viasna on patreon

“Непакоіліся за падзеі ў краіне, пераследу асабліва не чакалі”: гісторыя палітвязня Дзяніса Насуры

2022 2022-01-14T10:21:00+0300 2022-01-14T12:58:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nasura_dzianis.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вядучаму бізнэс-аналітыку EPAM і палітычнаму зняволенаму Дзянісу Насуру якраз напярэдадні Новага года, 31 снежня, было прад’яўленае абвінавачанне ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. У той жа дзень ён быў змешчаны пад варту ў СІЗА №1, пакуль на два месяцы. Хаця ў няволі Дзяніс знаходзіцца з 9 снежня.

"Вясна" паразмаўляла з жонкай палітвязня Кацярынай, каб даведацца болей пра самога Дзяніса, а таксама пра падрабязнасці ягонага пераследу.

Дзяніс Насура

“Паталагічна добрапрыстойны ў працы і сям’і”

Кацярына — украінка, а сваё жыццё з Беларуссю звязала дзякуючы Дзянісу 16 гадоў таму.

Неяк на адной з міжнародных канферэнцый праграмістаў і навукоўцаў у Кіеве яны сустрэліся. Кацярына нядоўга супраціўлялася абаянню беларуса і пагадзілася пераехаць да яго ў Мінск. Тым больш іх аб’ядноўвалі і прафесійныя, і навуковыя інтарэсы. Яны разам рыхтавалі кандыдацкія працы. Так узнікла новая сям’я.

І краіна, і горад Кацярыне напачатку спадабаліся: у адрозненне ад багатай у той час на розныя падзеі Украіны, тут было спакойна і ціха — стабільна, адным словам.

Дзяніс шмат працаваў. Знайшоўся занятак і для яе. Каця стала выкладаць праграмаванне ў БДУІРы. Сям’я хутка пачала расці. Зараз у Насуры трое дзяцей… 

Распавядаючы пра Дзяніса, Кацярына адзначае, што праца ў IT-сферы, асабліва калі ты імкнешся нечага дасягнуць, вымагае вельмі шмат часу, укладання і разумовых, і фізічных сіл. Гэта толькі збоку падаецца, што айцішнікі грабуць грошы рыдлёўкай. 

— Дык на сям’ю часу асабліва ў яго не заставалася? — пытаемся ў Кацярыны.

— Ні ў якім разе. Дзяніс адказны не толькі ў працы, але і ў сям’і. Два выходныя дні ён цалкам прысвячаў нам: мне і дзецям. Усе разам мы шмат і паўсюль падарожнічалі. У апошні час, з узнікненнем ковідных абмежаванняў, сталі імкнуцца больш вывучаць Беларусь, наведалі практычна ўсе цікавыя мясціны, маленькія гарады і мястэчкі. А яшчэ Дзяніс — вялікі аматар рыбалкі, таксама вельмі любіў "ціхае паляванне" ў прыгожых беларускіх лясах. Часам ён жартаваў, называючы сябе “паталагічна добрапрыстойным”. І гэта было праўдай.

Можна дадаць, што з юнацтва муж захапляўся жывапісам; ягоныя пейзажы і нацюрморты ўпрыгожваюць сцены нашай мінскай кватэры, у якой цяпер засталася толькі адзінокая маці Дзяніса.

Дзяніс Насура з сям'ёй на Нарачы
Дзяніс Насура з сям'ёй на Нарачы

Прымаў вайсковую прысягу пад бел-чырвона-белым сцягам

Дзяніс Насура да грамадскіх актывістаў ніколі сябе не прылічаў, быў проста грамадзянінам Беларусі, які шануе і любіць сваю краіну.

— Што прадвызначыла грамадзянскую пазіцыю Дзяніса? — распытваю Кацю.

— Ведаеце, яму выпала служыць у сапраўдным беларускім войску. І прысягу ён прымаў пад бел-чырвона-белым сцягам. Таму і да ўсяго нацыянальнага ставіўся з павагай.

Забягаючы наперад, прыгадаем, што пад час ператрусу ў кватэры Насуры 9 снежня канфіскавалі, сярод іншага, сувеніры: маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, бранзалет, дзве налепкі з "Пагоняй" і тры значкі з нацыянальнай сімволікай.

“Непакоіліся за падзеі ў краіне, пераследу асабліва не чакалі”

Кацярына крыху ўсхвалявана ўзгадвае падзеі дня, якія кардынальна змянілі іх жыццё, падзялілі яго на "да" і "пасля".

Ранкам 9 снежня Дзяніс працаваў, як і ўвесь апошні час, дома. Таксама ў кватэры знаходзілася ягоная маці і чатырохгадовая дачка. Нечакана ў дзверы пачалі моцна грукаць. Пачуліся крыкі “Ламайце!”. Дзяніс ледзьве паспеў іх адамкнуць.

Рашуча ўвайшло некалькі чалавек, частка з іх узброеныя, у бронекамізэльках, частка — у цывільным. Потым Кацярына даведалася, што некалькі сілавікоў заставаліся яшчэ і ў пад’ездзе. Адразу адключылі Wi-Fi ў кватэры, забралі тэлефоны, паказалі пастанову на ператрус.

Разам з імі прысутнічалі і панятыя. Адкуль яны і хто — было незразумела.

“Давайце па-добраму”, — Дзяніс папрасіў іх прадставіцца, паказаць дакументы.

Па-добраму не атрымалася. Супрацоўнікі міліцыі тут жа ўчапіліся ў яго і надзелі кайданкі, сказалі: “Паедзеш з намі”.

"Мне давялося самой надзяваць яму штаны, накідваць на плечы куртку, бо рукі мужа былі скаваныя. Адзінае, што дазволілі, — укінуць нешта з рэчаў у пакет. Далей ператрус адбываўся без яго ўдзелу", — распавядае Каця.

Што забароненае трымаеце дома?”

Пад час ператрусу найперш і вельмі старанна праглядалі ўсе паперы Дзяніса, ягоны працоўны стол.

“Ператрус праводзілі, у асноўным, у рэчах мужа. Дзіцячыя рэчы, рэчы ягонай маці іх цікавілі не надта. Знайшлі маленькі сцяжок б-ч-б, бранзалет, дзве налепкі з "Пагоняй" і тры значкі. Канфіскавалі тэлефон і працоўны ноўтбук Дзяніса, ягоны планшэт, мой тэлефон, два жорсткія дыскі са стацыянарнага камп'ютара і некалькі старых флэшак. Усё гэта потым з’явілася на фота, якое выклалі праўладныя тэлеграм-каналы…”, — узгадвае жанчына.

Пасля ператрусу Кацярыне далі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за падпіску на экстрэмісцкія каналы.

Усё гэта адбывалася на вачах у малодшай дачкі Насуры, якая вельмі спалохалася ўзброеных людзей. Яна адразу ўсё разумела і адзінае, што сказала потым, — "Тату забралі”.

Дзяніс Насура з сям'ёй

10 снежня Дзяніса Насуру абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх каналаў паводле адміністрацыйнага артыкулу 19.11 КаАП і асудзілі на 13 сутак арышту. Ён павінен быў выйсці на волю 23 снежня.

“Я чакала на Акрэсціна. У гэты час патэлефанавалі маці Дзяніса і паведамілі, што затрымалі яго яшчэ на 10 сутак. Пакуль я высветліла, за што затрымалі і чаму, прайшлі яшчэ суткі. Тады стала вядома, што муж затрыманы паводле артыкула 108 Крымінальнага кодэкса па падазрэнні ў здзяйсненні крымінальнага злачынства”, — кажа Кацярына.

31 снежня ёй стала вядома, што Дзянісу прад'явілі абвінавачанне па частцы 1 артыкула 342 КК і абралі меру стрымання — знаходжанне пад вартай на 2 месяцы.

Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Дзяніса Насуру палітычным зняволеным

P. S.

Пасля ператрусу 9 снежня Кацярыне далі падпісаць папярэджанне аб адказнасці за падпіску на экстрэмісцкія каналы. Яна разумела, што пагроза затрымання рэальная і для яе таксама. Тым больш што і яе тэлефон таксама апынуўся ў руках “спецыялістаў”.

Жанчына прыняла няпростае рашэнне — неадкладна пакінуць Беларусь. Зараз і яна, і дзеці ў бяспецы. Кацярына прызнаецца, што толькі нядаўна ёй перасталі сніцца кашмарныя сны, паволі вяртаецца спакой.

А яшчэ Кацярына вельмі марыць атрымаць хоць нейкія звесткі пра мужа, паколькі напісаць яму пакуль не мае магчымасці.

Падтрымаць Дзяніса лістамі, паштоўкамі, тэлеграмамі і грашовымі пераводамі можна па адрасе: 

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Дзяніс Рычардавіч Насура

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства