viasna on patreon

Два гады «хіміі» за каментар «на кол». Яшчэ аднаго беларуса судзілі за абразу міліцыянта Вольніча

2021 2021-12-23T17:39:36+0300 2024-05-27T10:34:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-rechica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 снежня суд Рагачоўскага раёна вынес вырак па крымінальнай справе аб абразе прадстаўніка ўлады

Судзілі мясцовага жыхара Аляксандра Кардонскага. Судовае пасяджэнне ўзначальвала суддзя Ірына Прадун. Дзяржабвінаваўца - Папоў.

Вядома, што Аляксандру 33 гады, ён працуе вадзіцелем-экспедытарам у прыватнай фірме, мае двух дзяцей і вельмі добрыя характарыстыкі.

Справа, па якой асудзілі мужчыну, была распачатая ў Віцебску яшчэ у 2020-м годзе за абразу міліцыянта Вольніча, але потым яе перадалі ў Рагачоўскі РОСК.

У кастрычніку мінулага года пад відэа пра разгон мірнай акцыі, якое у сваім пасце ў Аднакласніках размясціла Вольга Карач, Аляксандр пакінуў каментар «на кол». Усяго пад тым пастом людзі напісалі 1870 негатыўных каментароў пра дзеянні міліцыянта Вольніча. І гэта ўжо далёка не першая справа, па якой ён праходзіць пацярпелым.

Каментар Аляксандра Кардонскага адправілі на лінгвістычную экспертызу. Па яе выніках высветлілася, што ў ім «няма элементаў агрэсіі і закліку да гвалту». Падчас суда абвінавачаны сказаў, што той свой каментар ён напісаў на эмоцыях.

Пацярпелага міліцыянта Вольніча падчас суда апыталі па скайпе. Пра тое відэа і пра свае дзеянні на ім ён сказаў так: «Я выконваў загад. Быў несанкцыянаваны мітынг, і нам загадалі яго разагнаць».

Вольніч дадаў, што каментар Аляксандра Кардонскага прычыніў яму «крыўду, сорам, горыч, абурэнне». У выніку, па словах міліцыянта, яму нават прыйшлося звярнуцца па дапамогу да псіхолага. Пацярпелы заявіў, што ў якасці маральнай кампенсацыі за абразу ён патрабуе 1500 рублёў.

Дзяржабвінаваўца палічыў што ў адносінах да Вольніча было здзейснена злачынства «выяўленае ва ўзбуджэнні палітычнай варожасці». У пасяджэнні быў аб'яўлены невялікі перапынак, пасля чаго прысуд абвінавачанаму вынеслі на выязным пасяджэнні суда ў будынку РАУСа.

Аляксандра прызналі вінным ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады» і прысудзілі два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства