Хроніка палітычнага пераследу за 23 і 24 снежня
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца напрыканцы года. 23 і 24 снежня па-ранейшаму затрымліваюць грамадзян, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на беларусаў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» сабраў апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
24 снежня
Стала вядома, што культурны мэнэджэр Павел Белавус, які адбыў запад тры адміністрацыйныя арышты, затрыманы па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У яго дома правялі вобшук і канфіскавалі тэхніку.
23 снежня
Пазбавілі ліцэнзіі адвакатку Лізавету Матвееву, якая абараняла палітзняволеных Мажэйку, Мацкевіча, Лапатка, Слаўнікаву
Адвакатка таксама павінна была абараняць затрыманага напярэдадні актывіста Паўла Вінаградава.
Лізавету выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, нібыта за тое, што яна здзейсніла дысцыплінарны праступак. Яе выклікалі на пазачарговую пераатэстацыю, а яна не пагадзілася з гэтым і абскардзіла правядзенне дадзенай пераатэстацыі ў судзе. З-за таго, што дадзенае рашэнне абскарджвалася, яна не з'явілася на пераатэстацыю, што было расцэнена як дысцыплінарны праступак.
Міністр юстыцыі пастанавіў прыцягнуць Лізавету да дысцыплінарнай адказнасці і прыпыніў дзеянне яе ліцэнзіі. Учора рада МГКА разгледзела пытанне аб дысцыплінарным спагнанні і прыняла рашэнне аб выключэнні Лізаветы.
На журналіста «Свабоды» Андрэя Кузнечыка завялі крымінальную справу
Андрэй Кузнечык, затрыманы 26 лістапада па адміністрацыйнай справе і двойчы асуджаны на арышт, стаў фігурантам крымінальнай справы.
Сваякам Андрэя не паведамляюць, па якім артыкуле на яго завялі крымінальную справу. Сваякам таксама паведамілі, што чакаецца перавод Андрэя Кузьнечыка ў мінскае СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага.
Затрымалі журналіста «Радыё Свабоды» Алега Груздзіловіча
Алега Груздзіловіча забралі з дому ў Мінску, выламалі дзверы. Затрымлівалі яго людзі ў масках. Алег — падазраваны па крымінальнай справе «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» (артыкул 342 КК). Пасля затрымання мужчыну змясцілі ў СІЗА №1. Ён зноў прызнаны палітычным зняволеным.
Затрымалі вядучую спецыялістку па працы з кліентамі А1 Святлану Каленчыц
На відэа, апублікаваным праўладнымі тг-каналамі, дзяўчына кажа, што «ўдзельнічала ў масавых беспарадках». Яе змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна.
"Радыё Свабода" прызнана ў Беларусі экстрэмісцкім фарміраваннем
Улады прызналі экстрэмісцкім фармаваннем групу грамадзян, аб’яднаных інтэрнэт-рэсурсамі «Радыё Свабода». Да гэтага, на пачатку снежня, Telegram-канал, сацсеткі беларускай службы «Радыё Свабода» і канал на YouTube былі прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі.