Злату Януковіч пакаралі трыма гадамі "хіміі" за счэпку 10 жніўня мінулага года Дапоўнена
У судзе Ленінскага раёна 24 снежня вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да студэнткі 3 курса хімічнага факультэта БДУ Златы Януковіч. Студэнтку вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч. 1 артыкула 342 КК РБ).
Справу разглядала суддзя Марына Клімчук.
Студэнтку вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 артыкула 342 КК РБ).
Злату Януковіч затрымалі 13 кастрычніка, а пазней на праўладных каналах з'явілася «пакаяльнае відэа» з ёй.
Да суда яна ўтрымлівалася ў СІЗА №1 Мінска.
Злата стала вядомай пасля фота, якое было зробленае 10 жніўня 2020 года на Нямізе журналісткай Вольгай Шукайла, якое хутка разляцелася па інтэрнэце і стала адным з сімвалаў жаночага пратэсту.
Згодна абвінавачання, Злату вінавацяць у закліках да актыўнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, падбухторванні іншых да супрацьпраўных дзеянняў, публічным выказванні сваіх грамадска-палітычных поглядаў, спалучаным з відавочным непадпарадкаваннем прадстаўнікам улады, а таксама ў парушэнні спакою грамадзян, якія выявіліся ў публічным выкрыкванні лозунгаў, здзяйсненні гучных воплескаў рукамі.
“Перашкаджала руху грамадскага транспарту, дзейнічаючы сумесна і па папярэдняй змове з групай неўстаноўленых асоб, рухалася па праезнай часткі ў счэпцы локцямі з людзьмі”.
Хрысціянскі актывіст Сяргей М., які здолеў патрапіць на судовае пасяджэнне, эмацыйна паведаміў пра суд на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
“ Калі зачытвалі характарыстыкі, было відавочна, што Злата - вельмі станоўчы чалавек, разумніца, выдатніца, памочніца. Скончыла гімназію з балам 9.6. Актыўна ўдзельнічала ў розных грамадзкіх ініцыятывах. Залаты фонд беларускай моладзі.
Злата прызнала, што 10 жніўня 2020 года знаходзілася ў раёне праспекта Пераможцаў у раёне дзевяці гадзін вечара. Выходзіла на дарогу і пастаяла там некалькі хвілін трымаючыся за рукі жанчын.
Прасіла праявіць літасць. Казала, што двух месяцаў у зняволенні ёй хапіла ... з нагоды пакаяннага відэа, якое з'явілася неўзабаве пасля затрымання, высветлілася, што яно было запісана ледзь не пад дыктоўку супрацоўнікаў органаў”.
У працэсе прысутнічала прадстаўнік Мінсктранса, якая прад'явіла Злаце матэрыяльны пазоў за ўсе выпадкі, калі быў перакрыты рух грамадскага транспарту ў той дзень у горадзе Мінску. Гэта каля 22 000 рублёў.
Пад час спрэчак, адвакат налічыла мноства нестыковак у справе і папрасіла апраўдаць Злату.
Пракурор паведаміў, што падстаў для вызвалення ад крымінальнай адказнасці няма і, улічваючы чыстасардэчнае прызнанне віны, вынес прапанову пакараць яе абмежаваннем волі ў выпраўленчай ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Прысуд: Усё, што прасіў пракурор, суддзя задаволіла - абмежаваннем волі ў выпраўленчай ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.
Матэрыяльны пазоў "Мінсктранса" задаволіць у поўным аб'ёме. Злату адпусцілі на 10 сутак пад падпіску аб нявыездзе.