viasna on patreon

Балерына, сыты кот і фемінітывы ў СІЗА. Незвычайныя факты пра Марфу Рабкову

2022 2022-01-06T16:41:07+0300 2022-06-25T09:10:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rabkova_11-gadou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 6 студзеня, палітзняволенай праваабаронцы "Вясны" Марфе Рабковай cпаўняецца 27 гадоў. Свой дзень народзінаў яна ўжо другі раз запар сустракае ў СІЗА. І сёння "Вясна" распавядае незвычайныя гісторыі і факты пра Марфу.

rabkova_11-gadou.jpg
Марфа Рабкова ў дзяцінстве

Тут Марфе 11 гадоў. У той час яна марыла стаць балерынай. Але нічога не атрымалася — чаму Марфа рада. Пра гэта яна распавядала ў адным з відэа для праекта ў ЕГУ, студэнткай якога з'яўляецца:

Перажывала, што "недавучаная". Студэнцкі шлях Марфы Рабковай

"Вясна" распавядае пра тое, які шлях прайшла праваабаронца Марфа Рабкова, каб вучыцца.

У дзяцінстве Марфа вельмі любіла чытаць:

"Казала, што магла проста схавацца ў доме і чытаць гадзінамі", — распавёў муж Марфы Вадзім Жаромскі.

Марфа любіць і кнігі (а таксама музыку) Андрэя Лысікава, вядомага як Дэльфін.

 

Як Марфа чытала кнігі да зняволення ў СІЗА?

"Паядаючы чыпсы", — кажа Вадзім.

У СІЗА чытаць Марфа працягнула. Вось топ-3 кніг, якія Марфа за апошнія паўгода вылучыла як вартыя:

Топ-3 кніг ад Марфы з СІЗА:

  1. Васіль Быкаў, аповесць "Сотнікаў" (1969) і фільм "Узыходжанне", зняты паводле яе матываў. Імі Марфа захаплялася яшчэ да свайго арышту. Але перачытала "Сотнікава" ўжо знаходзячыся ў СІЗА, гледзячы на гісторыю ўжо іншымі вачыма, сутыкнуўшыся з дакладна такім самым маральным выбарам людзей, якія яе атачалі. "Сотнікаў" — гэта гісторыя двух савецкіх партызанаў, якія патрапілі ў палон і якім трэба зрабіць выбар паміж гераічнасцю і здрадай, жыццём і смерцю. Твор прымушае задумацца пра маральны бок жыцця чалавека, які знаходзіцца пад грузам акалічнасцяў, і правесці паралелі з сённяшнім днём.
  2. Рышард Капушчынскі, збор твораў "Імператар. Шахіншах" пра крушэнні імперый і рэжымаў у Афрыцы. Марфу ўзбурылі дакументальна зафіксаваныя аповеды людзей, набліжаных да двара імператара Селасіе, які кіраваў у Эфіёпіі 40 гадоў. "Гісторыі з жыццяў здаваліся да абсурду знаёмымі — штодзённыя даносы, каста абраных, вертыкаль улады. Усё жыццё імператарскага двара было падпарадкаванае толькі аднаму: утрыманню ўлады", — напісала Марфа ў адным са сваіх лістоў.

  3. Эрых Марыя Рэмарк, раман "На заходнім фронце без перамен". Гэты антываенны твор пра страчанае пакаленне маладых людзей, якія перажылі жахі крывавых бітваў, што пакінулі непазбыўны след у іх жыццях.
СИЗО-1, в котором Марфа Рабкова содержится с 17 сентября 2020 года
СІЗА-1, у якім Марфа Рабкова ўтрымліваецца з 17 верасня 2020 года

Падчас свайго зняволення Марфа Рабкова заўсёды выкарыстоўвала фемінітывы і нават прывучыла да гэтага работнікаў СІЗА. Як?

"Марфа піша, напрыклад, заяву ці агучвае штосьці на праверцы — і кажа: “Запрасіце доктарку”, “Чакаю адвакатку”», — распавёў Вадзім.

Спачатку работнікі СІЗА смяяліся, але потым і самі пачалі выкарыстоўваць фемінітывы — прынамсі ў размове з Марфай. Гэтак жа сталі рабіць і тыя сукамерніцы Марфы, якія раней фемінітываў не ўжывалі.

У Марфы з ейным мужам Вадзімам быў уласны чэлендж: пара спаборнічала ў тым, хто больш накорміць катоў

"Калі мы ехалі кудысьці, то бралі з сабой пакет сухога корму і кармілі катоў, якіх сустракалі па дарозе. Хто ката ўбачыць — той і корміць. Звычайна пара дзясяткаў набіралася", — распавёў Вадзім Жаромскі і дадаў: выйгравала заўсёды Марфа.

Чэленджа мае і ўласны хэштэг #сытыйкот, які Марфа і Вадзім выкарыстоўвалі ў асабістай перапісцы.

sytyjkot.jpeg
Марфа Рабкова корміць катоў. Калаж Вадзіма Жаромскага

Марфа любіць катоў і сабак — яна валанцёрыла ў прытулку для жывёл. Сваім калегам з "Вясны" яна распавядала: паездкі ў прытулак і праца там — гэта для яе ў тым ліку і своеасаблівы адпачынак, і спосаб напоўніцца рэсурсамі. А яшчэ Марфа ўдзельнічала ў дабрачынных мерапрыемствах у падтрымку прытулкаў для бяздомных жывёлаў.

rabkova_dabraczynnasc.jpg
Марфа Рабкова на дабрачынным мерапрыемстве. Здымак: Вадзім Жаромскі

Марфа таксама падбірала на вуліцы бяздомных катоў і котак, даглядала іх, а затым адпраўляла ў прытулак ці ў добрыя рукі. Адначасова ў Марфы ў доме жыло чатыры каты. Цяпер яе чакае адзін сталы кот — яго завуць Марфей.

Один из котов Марфы по кличке Морфей. Его Марфа подобрала на улице
Кот Марфей. Яго Марфа таксама падабрала на вуліцы

З СІЗА Марфа неяк даслала паштоўку Вадзіму і адзначыла, што кот на ёй падобны да Марфея: 

Вадим Жаромский, кот Морфей и открытка, которую прислала Марфа
Вадзім Жаромскі, кот Марфей і паштоўка, якую даслала Марфа

Аднойчы ў Марфы ледзь не з'явіўся сабака. Вось як гэта было:

Марфа і Вадзім ішлі па вуліцы, убачылі прывязанага на ланцужку сабаку — і падумалі, што яго кінулі. Пара прачакала цэлую гадзіну, але ніхто па яго не прыходзіў. Тады Марфа вырашыла ўзяць яго дадому — і тут раптам з'явіўся састарэлы гаспадар сабакі. Аказалася, ён вельмі доўга быў у краме.

Знаходзячыся ў СІЗА, Марфа працягвае клапаціцца пра жывёлаў. Яна змагла ўбачыць праз "раснічкі" (жалезныя пласціны на вокнах, якія практычна не прапускаюць дзённае святло), што ў двары СІЗА жывуць каты. На адным з абыходаў па камерах Марфа папрасіла аддаць ейны хлеб гэтым катам, каб яны не заставаліся галоднымі. Гэтую гісторыю распавёў Вадзім Жаромскі ў 16-м выпуску праваабарончага падкаста "Вясна прыйдзе". Там можна пачуць і голас Марфы (выпуск запісаны пры канцы 2020 года, калі Марфа знаходзілася за кратамі тры месяцы):

"Вясна прыйдзе" · #16. Голас Марфы. Выпуск прысвечаны праваабаронцы “Вясны” і палітзняволенай Марыі Рабковай

Падтрымайце Марфу Рабкову лістамі салідарнасці!

Адрас: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства