Абвінавачанне запрасіла для блогера Vadimati тры гады калоніі
У судзе Шчучынскага раёна 17 снежня працягваецца працэс па крымінальнай справе палітзняволенага Вадзіма Ермашука (блогер Vadimati). Яго абвінавачваюць ў абразе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК) і абразе прэзідэнта (арт. 368 КК).
Працэс вядзе суддзя Дзмітрый Ціунчык.
Гарадзенца Вадзіма Ермашука, вядомага як блогер Vadimati, затрымалі 16 жніўня гэтага года ў Шчучыне, куды ён паехаў здымаць ролік. На наступны дзень у яго дома прайшоў агляд, і яго асудзілі на 25 сутак арышту па арт. 24.23 КаАП — нібыта за заклікі ўдзелу ў масавым мерапрыемстве. Затым яго асудзілі яшчэ на 15 сутак.
17 верасня стала вядома, што на блогера ўзбудзілі дзве крымінальныя справы: па арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта» і арт. 370 КК «Здзек з дзяржаўных сімвалаў».
24 верасня Ермашука змясцілі пад варту.
Сёння ў судзе Шчучынскага раёну адбыліся спрэчкі бакоў. Раней блогер адмовіўся даваць паказанні і адказваць на пытанні суддзі.
Сваю віну ён не прызнаў.
Vadimati абвінавачваюць у «абразе дзяржаўных сімвалаў» і «абразе прэзідэнта». У жніўні і верасні мінулага году хлопец выкладаў у сваім Instagram сторыз, падпісваючы ў ім Лукашэнку «нелегітымным». Гэта, на думку абвінавачвання, можна разглядаць як абразу.
На судзе Вадзім трымаецца бадзёра. За кратамі пачаў маляваць коміксы.
Дзяржабвінаваўца запытаў для Вадзіма Ермашука (Vadimati) 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Прысуд будзе агучаны ва аўторак, 21 снежня.