viasna on patreon

Што блізкія распавядаюць пра палітзняволеных, якіх яны чакаюць дадому?

2022 2022-01-06T12:10:41+0300 2022-01-06T15:45:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/political_prisoners.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыя: Літоўскі Нацыянальны тэатр оперы і балета

Ілюстрацыя: Літоўскі Нацыянальны тэатр оперы і балета

Сёння ў Беларусі 968 палітвязняў, іх колькасць павялічваецца амаль кожны дзень. За кожным з іх — свая гісторыя, якую варта чуць: каб разумець, якія людзі зараз знаходзяцца за кратамі, як іх можна падтрымаць, на якія тэмы з імі пагутарыць. Важна, каб голас кожнага з гэтых людзей быў чутны і праз муры СІЗА і калоній: аднойчы гэты гоман стане такім моцным, што разбурыць іх. 

Таму "Вясна" публікуе гісторыі палітвязняў пад адпаведным хэштэгам, дзе зараз можна знайсці каля 50 аповедаў. Сёння мы публікуем спасылкі на матэрыялы і вытрымкі з іх, каб натхніць вас на знаёмства з людзьмі, якія зараз вымушаныя быць за кратамі.


Расціслаў Стэфановіч – архітэктар і дызайнер інтэр'ераў. Ён ствараў кватэры і кавярні, быў аўтарам шматлікіх праектаў будынкаў у Беларусі і замежжам. У жніўні 2020-га ён падаў заяўку на сяброўства ў пашыраным складзе Каардынацыйнай Рады – хацеў, каб галасы народа не былі пустым гукам. Ягоная сям'я вельмі стараецца, каб тата хутчэй адаптаваўся да звычайнага жыцця пасля вяртання, таму падтрымлівае звыклы ўтульнасць і ўклад у доме: напрыклад, не хавае яго абутак у шафу, а пакідае яго на звыклым месцы ў калідоры. 

Гісторыя палітвязня Расціслава Стэфановіча – архітэктара, які хацеў, каб беларусаў пачулі

Жонка Расціслава распавяла "Вясне" аб ночы пасля затрымання, чаканні мужа і малюнках дачкі.


Апошнія дзесяць гадоў Арцём Саўчук жыў ў Польшчы: скончыў Кракаўскі політэхнічны ўніверсітэт і працуе праграмістам па спецыяльнасці. Летам 2020-га вырашыў падчас свайго адпачынку прыехаць у Беларусь пабачыць родных і пабываць на вяселлі аднакласніка. — Звычайна Арцёма хвалявала, што як толькі перасякаеш мяжу пры вяртанні дадому, людзі вакол хмурныя і не ўсміхаюцца, — кажа мама Арцёма Тамара Аляксандраўна. — Але толькі не гэтым летам: сын быў рады, што людзі на вуліцах у жніўні 2020 года сталі ўсміхацца адзін аднаму. У яго нават з'яўляліся думкі вярнуцца ў Беларусь.

Маці палітвязня Арцёма Саўчука: "Сын радаваўся, што людзі сталі ўсміхацца адзін аднаму”

Яго дапытлівасць і таварыскасць сфармавалі некалькі пастаянных захапленняў — сноўборд, баскетбол і аўтамабілі.


Соні Малашэвіч 19 гадоў. Дзяўчыну асудзілі на два гады калоніі за тое, што падчас аднаго з маршаў яна малявала фарбай на шчытах спецыяльных сродкаў агароджы. Сёння мы публікуем маналог яе мамы Святланы – пра дзяцінства дачкі, яе зняволенне, лістах і тым, як падзеі могуць паўплываць на лёс усіх палітвязняў. "Мне дапамагае вера ў тое, што хутка я буду з Соняй – я веру ў гэта скрозь слёзы, істэрыкі, скрозь усе гэтыя падзеі, з якімі штодня сутыкаюся, скрозь лёсы пацярпелых людзей і іх сем'яў, — кажа Святлана. — Я веру, што маё дзіця хутка будзе на волі, што для яе, як і для ўсіх палітвязняў, будзе поўны выбар магчымасцяў рэалізавацца ў будучыні. Думаю, што досвед, атрыманы ў выніку гэтага самага жорсткага, самага цёмнага і змрочнага, але навошта неабходнага перыяду ў жыцці, стане для іх адпраўной кропкай, пасля якой развіццё ў іх лёсах пойдзе па новым вітку спіралі".

«Я веру, што хутка маё дзіця будзе на волі»

Маналог маці палітзняволенай


51-гадовую доктарку з Мінска Наталлю Нікіціну затрымалі проста на працоўным месцы ў Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. Але за некалькі гадзінаў да затрымання ёй прыйшло паведамленне аб звальненні. Наталля — педыятр, псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт, экзістэнцыяльны філосаф і псіхолаг. Каля 30 гадоў яна прапрацавала лекаркай. "Дапамагаць людзям — не толькі яе прафесія, але і прызначэнне. Зрэшты, не толькі людзям. Яна з задавальненнем прыняла прапанову стаць суаўтаркай дзвюх кніг пра гуманнае стаўленне да сабак, пра выхаванне і навучанне жывёлаў без гвалту і жорсткасці. І ў цяперашні час вяла працу над трэцяй кнігай", — кажа ейная маці Алена Ігнацьеўна.

Лекарку з 30-гадовым стажам звольнілі за некалькі гадзінаў да затрымання

Распавядаем пра палітзняволеную Наталлю Нікіціну


Палітзняволенага жыхара Баранавіч Уладзіміра Ланкевіча асудзілі летась у красавіку да трох гадоў зняволення, якія ён ужо адбывае ў "Віцьбе". 33-гадовага машыніста цеплавоза прызналі вінаватым у спробе блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам замыкання рэек. Дома Уладзіміра чакаюць жонка, двухгадовы сын і пяцігадовая дачка, якім маці кажа, што тата "паехаў працаваць з салдацікамі". 

"Тата паехаў працаваць з салдацікамі"

Распавядаем пра палітзняволенага чыгуначніка, асуджанага за замыканне рэек


Былую настаўніцу беларускай мовы і літаратуры з Мёраў Эму Сцепулёнак затрымалі летась 29 верасня ў межах крымінальнай "справы Зельцэра". "Эма Антонаўна — унікальны чалавек. Яна здольная выканаць любую працу, прычым не толькі жаночую, але і мужчынскую. Яна ўмее вязаць, шыць, вышываць, пячы. Яна і рамонт у хаце робіць сама, і лазню пабудуе, і ваду правядзе, і праводку адрамантуе, і дарожкі заліе. Выдатны кветкавод. Які парадак у яе каля дома, кветкі пахнуць з ранняй вясны да позняй восені! Эма Антонаўна — творчы чалавек: яна і маляваць умее, шрыфтам валодае, пісала віншаванні ў вершах калегам да святаў і не толькі на беларускай мове. Можа не толькі верш напісаць — паэму! А як кранальна чытала яна вершы са сцэны, удзельнічаючы ў мастацкай самадзейнасці! Машыну водзіць дагэтуль. Працаголік па жыцці. Разумная, адказная, справядлівая", — распавядаюць яе сябры.

Былая настаўніца сустрэне сваё 68-годдзе ў турме

Распавядаем пра палітзняволеную пенсіянерку з Мёраў


Палітзняволены тэхнік-праграміст з Сеніцы Алег Гармазінскі быў узяты пад варту ў зале суда два месяцы назад. Паводле жонкі Алены, Алег — спакойны і стрыманы чалавек, які любіць усё жывое. Ладную частку часу сям'я бавіць на дачным участку, дзе маладыя людзі даглядаюць 25 сотак сваёй зямлі і 10 — суседскай. "І муж ён цудоўны, — працягвае жонка Алега. — Мы разам 10 гадоў, і для мяне на гэтым этапе жыцця няма бліжэйшага чалавека. Нядаўна ў лісце я пісала яму, што ў цэлым свеце няма ніводнага чалавека, з якім я магла б размаўляць на ўсе тэмы так, як з ім. Я магу распавядаць яму нават нейкую жаночую дробязь, а ён слухае і падтрымлівае. Мы заўсёды імкнёмся размаўляць з ім, прасякацца перажываннем. Мы з дачкой шчасліўчыкі, нам пашанцавала".

Праграміст з душой друіда: гісторыя палітвязня Алега Гармазінскага

Жонка палітвязня распавяла "Вясне", чаму сябры завуць яго друідам, у чым палягае ментальная сувязь паміж Алегам і дачкой, і як за тры тыдні яго захапіла чытанне. 


За кратамі ўжо амаль паўгода знаходзіцца 40-гадовы палітзняволены мінчук Андрэй НавіцкіЯгоная маці Таццяна Іванаўна распавядае:"Лісты ад яго атрымліваю рэдка, хоць ён піша, што адпраўляе іх шмат. Маіх усіх ён таксама не атрымлівае. Я вельмі перажываю, бо не ведаю, што з ім, ці жывы. З турмы мне дасылае свае малюнкі і я іх збіраю, захапляючыся іх высокай якасцю. Пісаў, што пакутуе ад адсутнасці аб'ектыўнай інфармацыі. А напісаць яму ўсю праўду не магу — не прапусцяць. У лістах піша, што вельмі хоча ведаць, як тут і што. Таму што калі глядзеў тэлевізар у турме, то здавалася, што ў краіне ўсё добра. Мой сын імкнецца да справядлівасці, выканання дзяржаўнага і агульначалавечага закона. І абавязкова Канстытуцыі і правоў чалавека. І галоўнае для яго — гэта свабода! У лістах заўсёды піша: "Мы пераможам", "Жыве Беларусь!"

"Ён нязломны ўпарты воін"

Маці палітвязня Андрэя Навіцкага пра сына


Аляксею Забірану 32 гады. Ён нарадзіўся ў Казахстане, але прыкладна 8 гадоў таму вярнуўся на этнічную радзіму — у Беларусь. З'яўляючыся гісторыкам паводле адукацыі, знайсці падыходзячую працу па спецыяльнасці з дыпломам з Казахстана хлопцу аказалася няпроста. Ён уладкаваўся на працоўную пасаду ў "Гродна-Азот" і жыў у інтэрнаце, які яму вылучыла прадпрыемства. "У Казахстане вольна размаўляў на казахскай, выдатна ведае англійскую. Потым знайшоў у родзе грэцкія карані — вывучыў грэцкую. А калі вярнуўся ў Беларусь — загаварыў і на беларускай. Людзям, якія звярталіся да яго на мове, заўсёды на ёй жа і адказваў, — распавядаюць пра Аляксея сябры і блізкія. — Успрымаць абыякава падзеі, што адбываліся ў краіне, ён не мог. Заўсёды перажываў за сумленнасць і справядлівасць. Пасля выбараў нават набіў на запясце татуіроўку з выявай "Пагоні". Свайго стаўлення да падзеяў у краіне Аляксей не хаваў".

"Лёша — сумленны чалавек, але сядзіць у турме. Прымаць гэта кожны дзень невыносна"

Блізкія пра палітвязня Аляксея Забірана


Да 21 кастрычніка 32-гадовы плітачнік Сяргей Красоўскі адпрацоўваў размеркаванне пасля заканчэння дзяржаўных курсаў, хацеў адкрыць сваю справу і не прапускаў ніводнага матчу любімай футбольнай каманды "Мілан". У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года падчас пратэстаў Сяргея ўдарылі дубінкай па галаве недалёка ад Стэлы, але з пацярпелага ён ператварыўся ў абвінавачанага. 

«Ён не верыў, што яго будуць пераследваць, бо лічыў сябе пацярпелым»

Гісторыя палітвязня Сяргея Красоўскага


Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Сяргеенку затрымалі сёлета 14 снежня пасля ператрусу ў сябе дома. Сябра АГП затрымлівалі на трэціх і чацвёртых прэзідэнцкіх выбарах, ён тады сядзеў на "сутках" на Акрэсціна. А ў 1937 годзе быў арыштаваны і расстраляны прадзед Мікалая. Цяпер гісторыя з палітычным арыштам у сям'і Сяргеенкаў паўтараецца. 

Затрымалі за мінулую грамадска-палітычную актыўнасць

Гісторыя палітзняволенага сябра АГП


Гісторыі палітвязняў таксама можна знайсці ў іх профілях. Таксама па спасылках можна знайсці гісторыі:

Распавесці гісторыю журналістам «Вясны» можна, напісаўшы ў тэлеграм-акаўнт.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства