viasna on patreon

Амаль 6 гадоў абмежавання волі і 5 тысяч штрафу на ўсіх: кампанію сяброў асудзілі за "Пагоню" і ўлёткі пра чальцоў выбаркама

2021 2021-12-25T12:44:37+0300 2021-12-25T16:54:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kraska.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сваё злачынства абвінавачаныя здзейснілі пры дапамозе фарбаў і ўлётак

Сваё злачынства абвінавачаныя здзейснілі пры дапамозе фарбаў і ўлётак

Суд Ваўкавыскага раёна скончыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні адразу пецярых жыхароў гарадскога пасёлка Краснасельскі Гарадзенскай вобласці, якіх абвінавачваюць у апаганьванні будынкаў і паклёпе чальцоў выбаркама.

Малявалі "Пагоню" і расклейвалі ўлёткі з інфармацыяй пра членаў выбаркама

Самаму маладому абвінавачанаму 34 гады. Гэта Ігар Вераціла - працуе майстрам змены на "Краснасельскбудматэрыялы". Яму інкрымінуюць артыкул 341 КК Беларусі «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці». Аналагічнае злачынства інкрымінуюць і 40-гадоваму Андрэю Паппо - намесніку галоўнага механіка "Краснасельскбудматэрыялы".

Электраманцёра «Краснасельскбудматэрыялы» 42-гадовага Віталя Седляра вінавацяць у злачынстве паводле артыкула 188 КК – «Паклёп».

Яшчэ дваіх абвінавачаных - 41-гадовага праграмістп Сяргея Капліча і 43-гадовага вядучага інжынера-канструктара “Краснасельскбудматэрыялы" Алега Касілу - судзяць адразу паводле двух вышэйзгаданых артыкулаў Крымінальнага Кодэкса Беларусі - 188 і 341.

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сяргейка, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымліваў Яўген Кізялевіч. Ад адвакатаў абвінавачаныя адмовіліся. Свае правы на судзе яны адстойвалі самі.

Паводле версіі следства, ноччу 10 кастрычніка мінулага года ў гарадскім пасёлку Краснасельскі Сяргей Капліч, Алег Касіла, Ігар Вераціла і Віталь Паппо, «маючы намер і мэту на апаганьванне і псаванне маёмасці, выкарыстоўваючы загадзя падрыхтаваныя кардонныя трафарэты вершніка з мячом на кані ў выглядзе герба «Пагоня», а таксама фарбу эмаль-аэразоль чырвонага колеру, дэманструючы сваё нігілістычнае стаўленне да прыстойных каштоўнасцяў грамадства», намалявалі «Пагоню» на пад'ездах 18 дамоў на вуліцах Рабінавая і Будаўнікоў, на сцяне мясцовай паліклінікі, а таксама на на тарцах «Еўраопта» і атэлье па рамонце абутку.

Шкода, якую сваімі дзеяннямі нанеслі абвінавачаныя, склала 185 рублёў і 37 капеек.

Абвінавачаныя малявалі на будынках герб
Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня".

Асобна Сяргея Капліча, Алега Касілу і Віталя Седляра абвінавачваюць у тым, што 26 снежня мінулага года «з мэтай публічнага ўздзеяння на грамадскую свядомасць» яны расклейвалі ўлёткі з паклёпам у дачыненні да 17 членаў выбарчых камісій у г. п. Краснасельскі - Дышынскай А. С., Яфімавіч Л. Н., Каленік І.А., Лужынскай Т. Ч., Кашыя Т. І., Некала А. Н., Кулакоўскай Е. В., Апановіч В.В., Якабчук А. І., Стоцкай Т. В., Смок Н. В., Рамановіч І. К., Цюхай В.І., Чарванюк В.С., Сунэлік С.Ю., Шыла Ю.В., Шульга Е.В.

Па версіі дзяржабвінавачання, паклёп у дачыненні да членаў выбаркама складалася ў тым, што акрамя асабістых дадзеных пацярпелых, на ўлётках быў напісаны наступны тэкст: «Дошка ганьбы! Хто прымаў удзел у фальсіфікацыі выбараў і скраў нашы галасы! Паглядзіце ўважліва і запомніце, з кім побач мы жывем, хто з'яўляецца памагатым улады, якая збівае і забівае невінаватых жыхароў нашай краіны. Падумайце, калі б яны не лічылі, то ў Беларусі забівалі б і збівалі людзей? Гэтыя людзі вам хлусілі, ім нельга давяраць, яны жывуць побач».

Улёткі з гэтым тэкстам абвінавачаныя расклейвалі на дошках аб'яў у дамах па вуліцах Пралетарская, Школьная і Будаўнікоў.

Падчас судовага пасяджэння ўсе абвінавачаныя прызналі сваю віну ў поўнай меры і прадставілі суду квітанцыю аб аплаце ўрону «Ваўкавыскай камунальнай гаспадарцы».

Таксама фігуранты справы перадалі суду ліст, у якім кожны пацярпелы пацвердзіў сваім подпісам той факт, што яны "не маюць матэрыяльных прэтэнзій да абвінавачаных, якія пры асабістай сустрэчы ў поўнай меры прынеслі прабачэнні", і просяць не караць іх строга.

Пацярпелых на судзе не было, у суд яны адправілі заявы аб разглядзе справы без іх удзелу.

Адзін з дыялогаў суддзі і абвінавачанага Сяргея Капліча падчас допыту на судовым пасяджэнні гучаў так:

"На ваш погляд, на што звярнуць увагу пры вынясенні рашэння?"- спытаў суддзя

"Добраахвотнае прызнанне мной віны, яўку з павіннай, бацька інвалід", - адказаў абвінавачаны.

"Што па пасёлку пайшоў ноччу фарбаваць, бяліць там, улёткі расклейваць? Бацьку б дапамагаў!»

"Дапамагаю пастаянна».

Тлумачу: вы адукаваныя людзі, маеце права абараняцца, мы абавязаны выслухаць усё. Але пры гэтым па абставінах справы кожны скажа, навошта гэта рабіў. Пра дзяцей, пра працу думалі, яшчэ пра нешта? Навошта? Як гэта ўсё зразумець?

"Не ведаю, кіпіш у краіне быў

"Вы хацелі, каб гэты кіпіш і далей, прабачце, працягваўся? Навошта, як зразумець вас? [….] З улікам тлумачэнняў, поўнага прызнання віны, гэтых абставінаў, на ваш погляд, чаго вы заслугоўваеце? Як думаеце? На што звярнуць увагу? Адзін скажа: "Мне дастаткова вымовы". Хтосьці скажа: “Прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці”. Хтосьці: "Нам штраф прызначце". Хтосьці: "Санкцыя артыкула 188 - да трох гадоў пазбаўлення волі". Па артыкуле 341, для звесткі ўдзельнікаў працэсу, каб асвяжыць вашыя веды, - да трох гадоў пазбаўлення волі. Навошта пайшлі на гэта ўсё? Як зразумець вас”?

Даведка Праваабарончага цэнтра "Вясна": артыкулы 188 і 341 КК з санкцыямі, пра якія вёў гаворку суддзя, выкладзеная ў рэдакцыі Закона ад 26 траўня 2021 года №112-З і ўступілі ў дзеянне праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання. Закон апублікаваны 8 чэрвеня 2021 года. Такім чынам, Закон уступіў у сілу 18 чэрвеня 2021 года. То-бок, калі абвінавачаным у віну ставяць дзеянні, кваліфікаваныя паводле артыкулаў 188 і 341 КК і яны мелі месца быць да 17 чэрвеня 2021 года (уключна), пры вынясенні ім прысуду павінны прымяняцца санкцыі, якія дзейнічалі да прыняцця Закона ад 26 траўня 2021 года. Максімальным пакараннем па артыкуле 341 КК быў арышт да 3 месяцаў. Па артыкуле 188 КК РБ - 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Простымі словамі - 3 гады "хіміі".

"Пайшоў на ўсе гэта з-за несумленных вынікаў выбараў

На пытанне суддзі пра матывы свайго ўчынку, Сяргей Капліч адказаў, што на тыя дзеянні ён адважыўся з-за несумленных вынікаў выбару. У адказ на гэта суддзя прапанаваў у падобных сітуацыях ісці на прыём да пракурора і падаваць заяву ў суд аб пераглядзе вынікаў выбараў.

У распараджэнні праваабаронцаў "Вясны" апынуўся таксама запіс дыялогу суддзі яшчэ з адным абвінавачаным - Ігарам Вераціла.

"Вы абвінавачванне па артыкуле 341 прызнаеце ці не прызнаеце?

"Абвінавачванне прызнаю".

"Вам ставіцца апаганьванне будынкаў і збудаванняў. Напісаны спосаб, якія будынкі, якія выявы і гэтак далей. [ ... ] Сама справа, зыходзячы з выбарчай кампаніі, своеасаблівая. Я не хачу сказаць слова палітычнае. Палітычных артыкулаў няма ў Кодэксе, але разумееце наогул само абвінавачванне з чым звязана?

“Разумею”.

"Зыходзячы з гэтага гучыць пэўны намер, у сувязі з названымі падзеямі [...] гэты матыў прызнаеце?»

“Прызнаю”.

Пасля абвінавачванне ў зробленым прызналі і ўсе астатнія фігуранты справы.

Кампанію сяброў асудзілі за
Кампанію сяброў асудзілі за "Пагоню" і улёткі.

Звяртаючыся да Віталя Седляра, суддзя вырашыў удакладніць яго стаўленне да здзейсненага злачынства з улікам таго, што пасля адкрыцця крымінальнай справы абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну:

“Тады я не ўсведамляў, а цяпер усведамляю".

"Тады як зразумець ваша прызнанне вінаватасці? Зыходзячы з таго, што прагучала ў зале суда, вы ўсё прызналі: наўмысна пайшоў, рабіў тое, іншае, трэцяе. Цяпер кажаце:“я гэтага не ўсведамляў”. Як зразумець? Вы не ведалі пацярпелых, як можна было рабіць нейкія высновы і расклейваць Улёткі? Як гэта ўсё зразумець? [...] Вы разумееце, што вам можа быць прызначана пакаранне аж да пазбаўлення волі?

“Разумею”.

"Адказ прыняты”.

У ходзе судовага пасяджэння суд апытаў 16 пацярпелых па гэтай справе. Іх паказанні зачыталі ў зале суда. Пацярпелыя адзначалі, што ніякіх пагроз ад абвінавачаных ім не паступала. Таксама пацярпелыя прасілі караць абвінавачаных на меркаванне суда альбо не караць строга.

Дзяржабвінаваўца высветліў у пацярпелых, што парушэнняў выбарчага заканадаўства на іх участках зафіксавана не было, і што гэтыя ж члены выбаркамаў прызнаныя пацярпелымі яшчэ па адной крымінальнай справе - хтосьці кідаў у іх паштовыя скрыні "абвінаваўчыя ўлёткі".

На судовым пасяджэнні апытвалі і сведак па справе.

Адна з іх - старшыня Краснасельскае сельвыканкама Людміла Дзямешчык. Жанчына распавяла, што паводле роду сваёй дзейнасці яна часта аб'язджае тэрыторыю Краснасельскага, і што ў кастрычніку яна сапраўды бачыла сапсаваныя сцены і раскіданыя ўлёткі.

Сведка расказала, што па гэтых фактах яна звярталася да ўчастковага. На пытанне суддзі пра членаў выбаркама сведка патлумачыла, што была назіральнікам на ўчастку і можа пацвердзіць, што парушэнняў на ўчастку не было. Пасля гэтага суддзя запытаўся ў сведкі, якое пакаранне для фігурантаў справы яна лічыць справядлівым.

"Амаль ва ўсіх ёсць дзеці, і калі дзеці застануцца без бацькоў, гэта не ёсць добра", - адказала жанчына, дадаўшы, што ёй, як прадстаўніку дзяржавы таксама незразумелыя матывы дзеянняў фігурантаў справы.

Яшчэ адна сведка - загадчыца Краснасельскай паліклінікай Людміла Кашарная - патлумачыла, што 10 кастрычніка 2020 года раніцай ёй патэлефанавалі калегі і расказалі, што на сцяне паліклінікі намаляваная “Пагоня” і “3%. Яна ж распавяла, што ўжо праз пару дзён надпісы і малюнак зафарбавалі.

Суддзя абвінавачаным: "Старшыні выканкама, галоўнаму доктару на допыты даводзіцца хадзіць. Што вы нарабілі?

Абвінавачаны Капліч: ”Мы зараз разумеем, што гэта вельмі дрэнна"

Суддзя загадчыцы паліклінікай: "Ці верыце вы гэтаму, Людміла Аляксандраўна?»

Загадчыца паліклінікай: ”Усе добрыя людзі”.

Суддзя: “Абвінавачаныя па справе?

Загадчыца паліклінікай: “Так”.

У ходзе спрэчак дзяржабвінаваўца адзначыў, што раней абвінавачаныя да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся, маюць пастаяннае месца працы, станоўча характарызуюцца, маюць малалетніх дзяцей, раскайваюцца ў здзяйсненні злачынства, пакрылі шкоду і прынеслі выбачэнні пацярпелым.


У якасці пакарання для абвінавачаных дзяржабвінаваўца запытаў наступныя меры і тэрміны:

  • Сяргею Каплічу і Алегу Касілу па артыкуле 188 КК кожнаму па 2 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Па артыкуле 341 КК - па 2 месяцы арышту. Па сукупнасці кожнаму прызначыць пакаранне ў выглядзе 2 гадоў і 2 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
  • Віталю Седляру па артыкуле 188 КК 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.
  • Ігару Вераціла і Андрэю Паппо па артыкуле 341 кожнаму штраф у памеры 80 базавых велічынь (2320 рублёў – рэд.).

22 снежня Суд Ваўкавыскага раёна вынес прысуд па справе Сяргея Капліча, Алега Касілы, Віталя Сядляра, Ігара Вераціла і Андрэя Паппа. Усіх фігурантаў справы прызналі вінаватымі ва ўчыненных злачынствах.

Сяргею Каплічу і Алегу Касілу прысудзілі абмежаванне волі на адзін год кожнаму. На падставе ч. 1, ч. 2 арт. 72 КК шляхам поглынання менш строгага пакарання больш строгім канчаткова прызначылі 2 гады і 2 месяцы абмежавання волі без накіравання ў ВУАТ кожнаму.

Віталю Седляру прысудзілі 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Ігара Вераціла і Андрэя Паппо аштрафавалі на 80 базавых велічынь (2320 рублёў – рэд.) кожнага.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства