viasna on patreon

Два гады калоніі і вялікі штраф — першы прысуд па "справе Зельцэра"

2022 2022-01-11T11:46:44+0300 2022-01-11T11:51:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zelcer_902.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёве вынеслі першы ў Беларусі прысуд па "справе Зельцэра". 5 студзеня суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Таццяна Рахманенка асудзіла 45-гадовага жыхара гэтага горада Аляксандра Гаўрыленку да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь за абразлівыя каментары ў адрас супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, забітага Андрэем Зельцэрам. Што характэрна, справу Аляксандра Гаўрыленкі разглядалі паводле аднаго артыкула Крымінальнага кодэкса — публічная абраза прадстаўніка ўлады. У той час як каля сотні затрыманых па гэтай справе інкрымінуецца адразу два артыкулы КК — 369 і 130 (распальванне сацыяльнай варожасці). Магілёўскім праваабаронцам "Вясны" сталі вядомыя падрабязнасці гэтай справы і судовага працэсу.

Перестрелка в минской квартире. 28 сентября 2021 года. Скриншот: видео КГБ
Перастрэлка ў мінскай кватэры. 28 верасня 2021 года. Скрыншот: відэа КДБ

Паводле версіі абвінавачвання, 29 верасня 2021 года Гаўрыленка прачытаў пра інцыдэнт з Зельцэрам і Федасюком, пасля чаго скапіяваў карцінку і размясціў яе ў чаце "Могилев **%", дзе ішло абмеркаванне гэтай падзеі, а таксама пакінуў свой каментар наступнага зместу:

"Есть нестыковки. Не слышновато. Обычно слабовики кроют как сапожники".

Акрамя гэтага, падчас абмеркавання Гаўрыленка яшчэ двойчы адпісваў рэплікі з нагоды гэтай сітуацыі:

"Туда ему и дорога. +1", и "не просто убивать, а сжигать на костре".

На судзе Гаўрыленка прызнаў сваю віну.

"Прашу ўлічыць найперш грамадскую небяспеку зробленага дзеяння. Дзеянні Гаўрыленкі зробленыя ў перыяд напружаных грамадска-палітычных умоваў у краіне, што характарызуюцца ўнутранымі і вонкавымі выклікамі дзяржаўнасці і суверэнітэту краіны, накіраваныя на распальванне і ўзмацненне паміж грамадзянамі палітычных поглядаў і перакананняў, а таму істотна павялічваецца грамадская небяспека, садзейнічае ўзнікненню чарговага канфлікту ў грамадстве.

Быць несудзімым, быць добрым спецыялістам у сваёй прафесіі — яшчэ не значыць быць добрым, законапаслухмяным, годным чалавекам грамадства, у якім жывеш", — заявіла дзяржабвінаваўца.

На яе думку, палітычныя погляды Гаўрыленкі носяць "дэструктыўны характар", пра што, як мяркуе абвінаваўца, сведчаць "знойдзеныя ў памяці смартфона фатаграфіі, на якіх зафіксаваны ягоны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, захоўванне ім па месцы жыхарства адпаведнай сімволікі — плакат БЧБ".

Забойства супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка памочніца пракурора пазначыла як "спланаванае, падрыхтаванае на халодную галаву забойства супрацоўніка сілавога ведамства".

"На што здольны чалавек, якія з шчанячым захапленнем ўспрыняў акт такога забойства і гатовы публічна гэтае захапленне выказаць? Гаўрыленка — пастаянны ўдзельнік каналаў "Байп*л", "Н*хта", захоўваў цяпер забароненую сімволіку, наведваў мітынгі", — рытарычна запыталася дзяржабвінаваўца.

Яна назвала каментары Аляксандра Гаўрыленкі "сведчаннем таго бязладдзя, якое так хацелі зрабіць праціўнікі дзейснай улады".

"Такія выказванні даюць падтрымку тым, хто хоча ўзяць у рукі зброю і ладзіць самачын. Сваім падобным ухваленнем абвінавачаны можа натхняць людзей на падобныя дзеянні. Пакуль у краіне вяршэнствуе закон, такія спробы трэба спыняць. Пра гэта казаў прэзідэнт, іншыя службовыя асобы, і з гэтым не пагадзіцца нельга", — заявіла памочніца пракурора.

У судовых спрэчках дзяржабвінавачванне запатрабавала для магілёўца 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму і велізарны штраф, а таксама папрасіла суддзю не аказваць неапраўданую гуманнасць. У выніку суддзя Рахманенка прызначыла на паўгода менш, асудзіўшы Гаўрыленку да 2 гадоў зняволення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства