viasna on patreon

Вясновец Валянцін Стэфановіч распавёў, як адзначыў Новы год на «Валадарцы»

2022 2022-01-10T15:32:51+0300 2022-01-10T15:36:51+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovic2019.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Новы год палітзняволены намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч, як і яшчэ шэсць праваабаронцаў і валанцёраў "Вясны", сустрэў за кратамі. Валянціна выпісалі з турэмнага шпіталя, дзе ён прабыў каля трох тыдняў з пнеўманіяй, і перавялі ў камеру. У першых лістах у новым 2022 годзе вясновец распавядае пра тое, як адзначыў свята на "Валадарцы", пра віншаванні сукамернікаў і салідарнасць беларусаў з волі.

«У мяне галоўная навіна, што нарэшце быў выпісаны са шпіталя і цяпер у сваёй камеры, там, дзе і быў. Добра, што ўжо паправіўся, хаця, канешне, пасля гэтай хваробы трэба пэўны час аднаўляцца.

Я вельмі рады, што ізноўку вярнуўся ў сваю камеру да маленькіх радасцяў тутэйшага жыцця – кніжак, тэлека, газет і г.д. Новы год мы тут адзначылі наколькі маглі. Накрылі стол, павіншавалі адзін аднога, пажадалі канешне толькі аднаго – як мага хутчэй апынуцца на волі.

У 22:00 быў адбой і разеткі вырубілі, так што віншаванні Рыгорыча мы не глядзелі :) Ну і навагоднія праграмы таксама. Ніякіх выключэнняў у гэтыя дні для нас не было. Усё, як заўсёды, і нават горш, бо ўвагі ў гэтыя дні да нас было больш, чым звычайна. Вось так мы і сустрэлі Новы год.

Канешне, у такія святы кожны тут думае пра сваіх родных, каханых, з якімі мы ўсе ў вымушаным расстанні зараз. Таму сумна ўсім, канешне, у такія святы. Як і нашым родным сумна было адзначаць Новы год без нас. Але што тут зробіш, такі лёс. Затое ў адчыненае акно мы чулі гук навагодніх петардаў і феерверкаў. Як нам падалося, ён пачаўся ў 23:34. Хаця, магчыма, нам так толькі падалося.

Я атрымаў шмат віншавальных паштовак і, у тым ліку, ад зусім незнаёмых людзей. Не ўсім я паспеў адказаць, але я вельмі ўдзячны людзям за іх падтрымку і салідарнасць, удзячны, што не забываюць пра мяне, пра іншых нашых вязняў. Гэта надзвычай важна, гэта тое, што ў нас ніхто не адбярэ і не забароніць – наша салідарнасць.

Вельмі хацелася бы спадзявацца, што болей не прыйдзецца сустракаць Новы год у турме. Аднак можа быць па-рознаму. Заўсёды ўзгадваю Алеся [Бяляцкага], які вось другі раз тут апынуўся, а ў наступным годзе яму між тым 60 гадоў.

Спадзяюся, што хутка сустрэнемся. Трэба верыць у цуды і ў лепшае. Усё будзе добра!»

Праваабаронца-вясновец Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Вось і цяпер мы побач з людзьмі – у турме"

Свой ліст на волю праваабаронца напісаў 11 снежня – на наступны дзень пасля Міжнароднага дня правоў чалавека. У ім Валянцін павіншаваў ва святам вясноўцаў і выказаўся пра цяперашнюю грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі.


Дасылайце адкрытыя лісты салідарнасці і падтрымкі нам на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім іх вясноўцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках. Усе падрабязнасці па "справе Вясны" можна знайсці на адмысловым сайце freeviasna.org.

Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Алесь (Аляксандр) Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа (Марыя) Рабкова, Андрэй Чапюк)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А (Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца)  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства