Павел Сапелка: "Артыкул 193-1 КК — яшчэ адзін інструмент для парушэння правоў і свабод у руках дзяржавы"
21 снежня беларускія дэпутаты ў двух чытаннях прынялі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за ўдзел у ліквідаваных арганізацыях: палітычных партыях, грамадскіх і рэлігійных аб'яднаннях, фондах. Ініцыятыву пракаментаваў юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка:
«"Народныя абраннікі" вяртаюць крымінальную адказнасць за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду або ўдзел у іх дзейнасці. Пад гэтым у законапраекце разумеецца арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду, у дачыненні да якіх ёсць рашэнне аб іх ліквідацыі ці якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. Такім чынам, выключаны з КК артыкул 193-1 вяртаецца праз два гады — у разгар рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці, ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў і іншых НДА
Артыкул 193-1 у папярэдняй рэдакцыі, якая мала адрозніваецца ад цяперашняга праекта, была прадметам абмеркавання Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз правы (Венецыянская камісія). На думку Венецыянскай камісіі, вызначэнне артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэкса пакарання за дзеянні, звязаныя з арганізацыяй або кіраўніцтвам аб'яднаннем на той падставе, што яно не прайшло дзяржаўную рэгістрацыю, не адпавядае строгім крытэрам, прадугледжаным артыкуламі 22 і 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
"Гэта робіць дзейнасць незарэгістраваных аб'яднанняў па сутнасці немагчымай і, такім чынам, па сутнасці абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый. Увядзенне крымінальнай адказнасці паводле палажэнняў артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса за законную сацыяльную мабілізацыю ў мэтах свабоды асацыяцый і сацыяльнага пратэсту, або крытыкі палітычнай улады, у выглядзе штрафу ці зняволення, несумяшчальнае з дэмакратычным грамадствам, у якім людзі маюць права выказваць сваё меркаванне як індывідуальна, гэтак і супольна з іншымі".
Яшчэ дзесяць гадоў таму эксперты адзначылі, што прыняцце артыкула 193-1 можа служыць мэтай крыміналізацыі сацыяльнага пратэсту і легалізаваць рэакцыю ўрада на сацыяльныя хваляванні. Адвольнае выкарыстанне цяперашняй прававой базы дзеля крыміналізацыі высілкаў грамадзянскай супольнасці ў спробе аказаць уплыў на свае ўласныя ўмовы і будучыню з'яўляецца непрымальным з пункту гледжання дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека.
Што такое артыкул 193-1 КК у цяперашніх умовах? Гэта яшчэ адзін інструмент у руках дзяржавы для парушэння правоў і свабод. Няхай там не такое жорсткае пакаранне, як па некаторых "пратэсных" складах, але і самога факту крыміналізацыі правамерных дзеянняў дастаткова, каб з'явілася яшчэ адна нагода адвольна затрымліваць, абшукваць і дапытваць сябраў і валанцёраў ліквідаваных ці незарэгістраваных асацыяцый. Да таго ж практыка паказвае, што арт.193-1 хоць і адносіцца да злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, але пакараннем па ім часта было менавіта пазбаўленне волі, прычым па справе "Партнёрства" ў 2006 годзе — аж да максімальнага тэрміна. Разважаць, як будзе ўжывацца "193-1 2.0", хутчэй за ўсё, доўга не давядзецца: практыка можа з'явіцца адразу пасля падпісання і ўступлення закона ў сілу».