viasna on patreon

#FreeViasna: Тыднёвы агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў “Вясны”

2022 2022-01-17T15:43:48+0300 2022-01-17T16:25:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/poster_freeviasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны за мінулы тыдзень — з 10 па 16 студзеня — пра “вясноўцаў”, што знаходзяцца за кратамі.

Апеляцыйную скаргу на прысуд Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы не задаволілі

14 студзеня ў Гомельскім абласным судзе разглядзелі апеляцыйную скаргу на прысуд кіраўніку Гомельскага аддзялення “Вясны” Леаніду Судаленку і яго памочніцы Таццяны Ласіцы.

Суддзя Мікалай Маратаеў палічыў прысуд у дачыненні да праваабаронцаў абгрунтаваным і пакінуў яго без зменаў, а скаргу — без задавальнення.

Amnesty International выступіла з заявай, у якой патрабуе вызвалення Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіцы.

Прысуд гомельскім праваабаронцам “Вясны” пакінулі без зменаў

Суд вырашыў, што прысуд праваабаронцам вынесены справядліва, а довады абвінавачаных, выкладзеныя ў скарзе, задавальненню не падлягаюць.

Падтрымайце Таццяну і Леаніда:

СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Таццяне Леанідаўне Ласіцы
Леаніду Леанідавічу Судаленку

Паўгода за кратамі Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч

Больш як паўгода за кратамі знаходзіцца старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі, намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч.

Інфармацыі пра ход справы і следчыя дзеянні з удзелам Алеся Бяляцкага ў родных няма, бо адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні. Жонка Алеся найбольш хвалюецца за здароўе мужа. 

А сам Алесь Бяляцкі ў лістах дзеліцца ўспамінамі пра тое, як ён працаваў дырэктарам літаратурнага музея Максіма Багдановіча. За кратамі Алесь адзначыў і 30-годдзе адкрыцця экспазіцыі музея: 

"Вось толькі як адсвяткавалі 130-я ўгодкі з нараджэння Максіма Багдановіча. Я ўвесь лістапад-снежань узгадваў, як 30 гадоў таму мы адчынялі музей Максіма Багдановіча на Траецкім прадмесці. Два гады перад адкрыццём я і мае калегі па музеі працавалі без перадыху. Якое задавальненне і радасць былі, калі музей адчыніў дзверы для наведвальнікаў". 

uladz_valiancin_pashtouka.jpg
Лісты да Уладзя Лабковіча і Валянціна Стэфановіча. Ілюстрацыі Ганны Ніскавец

Пасля затрымання Валянціна Стэфановіча ягоная жонка Аліна з дзецьмі з'ехала ў Грузію, дзе жывуць ужо паўгода. Аліна Стэфановіч кажа, што не мела ілюзій, што сітуацыя з арыштам мужа хутка вырашыцца і ён апынецца на волі:

"Відавочна, што рэжым проста помсціць праваабаронцам. Гэта помста дзяржавы за дапамогу людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Таму адразу было відавочна, што ўсё не скончыцца нейкай праверкай дзейнасці, напрыклад. Гэтыя дзеянні [арышт праваабаронцаў] былі накіраваныя непасрэдна на ізаляцыю лідараў "Вясны".

Аліна распавядае, што настрой у Валянціна цяпер нармальны, наколькі гэта магчыма ў зняволенні:

"Ён не губляе аптымізму і добрага настрою. Я думаю, што ён яшчэ падтрымлівае астатніх людзей, якія апынуліся з ім у адной камеры".

Маці Уладзіміра Лабковіча Людміла Уладзіміраўна распавяла, што ліставанне з сынам сапсавалася апошнім часам: яму перадаюць толькі некаторыя лісты ад сям’і. Не аддалі яму нават навагоднія віншаванні. Пра гэта вясновец таксама піша ў паслянавагодніх лістах:

"Я не атрымаў віншаванні са святамі ад Ніны [жонкі], дзетак. Амаль не атрымліваю лісты ад іх. Усе ў камеры чытаюць стосы лістоў. А я  ніводнага".

За паўгода зняволення ва Уладзя значна пагоршылася здароўе. Ён скардзіцца на частыя галаўныя болі і на бяссонніцу. Таксама ў яго вельмі пагоршыўся зрок. Пра настрой сына Людміла Уладзіміраўна адказвае рытарычным пытаннем:

"Які можа быць настрой, калі ўсе Дні народзінаў дзетак і яго любімыя святы праходзяць без яго?"

Акцыя “Не толькі Бродскі” ў падтрымку Уладзіміра Лабковіча працягваецца

Як паўдзельнічаць?

  • напішыце вашыя ўласныя вершы ці абярыце вершы розных аўтараў,
  • размясціце іх у сацсетках з хэштэгам #FreeViasna або дашліце нам на пошту freeviasna@gmail.com.

У акцыі могуць прыняць удзел як паэты, так і ўсе неабыякавыя людзі.

Паўгода ў няволі. Распавядаем, што цяпер вядома пра трох зняволеных вясноўцаў

Што распавядаюць родныя пра зняволеных вясноўцаў, як іх сем'і сустрэлі Новы год без блізкіх і што самі праваабаронцы пішуць на волю – чытайце ў нашым матэрыяле.

Дасылайце лісты падтрымкі і вершы Алесю, Валянціну і Уладзю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу

Справу супраць Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка хутка накіруюць у суд

Следчы камітэт паведаміў, што справу супраць каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" Марфы Рабковай, валанцёра “Вясны” Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітзняволеных анархістаў перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

marfa_pashtouka.jpg
Ліст да праваабаронцы Марфы Рабковай. Ілюстрацыя Ганны Ніскавец

Траіх палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрага арганізаваных злачынных групаў, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідэрамі.

Праваабаронцу абвінавачваюць па 10 артыкулах крымінальнага кодэкса, ёй пагражае да 20 гадоў зняволення.

Андрэя Чапюка абвінавачваюць па двух артыкулах, яму пагражае да 8 гадоў зняволення.

Справу ў дачыненні Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ 8 палітвязняў перадалі ў пракуратуру

Палітвязняў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранеца, Андрэя Марача, Данілу Чуля будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Дашліце Марфе запаветны ліст з Хогвартса праз савіны паштовы канал

У Марфы Рабковай ёсць традыцыя падчас калядных святаў пераглядаць з мужам усе часткі "Гары Потэра", аднак ужо два гады запар яна не мае такой магчымасці. 

Што можна зрабіць: 

  • напісаць запрашэнне ў Хогвартс;
  • намаляваць саву ў лісце ці зрабіць паштоўку з ёй;
  • распавесці, якой бы гераіняй магла быць Марфа ў культавым фільме;
  • напісаць свой любімы ўрывак з кнігі пра Гары Потэра;
  • прыдумаць заклінанне, якое б дапамагала беларусам змагацца са злом;
  • узгадаць, якія рэчы дапамагаюць абараніцца ад цемры цяпер;
  • прыдумаць для сябе і Марфы патронусаў і распавесці, чаму абралі менавіта іх;
  • распавесці пра новы спецэпізод "Гары Потэр 20 гадоў апасля: вяртанне ў Хогвартс".

Ліст ці паштоўку можна зрабіць у адкрытым фармаце: напішыце, запосціце ў сацсетках з хэштэгамі #FreeViasna, #FreeMarfa ці адпраўце на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Марыі Аляксандраўне Рабковай
Андрэю Сяргеевічу Чапюку

Як падтрымаць вясноўцаў?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам.

Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

2. Даслаць пасылку ці бандэрольку з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Грашовыя пераводы можна даслаць нават праз інтэрнэт-банкінг. 

СІЗА-1, Мінск
УНП: 100744291
код BIC: BAPBBY2X
IBAN: BY52BAPB36429197000200000000

Дадаткова трэба будзе пазначыць імя, імя па-бацьку і прозвішча зняволенага(-ай) (СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2), вашыя імя і прозвішча, суму, якую жадаеце перавесці. Грошы вязням даходзяць на працягу некалькіх сутак.

Нажаль, Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да іх уступіў у сілу. 

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства