viasna on patreon

Хроніка пераследу ў Беларусі за 16-17 снежня

2021 2021-12-17T20:38:02+0300 2021-12-17T20:54:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kahanchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Анатоль Каханчык

Анатоль Каханчык

Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца і 16-17 снежня: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супраць блогера Андрэя Павука распачалі крымінальную справу

«У адным з відэаролікаў на хостынгу YouTube падазраваны, які знаходзіцца на тэрыторыі Літвы, публічна абразіў работніка пракуратуры горада Мінска. Супрацьпраўныя дзеянні кваліфікаваны па арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — паведаміла пракуратура 16 снежня.

Ператрусы 16 снежня

16 снежня ў заснавальніка «Кінашколы» Андрэя Палупанава прайшоў ператрус. Пра гэта паведамілі яго суседзі. 

У Мастах на працы затрымалі Галіну Цярэнцьеву — выкладчыцу сальфеджыа і музычнай літаратуры мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў Затрыманне адбылося раніцай. Па словах самой Галіны, яе затрымалі за «фота ў фэйсбуку».

Таксама "Медыязоне" стала вядома ад кіраўніцы прэс-службы «Сходу» Ганны Краўчанка, што КДБ праводзіць ператрусы ў дэлегатаў платформы «Сход». Вядома пра вобшукі ў пяці дэлегатаў, яшчэ трое не выходзяць на сувязь, а яшчэ ад двух пачалі прыходзіць паведамленні аб намерах выйсці з арганізацыі, бо яна стала «вельмі таксічнай і бескарыснай для грамадства».

«Аднаго [дэлегата] ужо адпусцілі пад падпіску аб невыдаванні і з рашэннем выйсці з «Сходу», – распавяла Ганна Краўчанка.

Вядома, што сярод тых, у каго адбыўся ператрус, — Наталля Абрашына-Жадаева.

Нагадаем, учора ўлады прызналі платформу «Сход» «экстрэмісцкім фармаваннем».

Брат загінулага палітвязня Вітольда Ашурка быў вымушаны з'ехаць з Беларусі праз пагрозу пераследу

Нагадаем, на днях стала вядома, што пракуратура распачала крымінальную справу за скандаванне «Ганьба» пасля абвяшчэння прысуду Вітольду Ашурку. Падазраваным пагражае да 6 гадоў калоніі.

«Тут нават не ідзе размова аб нашай сям'і і тых, хто быў на судзе. Гаворка — пра ўсю грамадзянскую супольнасць. Гэта чарговы віток рэпрэсій. Маме, вядома, цяжка. Яна не супакоілася і не супакоіцца пасля смерці Вітольда. Мой выезд не планаваўся, яна даведалася пра яго ў апошні момант — сказала: "Едзь, сынок, застанешся хаця б ты"», — распавёў Андрэй Ашурак

Гаспадару бел-чырвона-белай хаты пагражаюць крымінальнай справай, калі ён не перафарбуе яе

Год таму жыхар Полацка Анатоль Каханчык пафарбаваў бацькоўскую хату ў вёсцы Алёшча Полацкага раёну ў нацыянальныя колеры: намаляваў на сценак дзве белыя і чырвоную палосы, а ў акне павесіў Пагоню.

Праз пэўны час яго асудзілі за гэта як за правядзенне несанкцыянаванага пікету, а цяпер пагражаюць крымінальнай справай як за нібыта злоснае хуліганства.

— Мяне выклікалі, калі я сядзеў, да следчага. Следчы паказаў мне стос папер, сказаў, што рыхтуецца супраць мяне крымінальная справа за злоснае хулігантсва, калі я не перафарбую сваю хату. Я сказаў, што ледзь толькі вы распачнеце крымінальную справу або адміністратыўную, я ў той самы дзень і ў тую самую гадзіну пішу заяву на сухую галадоўку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства