viasna on patreon

"Лёша — сумленны чалавек, але сядзіць у турме. Прымаць гэта кожны дзень невыносна", — блізкія пра палітвязня Аляксея Забірана

2021 2021-12-16T13:48:58+0300 2021-12-16T13:50:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zabiran_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Забіран

Аляксей Забіран

Аляксею Забірану 32 гады. Ён нарадзіўся ў Казахстане, але прыкладна 8 гадоў таму вярнуўся на этнічную радзіму — у Беларусь. З'яўляючыся гісторыкам паводле адукацыі, знайсці падыходзячую працу па спецыяльнасці з дыпломам з Казахстана хлопцу аказалася няпроста. Ён уладкаваўся на працоўную пасаду ў "Гродна-Азот" і жыў у інтэрнаце, які яму вылучыла прадпрыемства. Аляксея затрымалі сёлета 4 лістапада. Усё, што ён паспеў сказаць, калі яму далі магчымасць патэлефанаваць, — "мяне затрымалі за каментар"

"Мы тэлефанавалі ў ІЧУ, а нам казалі, што мы перашкаджаем працаваць"

З самых блізкіх сваякоў у Беларусі ў Аляксея родная сястра і маці — яны  жывуць паасобку. Маму Аляксея ад інфармацыі пра затрыманне сына ахоўвалі да апошняга. Спадзяваліся, што ўсё абыйдзецца і яго хутка адпусцяць. Але на наступны дзень жанчыне патэлефанавалі з працы сына і сказалі, што яго няма на працоўным месцы. Тэлефон Аляксея заставаўся ўключаным і дасяжным, але слухаўку ніхто не здымаў…

Як менавіта адбылося затрыманне Аляксея, ягоныя блізкія і сябры могуць толькі здагадвацца. Родныя мяркуюць, што да яго дадому прыйшлі з ператрусам — у ягоным пакоі ў інтэрнаце беспарадак, вячэра засталася недаедзенай. З пакоя знік ноўтбук, сцяг, календар і адзенне Аляксея.

Пра ягоны стан, а таксама пра падрабязнасці справы родным амаль нічога невядома. Калі яны тэлефанавалі ў ІЧУ, каб даведацца пра Лёшу хоць штосьці, на тым канцы дрота абыякава адказвалі: "Вы перашкаджаеце працаваць".

Праз некалькі дзён пасля затрымання родныя ўсё яшчэ спадзяваліся, што Аляксея вось-вось адпусцяць, але цуду не здарылася — на волю хлопец так і не выйшаў. Пазней з сям'ёй звязаўся следчы і паведаміў, што Аляксею інкрымінуюць два артыкулы — адміністрацыйны і крымінальны. Гаворка пра артыкулы 369 КК РБ  — "Абраза прадстаўніка ўлады" і 19.11 КаАП РБ "Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць".

Пра які менавіта каментар ідзе гаворка, родныя не ведаюць. Гэтак жа, як і не ведаюць пра тое, каго і дзе ён абразіў. Разумелі толькі, што павінен адбыцца нейкі суд, пасля якога шмат што высветліцца. 

Суд па адміністрацыйнай справе Аляксея Забірана паводле арт. 19.11 КаАП РБ ужо адбыўся. Родныя пра гэта даведаліся постфактум. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і пастанавіў аплаціць штраф у памеры 25 базавых велічыняў. Ніякіх дакументаў пра той працэс родным Аляксея на рукі не далі.

Алексей Забиран
Аляксей Забіран

"Наймайце адваката, ён вам спатрэбіцца"

Нейкі час Аляксей знаходзіўся ў ІЧУ. Але калі маці маладога чалавека прыехала туды з перадачай для сына, ёй растлумачылі, што шмат рэчаў яму не спатрэбіцца — ягоны тэрмін затрымання сканчаецца. Жанчына спадзявалася, што хутка сына адпусцяць, але яго перавялі ў СІЗА ў межах крымінальнай справы аб абразе прадстаўніка ўлады. 

А потым ягоным родным патэлефанаваў следчы і сказаў: "Наймайце адваката, ён вам спатрэбіцца".

Нават праз месяц пасля затрымання родныя не ў стане казаць пра тое, што здарылася, спакойна. Пры згадванні пра Аляксея на вачах у іх адразу наварочваюцца слёзы. Сябрам і калегам яго таксама вельмі не хапае.

Паводле іх аповядаў, ён спакойны і адкрыты чалавек са сталымі поглядамі на жыццё. Выдатны сябар, брат і сын. Аляксей добра малюе, любіць катоў і хутка вучыць новыя мовы. 

"У Казахстане вольна размаўляў на казахскай, выдатна ведае англійскую. Потым знайшоў у родзе грэцкія карані — вывучыў грэцкую. А калі вярнуўся ў Беларусь — загаварыў і на беларускай. Людзям, якія звярталіся да яго на мове, заўсёды на ёй жа і адказваў, — распавядаюць пра Аляксея сябры і блізкія. — Успрымаць абыякава падзеі, што адбываліся ў краіне, ён не мог. Заўсёды перажываў за сумленнасць і справядлівасць. Пасля выбараў нават набіў на запясце татуіроўку з выявай "Пагоні". Свайго стаўлення да падзеяў у краіне Аляксей не хаваў".

Набраўшыся сіл, родныя жартуюць:

"Ён нават адтуль сябе выявіў. У сваім першым лісце, які ішоў 10 дзён, прасіў прабачэння ў мамы за тое, што ёй даводзіцца праз яго перажываць, і папрасіў звязацца з дзяўчынай, з якой меўся сустрэцца, але не з'явіўся на сустрэчу. Яго ж затрымалі! Напісаў: "Перадайце, што я гэта не наўмысна. Не хачу, каб яна падумала, што я яе праігнараваў. Калі ласка, хай не крыўдуе". Вось у гэтым увесь Аляксей — брутальны і сур'ёзны вонкава і вельмі тонкі і прыстойны ў душы". 

Цяпер Аляксей знаходзіцца ў СІЗА. Родныя кажуць: "Мяркуючы па тым, што мы ведаем, там да зняволеных ставяцца лаяльна. Умовы ў СІЗА лепшыя, чым у ІЧУ. Адвакат распавядаў, што ў іх першую сустрэчу Аляксей быў паніклым, але цяпер трымаецца. Ягонае слабое месца — зрок. Ён носіць акуляры. Але, мяркуючы па тым, што ён у стане пісаць лісты, думаем, акуляры ў яго не адбіралі".

Алексей Забиран
Аляксей Забіран

На працы Аляксей пакуль лічыцца. Прынамсі, афіцыйна яго ніхто не звальняў. Але сябры і родныя разумеюць: гэта можа адбыцца ў любы момант. Вядома, што да свайго затрымання Аляксей уступіў у незалежны прафсаюз. 

Пад вартай Аляксей Забіран знаходзіцца ўжо больш за месяц. Праваабарончая супольнасць прызнала яго палітычным зняволеным

"Мы ведаем, як і чаму гэта ўсё адбываецца. Падобныя гісторыі ў краіне здараюцца штодня. Але прымаць гэта ўсё, калі за кратамі твой самы блізкі чалавек, невыносна, — кажуць родныя і блізкія Аляксея. — Мы разумеем, што апраўдальнага прысуду наўрад ці дачакаемся — па артыкуле 369 сёння не апраўдваюць. Застаецца толькі варажыць, будзе "хатняя хімія" ці "хімія з накіраваннем", і чакаць нашага Лёшу".

Вы можаце падтрымаць Аляксея, напісаўшы яму ліст:

Гродна, вул. Кірава 1, СТ-1. 230023

Забіран Аляксей Юр'евіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства