viasna on patreon

Удалечыні ад дзяцей і мужа. Як жыве ў калоніі Антаніна Канавалава Аўдыё

2021 2021-12-23T19:45:46+0300 2021-12-23T19:49:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/plakat_kanavalava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволеная Антаніна Канавалава знаходзіцца ў гомельскай калоніі, а ейны муж — у ваўкавыскай. Іх дзеці больш за год не бачылі бацькоў. Пра калонію і дарогу туды, а таксама пра жыццё дзяцей і ўнукаў “Вясне” распавяла маці Антаніны Ганна.

konovalova_new.jpg
Антаніна Канавалава

Падчас кампаніі па прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Антаніна Канавалава была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Антаніну затрымалі 6 верасня 2020 года, крыху пазней, 2 кастрычніка, і ейнага мужа — Сяргея Ярашэвіча. Абое знаходзіліся ў мінскім СІЗА-1, абаіх судзілі разам: па так званай справе тэлеграм-канала "Армия с народом" 7 траўня 2021 года мужу і жонцы далі па пяць з паловай гадоў калоніі. А далей — перамяшчэнні пад канвоем. У Антаніны іх было два.

Дарога ў калонію

Судовае пасяджэнне па абскарджванні прысуду Антаніны Канавалавай было запланаванае на 30 ліпеня 2021 года. Аднак 26 ліпеня Антаніну з СІЗА-1 забралі на этап. Таму суд прайшоў без ейнага ўдзелу.

"Калі быў першы этап, усе рэчы, якія яна сабрала ў калонію, засталіся ў СІЗА, — распавядае мама Антаніны Ганна. — Гэтыя рэчы не былі здадзеныя на склад, паколькі дачцэ паабяцалі: рэчы з сабой не бярыце, яны паедуць за вамі. Але ў выніку ўсё знікла. Потым Тоня пісала скаргу [на гэта]. І муж [бацька Антаніны — заўв.] прыходзіў адзін у СІЗА на Валадарку, і яму сказалі: на складзе ейных рэчаў няма, яна нічога не здавала — усё павезла з сабой. Гэта значыць [нам давялося] яе нанава збіралі другі раз. Таму яна прыехала без рэчаў з Мінска ў Гомель, і без рэчаў яна з'ехала ў калонію".

З Мінска ў Гомель Антаніна ехала трое сутак. Яшчэ ў СІЗА-1, як кажа Ганна, Антаніна заразілася COVID-19:

"І яе з ковідам адправілі на этап. Іх 15 чалавек загрузілі ў вагон, у памяшканне з металічнымі адсекамі [Ганна называе іх "зэкаўскімі і сталыпінскімі" — заўв.]. Першыя суткі іх не вадзілі нават у прыбіральню. А там была спякота — і гэты вагон, як кансервавая бляшанка, награваўся [у той дзень, паводле метэапаказчыкаў, тэмпература даходзіла да 29 градусаў — заўв.]. Хоць адлегласць ад Мінска да Гомеля можна пераадолець прыкладна за 5 гадзін — то бок яны галоўным чынам стаялі, а не ехалі. Без вады, без ежы, без сну. І яны прыехалі ў Гомель 29 ліпеня. Гэта значыць з 26-га па 29-е Тоня ехала ў Гомель".

Антаніну адправілі спачатку ў гомельскі СІЗА-3, а адтуль 22 жніўня этапавалі ў папраўчую калонію №4 горада Гомеля.

"Якраз на дзень народзінаў свайго сына", — адзначае Ганна.

У Антаніны Канавалавай і Сяргея Ярашэвіча двое дзяцей: Насці цяпер пяць гадоў, а Ваню сем гадоў споўнілася 22 жніўня. У той дзень Насця павіншавала свайго брата з днём народзінаў падчас акцыі салідарнасці ў Варшаве — туды Ганна разам з унукамі вырашылі пераехаць пасля крымінальнага пераследу Антаніны.

 Жыццё і праца ў калоніі

"Турэмны абутак там немагчымы, як прэсаваны кардон", — Ганна пераказвае ўражанні сваёй дачкі. У такіх чаравіках ейныя ногі моцна мерзлі (нягледзячы на лета) і ацякалі.

Прывезеныя з сабой у калонію рэчы ў Антаніны забралі, а наўзамен выдалі "турэмнае" адзенне, сярод якога:

"Ружовая сукенка ў белыя кветачкі ці лісточкі. Спадніца і пінжак балотнага колеру. Потым дадалі фуфайку. Акрамя гэтага, яна ходзіць з жоўтай біркай — як схільная да экстрэмізму", — кажа Ганна.

Спярша Антаніну паставілі працаваць швачкай.

"Але ў яе дрэнны зрок, які, відаць, яшчэ пацярпеў з моманту Акрэсціна, проста бяда, — кажа Ганна. — Бацька Тоні праз ДВН [Дэпартамент выканання пакаранняў — заўв.], праз начальніка калоніі падаваў усе дакументы, што чалавек дрэнна бачыць. Як чалавек можа быць швачкай, калі не трапляе ніткай у іголку? Потым Тоню перавялі са швейнага цэха — цяпер яна прасуе. Але там таксама не ўсё ў парадку. Яны прасуюць з воцатам, ідуць пары. Збіраем далей дакументы, каб паказаць яе дактарам, каб, магчыма, нейкі сабраць МРЭК [медыка-рэабілітацыйная экспертная камісія — заўв.], таму што ўсё вельмі сумна".

Бацька Антаніны застаўся ў Беларусі, каб дапамагаць дачцэ "на месцы". Ён змог атрымаць працяглае спатканне — аднак яно аказалася не такім доўгім. Прычына ў тым, што Антаніна — "палітычная", мяркуе Ганна:

"Належыць [спатканне] трое сутак, але "палітычным" толькі адны суткі. Належыць 5 кг з сабой забраць прадуктаў, але палітычным не належыць нічога. З жоўтымі біркамі яны не могуць збірацца разам, не могуць абняцца, размаўляць адно з адным — усё гэта строга забаронена. Нельга дзяліцца ні з кім — яблыкам, цукеркай, цыгарэтай. У бібліятэцы "палітычным" не ўсе кнігі выдаюць. Працуюць з імі ідэолагі, выклікаюць на гутаркі, схіляюць да таго, што трэба падпісваць прашэнне".

Муж Сяргей Ярашэвіч

Муж Антаніны Сяргей (таксама палітвязень) знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 11, у Ваўкавыску. У яго строгі рэжым (у той час як у жонкі — агульны). Таму Сяргей не змог дамагчыся таго, каб перапісвацца з жонкай: на гэта павінен быць адмысловы дазвол, але яго не даюць.

У бацькоў Антаніны перапісвацца з зяцем атрымоўваецца, але перадаваць перадачы — не.

"Мы не лічымся сваякамі, — падсумоўвае Ганна. — Выходзіць, што бацька жонкі Сяргея не можа перадаваць яму перадачы: для таго, каб зняволенаму перадаваў цесць, трэба адмысловы дазвол — але яго не даюць".

З блізкіх крэўных сваякоў у Сяргея, як адзначае Ганна, ёсць толькі ягоны бацька. Але той падтрымлівае яго мала.

З кароткіх лістоў Сяргея зрабілася вядома, што і ягоны зрок у калоніі падае. Сяргей піша, што ў яго "ўсё добра", і пытаецца пра дзяцей.

"Дзеці — гэта балючае месца для абаіх, асабліва для Тоні. Яна вельмі перажывае, што шмат прапусціць і ўжо прапусціла. Гэта самае [вялікае] пакаранне — не бачыць дзяцей", — з сумам кажа Ганна.

Вялікая сям'я…

Ганна разам з унукамі Насцяй і Ванем актыўна ўдзельнічае ў акцыях салідарнасці з рэпрэсаванымі беларусамі ў Варшаве. У руках яна трымае плакат з надпісам: “11 гадоў на дваіх [сукупны тэрмін Антаніны і Сяргея — заўв.] — як патлумачыць дзецям, чаму сядзяць іх бацькі?”

Анна, мать Антонины Коноваловой
Ганна, маці Антаніны Канавалавай

"Мы ўсюды крычым, што дзеці растуць без бацькоў. Мне Ваню штораз цяжэй і цяжэй тлумачыць. З 31 жніўня пайшоў другі год, як дзеці не бачылі маму.

На гэты момант яны разумеюць сітуацыю так, як можна разумець гэта дзіцячым розумам. Яны разумеюць, што мама і тата ў турме, што мама і тата героі, што мы ідзём да беларусаў, таму што ўсе павінны ведаць, што таракан трымае маму і тату..."

Ганна ўзгадвае свой дыялог з Ванем, калі Тоні і Сяргею вынеслі прысуд. Хоць Ваню непасрэдна пра гэта не казалі — але хлопчык, магчыма, пачуўшы гутарку бабулі па тэлефоне, сам задаў гэтае пытанне:

"Бабуля, а пяць гадоў — гэта колькі?"

"Ванюша, гэта шмат".

"А гэта колькі дзён?"

"Ванюша, гэта вельмі шмат дзён".

"Ну навооошта?!"

Ваня, сын Антонины Коноваловой
Ваня, сын Антаніны Канавалавай

"Без мамы яны сумуюць. Ніхто не заменіць маму, — дзеліцца сваімі перажываннямі Ганна. — Напрыклад, увечары Ваня кажа: “Бабуля, пагладзь мяне”. Я яго пагладжу — а ён кажа: “Не, ты пагладзь мяне, як мама”. Цяжка, канечне..."

А яшчэ ў сям'і Канавалавых ёсць сабака Кэндзі, які таксама сумуе па дзецях. Пра сваю сустрэчу з Кэндзі Ганна распавяла ў падкасце "Вясна прыйдзе" (выпуск пра хатніх жывёл, якія сталі сведкамі рэпрэсій):

"Калі я знайшла шчанюка — я падышла да ўсіх сваіх: “Давайце возьмем шчанятку”, і ўсе мне сказалі: “Так”. Мы паехалі глядзець гэтага шчанятку ўсёй сям'ёй: я з мужам, Тоня з мужам і двое дзяцей. І гаспадары кажуць: “Да нас ніколі не прыязджалі столькі чалавек [адразу], каб глядзець шчанятку”.

Падтрымаеце палітзняволеных жонку і мужа лістамі салідарнасці!

Адрас для лістоў:

Антаніне Сяргееўне Канавалавай: ПК №4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Сяргею Міхайлавічу Ярашэвічу: ПК №11. 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства