viasna on patreon

Заява аб прызнанні журналіста-фрылансера Андрэя Кузнечыка палітычным зняволеным

2022 2022-01-11T10:47:45+0300 2022-01-11T12:08:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andrey-kuznechyk-svaboda.org.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

11 студзеня 2022 г.

Андрэя Кузнечыка, журналіста-фрылансера "Радыё Свабода", затрымалі 25 лістапада 2021 г. У ягонай кватэры адбыўся ператрус. Пасля затрымання фрылансера сілавікі ненадоўга здолелі захапіць кантроль над тэлеграм-каналам "Радыё Свабода". На наступны дзень Андрэя Кузнечыка асудзілі судом Заводскага раёну г. Мінска на 10 сутак, аднак 5 снежня на волю не выйшаў і быў зноў асуджаны тым жа судом на 10 сутак. Але і 15 снежня яго не вызвалілі.

23 снежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але інфармацыі, па якім артыкуле была распачата крымінальная справа, не паведамлялася. Кузнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Да гэтага часу сваякам не паведамляюць сутнасць абвінавачванняў.

Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да журналіста Андрэя Кузнечыка з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Андрэя Кузнечыка з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару яго публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.

Таксама адзначаем, што ў сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня 2020 года, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Андрэя Кузнечыка палітычным зняволеным і патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення Андрэя Кузнечыка і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;
  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларускі ПЭН-цэнтр.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства