Маладзечне і як асудзілі затрыманых?
Тады, у апошні дзень пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, у многіх гарадах Беларусі прайшлі акцыі салідарнасці з альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Такая акцыя (Ланцуг салідарнасці) прайшла і ў Маладзечне. Каля дзесяці гадзін вечара на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Вялікі Гасцінец да пратэстуючых маладзечанцаў пад'ехаў мікрааўтобус з мінскімі амапаўцамі. Сілавікі затрымалі аднаго з удзельнікаў акцыі — Мікалая Алейніка. Некалькі чалавек падбеглі да міліцыянтаў, завязалася бойка і сілавікі з'ехалі. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо на адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з амапаўцаў апынуўся пісталет.
Тады прадстаўніца МУС Вольга Чамаданава пракаментавала гэты інцыдэнт:
"Гэта баявы пісталет. Але зброю не выкарыстоўвалі і не збіраліся. Было так: падчас затрымання і валтузні кабура расшпілілася, пісталет выслізнуў з яе, амапавец яго падхапіў і адразу вярнуў назад".
За патасоўку амапаўцаў і пратэстоўцаў суддзя Вікторыя Паляшчук асудзіла 29 верасня двух маладзечанцаў — Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева — да 3 гадоў і 3 месяцаў і трох гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Яны ўжо адбываюць тэрміны ў калоніях і прызнаныя праваабаронцамі палітвязнямі.
Двух маладзечанцаў пазбавілі волі на тры гады за патасоўку, падчас якой амапавец дастаў пісталет
Як затрымалі Сяргея Непагоду?
41-гадовага маладзечанца Сяргея Непагоду затрымалі 17 сакавіка гэтага году ў інтэрнаце ў пасёлку Металабуд на ўскраіне Пецярбурга, дзе жыў беларус. МУС Беларусі сцвярджаў, што маладзечанец з'ехаў у Расію летам мінулага года, каб схавацца ад крымінальнага пераследу "пасля групавога нападу на АМАП".
Сяргея паўгода трымалі ў адным з СІЗА Санкт-Пецярбургу. 16 верасня ён павінен быў выйсці на свабоду, бо скончыўся тэрмін яго ўтрымання пад вартай. Але ў гэты ж дзень ён быў паўторна затрыманы за парушэнне міграцыйнага рэжыму (арт. 18.8 КаАП РФ). 18 верасня Колпінскі суд прыняў рашэнне аб яго прымусовым выправаджэнні ў Беларусь. 17 кастрычніка яго даставілі ў Беларусь менавіта па адміністрацыйным артыкуле, а не па запыце беларускіх сілавікоў.
У Беларусі яго змясцілі ў СІЗА на падставе ўзбуджанай супраць яго крымінальнай справы па ч. 2 арт. 363 КК (супраціў з прымяненнем гвалту).
Чым усё скончылася?
Пацярпелымі на судзе над Пясковым і Еўсцігнеева выступілі супрацоўнікі АМАПа Мінаблвыканкама Вячаслаў Якавенка і Яўген Баранаў (камандзір атрада). З-за атрыманых падчас патасоўкі пашкоджанняў — некалькі драпін на руцэ і калене — амапаўцы не страцілі працаздольнасць і не знаходзіліся на лячэнні.
Памочніца пракурора Юлія Жук, якая выступала дзяржабвінаваўцаў па справе супраць адзінаборца Аляксея Кудзіна, запрасіла ў суда пакаранне для Непагоды ў выглядзе трох гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне і прызначыў суддзя Вадзім Петрусевіч. Акрамя гэтага, суд пастанавіў выплаціць пацярпеламу амапаўцу 2500 рублёў маральнай шкоды.