viasna on patreon

Тэлеграм-канал "Вясны" хочуць прызнаць экстрэмісцкім. Што вядома пра суддзю, які будзе разглядаць гэтае пытанне

2021 2021-12-28T01:01:14+0300 2021-12-28T11:02:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/viasna_telega_9.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29 снежня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля пройдзе закрыты працэс па прызнанню экстрэмісцкім тэлеграм-канала Праваабарончага цэнтра "Вясна" —  "Вясна / Правы чалавека ў Беларусі". Праваабаронцы дазналіся пра гэта з раскладу судовых пасяджэнняў, размешчаных на сайце Вярхоўнага суда. Заяўнікам выступаюць прадстаўнікі восьмага ўпраўлення па Гомельскай вобласці ГУБАЗіКа, а рашэнне па справе будзе прымаць суддзя Ілля Свірыдаў. На разгляд пазова адведзена толькі паўгадзіны. "Вясна" распавядае, што вядома пра суддзю Свірыдава і што чытаць, каб атрымліваць інфармацыю пра правы чалавека ў Беларусі. Спойлер: менавіта гэты суддзя разглядаў гучную "дармаедскую" справу хатняй гаспадыні з Гомеля Марыі Тарасенка, правы якой дапамагаў абараняць цяпер палітзняволены вясновец Леанід Судаленка.

Скрыншот з рафскладу Вярхоўнага суда на 29 снежня
Скрыншот з раскладу Вярхоўнага суда на 29 снежня

Выносіў штрафы і “суткі” гомельскім актывістам з 2008 года

Апошнім разам на пасаду суддзі суда Чыгуначнага суда Гомеля Ілля Свірыдаў быў прызначаны указам ад 25 траўня 2017 года. Гамельчукам ён выносіў “палітычныя” прысуды ў гэтым судзе яшчэ з 2008 года. Тады напярэдадні 25 сакавіка Свірыдаў арыштаваў на 10 сутак прэвентыўна затрыманага маладафронтоўца Андрэя Цянюту.

Праз год 19 кастрычніка суддзя Ілля Свірыдаў аштрафаваў мясцовага актывіста Валерыя Рыбчанку за намер актывіста ўзяць удзел у акцыі з нагоды дзесятай гадавіны знікнення віцэ-спікера Вярхоўнага Савету 13-га склікання Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Актывіст здымаў на фотаапарат, як супрацоўнікі міліцыі прэвентыўна затрымлівалі патэнцыйных удзельнікаў акцыі, што па ходніках кіраваліся ў цэнтр гораду. Але суддзя Гомельскага абласнога суда Васіль Бягун угледзеў наяўнасць працэсуальных парушэнняў падчас вынясення пакарання Валерыю Рыбчанку і накіраваў справу на новы разгляд.

Суддзя Ілля Свірыдаў штрафаваў ў 2011 годзе ўдзельнікаў пратэсных акцый. Сярод аштрафаваных па арт. 23.34 КаАП (цяпер 24.23 КаАП) вядомы мясцовы актывіст Уладзімір Няпомняшчых (цяпер палітвязень), валанцёр Ілля Міронаў (таксама цяпер палітычны зняволены).

Вось як выглядае палітычны пераслед гамельчукоў суддзёй Свірыдавым

 

Прызнаў хатнюю гаспадыню Марыю Тарасенка "дармаедкай" 

На судзе Ленід Судаленка, Марыя Тарасенка, Андрэй Стрыжак

Пасля гэтага суддзя Свірыдаў пачаў спецыялізавацца на грамадзянскіх справах. У 2017 годзе ён праявіў сябе па гучнай справе Марыі Тарасенка – адной з фігурантак справы супраць гомельскіх праваабаронцаў. Абараняць свае правы жанчыне на працэсе дапамагаў праваабаронца "Вясны" Леанід Судаленка. Пасля гэтага Марыя сама пачала дапамагаць Леаніду абараняць правы іншых беларусаў. Нагадаем, за дапамогу беларусам 3 лістапада праваабаронцам "Вясны" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы вынеслі прысуд — тры і два з паловай гады калоніі адпаведна. Для Марыі запрасілі пакаранне ў выглядзе двух з паловай гадоў калоніі, хоць яна была пад падпіскай аб нявыездзе. Марыя вымушана была з'ехаць за мяжу. Яе справу вынеслі ў асобную вытворчасць, яна застаецца пад крымінальным пераследам.

18 сакавіка 2019 году ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля суддзя Ілля Свірыдаў вынес рашэнне па справе Марыі Тарасенка супраць выканаўцаў дэкрэта “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”. Нагадаем гісторыю двухгадовай даўнасці. У 2019 годзе 46-гадовая хатняя гаспадыня Марыя Тарасенка даведалася, што яе ўнеслі ў базу "не занятых у эканоміцы". Яна звярнулася ў "дармаедскую" камісію з патрабаваннем выключыць яе са спісаў — камісія адмовілася. Тады Марыя падала ў суд грамадзянскі пазоў супраць камісіі садзеяння занятасці насельніцтва Чыгуначнага раёну Гомеля і камітэту працы, занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкаму. Яна тлумачыла, што яе муж мае пастаянны даход, якога хапае на ўтрыманне сям’і. Яна лічыць, што "дармаедскі" дэкрэт парушае яе канстытуцыйныя правы, а яе як грамадзянку прыніжае і дыскрэдытуе. 

Гамяльчанка заявіла пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ад дзейнасці так званай “камісіі па садзейнічанні занятасці” і чыноўнікаў з абл- і гарвыканкаму — 1000 беларускіх рублёў. Гэта быў першы суд па справе «дармаедства». Марыі дапамагалі абараняць свае правы праваабаронцы Андрэй Стрыжак і Леанід Судаленка

Гэтую справу разглядаў як раз суддзя Ілля Свірыдаў — ён адмовіў у задавальненні патрабаванняў пазову.

Праз некаторы час з разліковага цэнтру прыйшла квітанцыя аб аплаце камунальных плацяжоў. За падагрэў вады Марыі Тарасенка налічылі ў 5,5 раза больш грошай, чым «занятым у эканоміцы». Уласніца кватэры не стала плаціць гэтыя грошы. Але дзесьці праз месяц "дармаедская" камісія паведаміла Марыі, што да канца 2019 году з яе ня будуць браць падвышаныя камунальныя плацяжы. Падвышаныя кошты за студзень і люты разліковы цэнтр пералічыў у бок змяншэння.

Справа скончылася тым, што Марыю ўсё ж такі вызвалілі ад аплаты камунальных паслугаў па падвышаным кошце. 

Адмовіў у праве навучацца на беларускай мове ў школе

Суддзя Ілля Свірыдаў
Суддзя Ілля Свірыдаў

Таксама гучная справа суддзі Іллі Свірыдава ў 2018 годзе, калі ён сваім рашэннем адмовіў у праве навучацца маленькай гамяльчанцы. Суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіў у задавальненні пазову Сяргея Макаранка да сярэдняй школе № 5 і аддзелу адукацыі гарвыканкаму, якія не забяспечылі права дзіцяці вучыцца на беларускай мове. Права вучыцца на адным з дзяржаўных моваў гарантуецца Канстытуцыяй і Кодэксам аб адукацыі.

Бацька патрабаваў для дачкі, якая пайшла ў першы клас, навучання на беларускай мове ў школе № 5 па месцы жыхарства, аднак ва ўстанове адукацыі адмовіліся стварыць беларускамоўны клас, спасылаючыся на тое, што іншых бацькоў, якія жадаюць, каб іх дзяцей вучылі па-беларуску, не знайшлося.

У выніку гамяльчаніну давялося аддаць дачку ў гімназію № 36, размешчаную ў спальным раёне Гомеля, дзе быў набор у беларускамоўны клас. Для сям'і гэта выклікала дадатковыя выдаткі часу і грошай. Каб даставіць дзіця ў школу, паспець на і потым забраць яе, мужчына штодня праязджаў лішнія 25 кіламетраў.

Прадстаўніца аддзела адукацыі і дырэктарка школы № 5 у судзе заявілі, што для аднаго дзіцяці або меркаваных двух-трох вучняў ствараць клас немэтазгодна.

Макаранка ў судзе папрасіў даць звесткі анкеты для агляду і высветліў, што агучаныя лічбы не адпавядаюць рэчаіснасці — сярод апытаных быў прынамсі яшчэ адзін чалавек, які выказаўся за беларускую мову. Акрамя таго, гамяльчук заўважыў, што каля 20 анкет запоўненыя адным почыркам. Дырэктар такую сітуацыю растлумачыць не змагла.

Суддзя Ілля Свірыдаў прыняў рашэнне адмовіць у задавальненні пазову, патлумачыўшы, што суд пагадзіўся з довадамі прадстаўнікоў сістэмы адукацыі: дзіця павінна вучыцца ў калектыве, школа не мае тэхнічнай магчымасці арганізоўваць клас з адным-двума вучнямі, да таго ж у Гомелі ёсць магчымасць рэалізаваць права на атрыманне адукацыі па-беларуску ў гімназіі № 36 — адзінай установе адукацыі, дзе набіраюць першыя класы з беларускай мовай навучання. 

Што чытаць, каб быць у курсе навінаў пра правы чалавека ў Беларусі

Сайт праваабарончага цэнтра "Вясна" spring96.org абнаўляецца штодзень на трох мовах: беларускай, рускай і ангельскай. Але Міністэрства інфармацыі абмежавала да яго доступ з Беларусі без тлумачэння прычынаў, таму чытаць з Беларусі яго можна з дапамогай VPN. Таксама свае сайты вядуць рэгіянальныя праваабаронцы “Вясны”, вось яны:

На адмысловай старонцы “Вясны” prisoners.spring96.org размешчаны актуальны спіс палітычных зняволеных Беларусі з іх гісторыямі, месцамі ўтрымання і іншай інфармацыяй.

Старонка freeviasna.org прысвечаная #Freeviasna — кампаніі салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі “Вясны”.

А вось спіс сацсетак «Вясны»: 

Заставайцеся з намі! Толькі разам мы зробім так, каб правы чалавека нарэшце заквітнелі ў Беларусі! Вясна прыйдзе!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства