viasna on patreon

"Так, гэта канстытуцыйна, але супраць інтарэсаў дзяржавы". Сяргей Драздоўскі — пра свой крымінальны пераслед і жыццё Офіса

2021 2021-12-28T18:10:52+0300 2021-12-28T20:11:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/daklad_2018.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі цяпер знаходзіцца ў Германіі ў адмысловым месцы для ўцекачоў у якасці асобы, якая папрасіла сховішча. Упершыню за доўгі час ён пачуваецца ў бяспецы і таму пагадзіўся распавесці "Вясне" пра свае выпрабаванні: пра сутнасць крымінальнага пераследу, абвінавачванні ў махлярстве і "скандал" ў беларускім прадстаўніцтве ААН, пра ганаровую прэмію, а таксама пра новае жыццё Офіса і ягоныя планы…

Сергей Дроздовский. Фото: ПЦ
Сяргей Драздоўскі. Фота: ПЦ "Вясна"

Прычыны ад'езду

Сяргей Драздоўскі мяркуе, што ягоны крымінальны пераслед быў абсалютна неабгрунтаваны і надуманы і суправаджаўся значнымі працэсуальнымі парушэннямі. Гаворка ідзе пра частку 2 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса РБ (махлярства, здзейсненае групай асобаў), па абвінавачванні ў якой Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі (юрыст Офіса) знаходзіліся ў няволі паўгода (з 3 лютага па 30 ліпеня 2021 года). Падчас расследавання, сцвярджае Драздоўскі, зрабілася відавочна, што абвінавачванні неіснуючыя (падрабязней пра гэта — ніжэй). Акрамя таго, улады ліквідавалі Офіс, а паралельна з гэтым Драздоўскі даведаўся, што ў Следчым камітэце "знаходзіцца яшчэ адно расследаванне ўжо адносна дзейнасці самага Офіса і ягонага фінансавага складніку". Але і гэта не ўсё: пракурор горада Мінска заявіў, што будзе праводзіцца расследаванне матэрыялаў сайта Офіса на прадмет таго, ці носяць яны экстрэмісцкі характар і "ці ганяць яны добрае імя дзяржавы". А паколькі на сайце Офіса гадамі публікаваліся крытычныя матэрыялы і маніторынгі недахопаў дзяржаўнай сістэмы ў галіне правоў людзей з інваліднасцю, то пасля пракурорскай праверкі абавязкова будзе зробленая выснова пра тое, што матэрыялы сайта добрае імя дзяржавы ўсё ж знеслаўляюць, перакананы Драздоўскі.

"І такі букет крымінальных артыкулаў не прадказваў мне нічога добрага, і таму я не думаю, што сядзець у беларускай турме было б больш карысным, замест таго, каб паспрабаваць сысці і працягнуць сваю дзейнасць", — кажа Сяргей Драздоўскі. Ён пакінуў краіну, знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе як абвінавачаны паводле крымінальнай справы.

Скандал: Офіс па правах людзей з інваліднасцю, ААН, махлярства і "адмыванне грошай"

Увосень 2020 года дзяржаўныя СМІ пачалі выкарыстоўваць абвінаваўчую рыторыку ў дачыненні да Офіса па правах людзей з інваліднасцю і ААН. Што гэтаму папярэднічала?

Ад імя Генеральнага сакратара ААН штогод выпускаецца даклад, дзе распавядаецца пра выпадкі пераследу людзей за іх супрацоўніцтва з ААН. У дакладзе, агучаным увосень 2021 года, адной з першых прагучала сітуацыя крымінальнага пераследу ў дачыненні да Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага.

"На што прадстаўнік МЗС Беларусі ў ААН заявіў, што мы проста ашуканцы і крымінальнікі і няма ніякай нашай сувязі [паміж нашым супрацоўніцтвам з ААН і пераследам у дачыненні да нас], — распавёў Драздоўскі.

* Выпраўлена: першапачаткова тут была ўказаная цытата Драздоўскага "На што прадстаўнік ПРААН у Беларусі..." -- гэта памылковая фармулёўка. Правільная фармулёўка "прадстаўнік МЗС Беларусі ў ААН"

Затым 12 кастрычніка 2021 года МЗС Беларусі публікуе заяву, у якой сцвярджаецца наступная "схема":

  • ААН вылучыў для беларускай дзяржавы сродкі на аказанне дапамогі людзям з інваліднасцю і ахвярам хатняга гвалту.
  • Паказаныя катэгорыі людзей гэтыя грошы не атрымалі, бо грошы сышлі на аплату адвакатаў для 23 грамадзян, якія зазналі крымінальны пераслед за ўдзел "у супрацьзаконных пратэсных акцыях, накіраваных на падрыў дзяржаўнасці і звяржэнне дзейснай улады".
  • Тым самым беларускія грамадзяне С. Драздоўскі і юрыст Офіса "правялі фінансавую махінацыю са сродкамі ААН".
  • Зрабілі яны гэта з ініцыятывы і з падтрымкай шэрагу супрацоўнікаў Прадстаўніцтва ААН у Беларусі.
  • Таксама адзначаецца, што Драздоўскі ўсё ж зрабіўся "ахвярай недапушчальнай, непрафесійнай і палітычна матываванай дзейнасці супрацоўнікаў Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь" (аднак стаў абвінавачаным па крымінальнай справе аб махлярстве).

Праз некалькі дзён гэту сітуацыю абмеркавалі ў "Клубе рэдактараў" (праграме дзяржаўнага тэлеканала "Беларусь-1"). Там яе назвалі "скандалам" і "абуральным фактам, на якім нельга ставіць кропку". АНТ ж у адной са сваіх праграм назвала сітуацыю "махлярскай схемай".

Што ж на гэта кажа сам Сяргей Драздоўскі?

"Наш арышт і крымінальная справа супраць нас акурат і былі часткай дзяржаўнай палітычнай аперацыі, каб нейкім чынам паўздзейнічаць на ПРААН. І, мне здаецца, [для Беларусі] атрымаўся не той вынік, які яны планавалі, а антывынік.

Насамрэч наш Офіс выконваў абсалютна праваабарончую працу, і мы яе рабілі, як ні дзіўна, садзейнічаючы дзяржаве ў выкананні канстытуцыйных нормаў: то бок забяспечвалі грамадзянаў магчымасцю скарыстацца паслугамі адваката. Падчас сваіх допытаў у ДФР мы з Алегам казалі пра гэта: "бо гэта канстытуцыйнае права чалавека на дапамогу адваката ў любой сітуацыі". На што нам адказвалі: "Так, гэта канстытуцыйна, але гэта супраць інтарэсаў дзяржавы". Вось такое меркаванне ў іх было".

Узгадваючы свае допыты ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў, Драздоўскі адзначае:

"На допытах мне казалі, што мяне чакае калонія на шмат гадоў. Я запытваў: "Што ж вы такое кажаце?" — спрабуючы іх сароміць. Яны адказвалі: "А вы потым нідзе нічога не дакажаце". То бок у іх вось такая ўпэўненасць і перакананасць у сваёй беспакаранасці".

Акрамя таго, схема адвакацкай падтрымкі ад ААН людзям з інваліднасцю і людзям, пацярпелым ад хатняга гвалту, была распрацаваная яшчэ ў 2019 годзе:

"Тады мы супольна з ПРААН планавалі невялікі праект (і ён насамрэч вельмі маленькі па грошах). І [падчас допытаў] я казаў нашаму следчаму: "Цікава, якім чынам я, распрацоўваючы ў 2019 годзе гэтую "схему" і ўзгадняючы яе з ПРААН, мог здагадвацца пра падзеі 2020 года?" Але зразумела, што гэта рытарычнае пытанне".

Тым больш, адзначае Драздоўскі, следства наогул не высветліла, з якіх менавіта сродкаў фінансаваліся нямэтавым чынам адвакаты для гэтых 23 грамадзян: з праекта на аказанне дапамогі людзям з інваліднасцю і ахвярам хатняга гвалту або з нейкага іншага.

Слева Сергей Дроздовский,

Таксама ў абвінавачванні па крымінальнай справе аб махлярстве ў дачыненні да Граблеўскага і Драздоўскага ніяк не гучала фармулёўка пра "фінансаванне грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў масавых беспарадках":

"У абвінавачванні прапісана толькі тое, што мы распрацавалі схему і нямэтавым чынам выкарыстоўвалі сродкі, — даволі суха, падведзена база, што мы проста махляры. А пра "масавыя беспарадкі" гаварылася за кадрам: у допытах, у размовах. Затым гэта вылілася ў дзяржСМІ і пачало там мусіравацца".

Праваабаронца задаецца пытаннем: якім чынам у дзяржСМІ былі выкарыстаныя для сваіх каментароў пра "скандал з ААН" дадзеныя следства? Бо нават ягоны адвакат даваў падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы.

"Канечне, гэта сведчыць пра тое, што на закон ніхто не зважаў", — адзначае Драздоўскі.

Ён таксама падкрэслівае, што ў матэрыялах дзяржаўных медыя гучала фармулёўка, што ён і ягоны калега Алег Граблеўскі былі "адпушчаны на волю".

"Не, мы не адпушчаныя — мы пад следствам! Так, Алега выпусцілі з СІЗА, а мяне з хатняга арышту — але ж нам змянілі меру стрымання і гэта не значыць, што мы "адпушчаныя". Мы пад падпіскай аб нявыездзе. Ішлі тры следствы. Паручальніцтва — гэта не "адпушчаныя". Мае паручальнікі атрымалі велізарны штраф менавіта таму, што мы былі не адпушчаныя. Гэта глабальная хлусня".

Паўгадавы адпачынак? Праваабаронца Сяргей Драздоўскі распавёў, як яму жылося пад хатнім арыштам

Амаль паўгода праваабаронца Сяргей Драздоўскі правёў пад хатнім арыштам. 31 ліпеня стала вядома, што меру стрымання ў дачыненні да яго змянілі — цяпер ён пад падпіскай аб нявыездзе, дзейнічае паручальніцтва. Гэта азначае, што Драздоўскі можа свабодна выходзіць з дому, кантактаваць з людзьмі і карыстацца інтэрнэтам — усяго гэтага ён быў пазбаўлены. Праваабаронца распавёў "Вясне" аб тым, як для яго выглядаў хатні арышт.

Суд над паручальнікамі

5 лістапада суддзя суда Партызанскага раёна горада Мінска Міхаіл Макарэвіч пастанавіў накласці грашовыя спагнанні на двух паручальнікаў Драздоўскага — па 100 базавых велічынь (па 2 900 беларускіх рублёў).

*Паводле арт. 121 КПК РБ, асабістае паручальніцтва палягае ў прыняцці на сябе асобамі пісьмовага абавязання аб тым, што падазраваныя ці абвінавачаныя, знаходзячыся на волі, не схаваюцца ад органа крымінальнага пераследу і суду, не будуць перашкаджаць расследаванню справы ці разгляду яе судом і не будуць займацца злачыннай дзейнасцю.

"Чаму пачаўся суд над паручальнікамі? Хутчэй за ўсё, мяне выклікалі позвай на допыт, якая дзесьці згубілася, я не з'явіўся — і гэтага стала дастаткова. Наколькі я ведаю, у судзе на пытанне, а дзе ж я знаходжуся, адказу не прагучала. То бок я з такім жа поспехам мог бы сядзець дзесьці ў турме, а паручальнікам бы ўсё адно ўпаялі штрафы".

Праз сістэму паручальніцтва два чалавекі аказаліся ў закладніках сітуацыі, адзначае Сяргей Драздоўскі. Бо паручальнікі гарантуюць, што абвінавачаны не будзе займацца злачыннай дзейнасцю на волі. Аднак у той час ішоў працэс ліквідацыі Офіса, з-за чаго Драздоўскі як ягоны дырэктар абавязаны быў закрыць рахунак арганізацыі. Але зрабіць ён гэтага не мог, бо рахунак быў заблакаваны Следчым камітэтам.

"Натуральна, я, не выканаўшы рашэнне Мінгарвыканкама, мог атрымаць некалькі адміністрацыйных спагнанняў — і вось я парушальнік, а мае паручальнікі маглі атрымаць штрафы".

Прэмія

24 лістапада стала вядома, што прадстаўнікі Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі зрабіліся лаўрэатамі прэміі Front Line Defenders 2021. Гэта прэмія ўручаецца праваабаронцам, якія знаходзяцца ў небяспецы.

*Front Line Defenders — арганізацыя, заснаваная ў Ірландыі дзеля абароны тых, хто негвалтоўна працуе для падтрымання правоў чалавека.

Цырымонія ўручэння прэміі адбылася 9 снежня падчас анлайн-трансляцыі.

"Нам было важна, карыстаючыся гэтай магчымасцю, распавесці, што ў Беларусі адбываецца такі жах, кашмар і гуманітарная катастрофа; звярнуць увагу на тое, каб больш людзей яшчэ больш разумелі ўсю сур'ёзнасць і небяспеку таго, што адбываецца ў Беларусі з правамі чалавека і са спробамі поўнага знішчэння інстытута праваабароны ў краіне. Канечне, гэта катастрофа для сусветнай супольнасці. Гэта падрывае ўсю канцэпцыю правоў чалавека. То бок калі нейкія асобы, якія захапілі ўладу ў краіне, могуць такім чынам лёгка і проста расправіцца з людзьмі, якія прасоўваюць правы чалавека, дапамагаюць людзям іх зразумець і дапамагаюць абараняць правы чалавека, тады гэта сапраўды пагроза міру. А прэмія дапамагла нам распавесці пра гэта", — кажа Сяргей Драздоўскі.

Дзейнасць Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў новых умовах

"Мы будзем працягваць працу звонку і дапамагаць беларусам", — адзначае Драздоўскі.

Аднак дзейнасць Офіса перафарматаваная ў дыстанцыйны фармат, а дапамога людзям скароціцца да кансультацый. Знікне магчымасць праводзіць адвакатыўныя кампаніі, якія часцяком стаялі за дапамогай Офісам чалавеку, які да яго звярнуўся:

"Мы знаходзілі экспертаў унутры краіны і кансультаваліся з імі, мы арганізоўвалі суправаджэнне чалавека па адміністрацыйных этапах: напрыклад, калі гэта ўсталяванне інваліднасці, то мы спрабавалі знайсці чалавеку лекараў і спецыялістаў, якія, напрыклад, дапамагалі б яму ўдакладніць ягоны дыягназ ці сацыяльную недастатковасць. Калі гэта пытанне адабрання дзяцей, то мы шукалі ў мясцовай супольнасці дапамогу, якая магла б на месцы падтрымліваць чалавека. Мы падлучалі прэсу тады, калі трэба і дзе трэба... Выходзілі на адпаведны ўзровень чыноўнікаў, вялі з імі перамовы з нагоды той ці іншай праблемы…"

Цяпер арганізаваць усё гэта, знаходзячыся не ў Беларусі, досыць складана, адзначае праваабаронца. Тым больш 21 снежня 2021 года былі прынятыя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасць за дзейнасць у ліквідаваных арганізацыях. 

Але ў планах Офіса стаіць і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва:

"Мы будзем больш ўзаемадзейнічаць з міжнароднымі арганізацыямі наконт таго, што і як адбываецца ў Беларусі і якім чынам трэба рэагаваць на гэтую сітуацыю. Будзем звяртаць увагу замежных дзяржаў на тую палітыку, якую праводзіць Беларусь і якая ідзе ўразрэз з міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны. Таксама хочам развіваць кааліцыі з арганізацыямі, якія працавалі з Беларуссю, але цяпер са зразумелых прычынаў не могуць гэтага рабіць".

Як доўга Сяргей Драздоўскі і Офіс па правах людзей з інваліднасцю не змогуць вярнуцца ў Беларусь?

"Пакуль яшчэ дзейнічае гэты рэжым, пакуль яшчэ законным чынам не вызначаная незаконнасць усіх дзеянняў [дзяржавы], пачынаючы з моманту [прэзідэнцкіх] выбараў, пакуль не будуць выпушчаны і рэабілітаваны ўсе палітвязні, пакуль не будзе абвешчана аб незаконнасці вынесеных судамі рашэнняў — да тых часоў мне небяспечна з'яўляцца ў краіне, таму што я адразу ж апынуся за кратамі", — падсумаваў Сяргей Драздоўскі.


Пра сюрэалістычныя прыклады з досведу сваёй дзейнасці прадстаўнікі Офіса Алег Граблеўскі і Сяргей Драздоўскі распавядалі ў межах першага выпуску праваабарончага падкаста "Вясна прыйдзе":

"Вясна прыйдзе" · #1. Людзі з інваліднасцю

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства