Human Rights Watch: Беларусь у Сусветным дакладзе – 2022
Арганізацыя Human Rights Watch апублікавала свой Сусветны даклад – 2022: гадавы агляд сітуацыі з правамі чалавека ва ўсім свеце. Адна з частак прысвечаная агляду рэпрэсій у Беларусі, якія ўлады абрынулі на грамадзянскую супольнасць у 2021 годзе.
Масавыя мірныя пратэсты, што ахапілі краіну пасля маніпулявання Аляксандрам Лукашэнкам вынікамі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 г., да канца 2021 года ў значнай ступені спыніліся ва ўмовах неаслабных жорсткіх рэпрэсій з боку ўрада. Гэта, аднак, не спыніла ўлады ад таго, каб павялічыць градус дыскрэдытацыі палітычных і грамадзянскіх актывістаў, незалежных журналістаў і праваабаронцаў і іх крымінальнага пераследу паводле надуманых палітычна матываваных абвінавачванняў. У ліпені прэзідэнт асабіста даў старт "зачыстцы" трэцяга сектара, якая вылілася ў масавую ліквідацыю дзясяткаў незалежных інфармрэсурсаў і праваабарончых груп, у тым ліку тых, якія даўно ўжо зрабіліся знакавымі для Беларусі.
На момант падрыхтоўкі гэтага агляду прынамсі 862 чалавекі знаходзіліся за кратамі па палітычна матываваных абвінавачваннях. Некаторыя з іх сутыкнуліся са збіццём, пагрозамі, недазволеным абыходжаннем і негуманнымі ўмовамі ўтрымання. Амаль 30 адвакатаў пазбавіліся ліцэнзій за тое, што абаранялі фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў і выказвалі пратэст супраць парушэнняў правоў чалавека.
Рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў
Падчас разгону мірных пратэстаў улады, у тым ліку рукамі праваахоўнікаў у цывільным, ужывалі залішнюю сілу. Міліцыя — часам надзвычай жорстка — адвольна затрымлівала грамадзянаў за бел-чырвона-белую сімволіку, якая зрабілася сімвалам пратэснага руху, пасля чаго на іх складалі пратаколы аб парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, прычым нават у тых выпадках, калі затрыманні праводзіліся ў выніку рэйдаў па кватэрах.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра "Вясна", за перыяд з лістапада 2020 г. па кастрычнік 2021 г. у сувязі з пратэстамі былі затрыманыя як мінімум 8 712 чалавек, шмат хто з якіх прайшлі праз недазволенае абыходжанне і/ці ўтрымоўваліся ў нялюдскіх умовах. Больш як палове з іх суды прызначалі штраф ці адміністрацыйны арышт, прынамсі 850 сталі фігурантамі крымінальных спраў.
У лістападзе 2020 г. актывіст Раман Бандарэнка памёр у лякарні пасля таго, як быў жорстка збіты меркавана праваахоўнікамі ў цывільным ці асобамі, якія дзейнічалі з падачы сілавікоў. Згодна з афіцыйнай версіяй, нарад міліцыі падабраў Бандарэнку на вуліцы — у нецвярозым выглядзе і ўжо збітага. Эфектыўнага расследавання па факце ягонай смерці не праводзілася.
У сакавіку была ўведзеная больш жорсткая адміністрацыйная адказнасць за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. У чэрвені набыў моц пакет паправак у закон аб масавых мерапрыемствах, пасля чаго забароненымі сталі любыя пратэсты, якія не былі ўзгодненыя з уладамі. Пазней у тым жа месяцы была ўведзеная крымінальная адказнасць за парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў на працягу года пасля двухразовага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных пратэстах за год. Таксама былі зробленыя больш жорсткімі санкцыі за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных пратэстах і за злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці, якія вызначаюцца вельмі шырока.
У жніўні Следчы камітэт заявіў аб адсутнасці падставаў для завядзення крымінальных спраў па завяршэнні папярэдняй праверкі 4 644 заяваў пра катаванні і іншае недазволенае абыходжанне ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў у жніўні 2020 г.
Свабода выказвання меркаванняў і замахі на журналістаў
За перыяд са студзеня да сярэдзіны лістапада 2021 г. Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) задакументавала 184 выпадкі адвольнага затрымання, накладання штрафаў, ужывання залішняй сілы і прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў дачыненні да журналістаў. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду 26 журналістаў знаходзіліся за кратамі па надуманых крымінальных справах, два працаўнікі СМІ знаходзіліся пад хатнім арыштам, адзін чалавек быў асуджаны на паўтара года абмежавання волі.
У траўні беларускія ўлады прымусова пасадзілі рэйс авіякампаніі Ryanair з нагоды нібы закладзенай у самалёце выбуховай прылады і арыштавалі Рамана Пратасевіча, які ляцеў на ім і раней адміністраваў Telegram-канал Nexta, што ў Беларусі быў забаронены як "экстрэмісцкі", і ягоную сяброўку, грамадзянку РФ Соф'ю Сапега. Пасля гэтага ў эфіры дзяржканалаў дэманстраваліся інтэрв'ю з Пратасевічам, дзе ён нібы прызнаваўся, як мяркуецца — пад ціскам, у арганізацыі масавых беспарадкаў і называў сваіх "саўдзельнікаў". На момант падрыхтоўкі гэтага агляду Пратасевіч знаходзіўся пад хатнім арыштам па справе аб "арганізацыі масавых беспарадкаў", "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", і "распальванні варожасці". Сапега таксама знаходзілася пад хатнім арыштам па справе аб "арганізацыі масавых беспарадкаў" і "распальванні варожасці".
На працягу года ў сувязі з асвятленнем мірных пратэстаў чацвёра журналістаў былі асуджаныя да зняволення тэрмінам ад шасці месяцаў да двух гадоў: Кацярына Андрэева (Бахвалава), Дар'я Чульцова, Кацярына Барысевіч і Сяргей Гардзіевіч.
Дзясяткі журналістаў былі прыцягнутыя ў якасці сведак ці падазраваных па надуманых крымінальных справах і зазналі вобшукі, допыты і ціск. Прынамсі чацвёра журналістаў заяўлялі пра збіццё і недазволенае абыходжанне з боку праваахоўнікаў у сувязі з прафесійнай дзейнасцю, уключаючы нялюдскія ўмовы ўтрымання і адмову ў медыцынскай дапамозе.
Мішэнню рэпрэсій зрабіліся таксама анлайнавыя інфармрэсурсы, якія асвятлялі пратэсты і абнародавалі парушэнні правоў чалавека. Іх пазбаўлялі статусу СМІ, у рэдакцыях і па месцы жыхарства супрацоўнікаў праводзіліся вобшукі, іх сайты блакаваліся, некалькі рэсурсаў былі забароненыя як экстрэмісцкія. Мацней за ўсё пацярпелі найбуйны навінавы партал TUT.by і спадарожнікавы канал "Белсат", які базуецца ў Польшчы. Яны былі забароненыя як экстрэмісцкія, дзясяткі супрацоўнікаў пасля вобшукаў былі затрыманыя па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах.
Як мінімум пяць незалежных газет сутыкаліся з адмовай друкаваць іх выпускі з боку дзяржаўных друкарняў.
У чэрвені набыў моц пакет паправак, што тычацца працы СМІ і пашыраюць падставы для спынення выпуску СМІ рашэннем Мінінфарма і блакавання сайтаў, забараняюць жывую трансляцыю несанкцыянаваных масавых пратэстаў і публікацыю матэрыялаў, "якія дыскрэдытуюць" дзяржаву, што фактычна раўназначна забароне любой крытыкі.
Праваабаронцы, няўрадавыя арганізацыі, адвакаты
Пасля пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў улады ўзмацнілі рэпрэсіі ў дачыненні да праваабарончых груп. Актывісты і іх сваякі зазнавалі неаднаразовыя інтрузіўныя вобшукі, адвольнае затрыманне і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах, збіццё, допыты, публічнае абгаворванне, а таксама дробязны і жорсткі ціск. Дзясяткі праваабаронцаў былі адпраўленыя за краты паводле надуманых абвінавачванняў.
У лютым праваабаронцы і журналісты па ўсёй краіне зрабіліся мішэнню рэйдаў праваахоўнікаў. Згодна з афіцыйнай версіяй, вобшукі на кватэрах і ў офісах праводзіліся ў межах расследавання фінансавання пратэстаў іх арганізацыямі. Праваабаронца Зміцер Салаўёў быў жорстка збіты сілавікамі падчас і адразу пасля вобшуку ў яго дома.
У ліпені ў межах новай хвалі яшчэ больш жорсткіх рэйдаў былі затрыманыя 11 праваабаронцаў. Мацней за ўсё пацярпеў праваабарончы цэнтр "Вясна" — адна з вядучых праваабарончых груп у Беларусі. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду ў зняволенні па надуманых абвінавачваннях, такіх як "ухіленне ад выплаты падаткаў", "дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак", і "ўдзел у злачыннай арганізацыі", заставаліся кіраўнік цэнтра Алесь Бяляцкі, ягоны намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзімір Лабковіч і яшчэ чацвёра праваабаронцаў.
3 лістапада суд у Гомелі прысудзіў кіраўніку мясцовага аддзялення "Вясны" Леаніду Судаленку і валанцёрцы Таццяне Ласіцы тры і два з паловай гады калоніі адпаведна.
Да сярэдзіны лістапада 2021 г. улады ініцыявалі ліквідацыю 278 праваабарончых груп і арганізацый, у тым ліку БАЖ. У верасні Вярхоўны суд задаволіў пазоў Мінюста аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага камітэта — адной з найстарых і аўтарытэтных праваабарончых арганізацый у Беларусі.
У ліку ліквідаваных НДА аказаўся і Офіс па правах людзей з інваліднасцю. Яго дырэктар Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі па надуманай справе аб махлярскіх дзеяннях па паўгода правялі пад хатнім арыштам і ў СІЗА адпаведна. На момант падрыхтоўкі гэтага агляду яны заставаліся ў статусе падазраваных.
За мінулы год зрабіліся часцейшымі выпадкі пераследу адвакатаў, якія выказваюцца па пытаннях правоў чалавека ці абараняюць фігурантаў палітычна матываваных спраў. Прынамсі 27 адвакатаў былі адвольна выключаныя Мінюстам з калегій ці пазбаўленыя ліцэнзій. Адвакаты таксама сутыкаліся з крымінальным і адміністрацыйным пераследам, вобшукамі і ціскам.
З боку ўладаў мела месца парушэнне асноватворных працэсуальных гарантый, уключаючы ўмяшанне ў адвакацкую дзейнасць, якое выяўлялася ў тым, што канфідэнцыйныя перамовы з падабаронным запісваліся на відэа, якія перадавалася дзяржаўным СМІ; адвакатаў прымушалі даваць залішне шырокую падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы; адвольна адмаўлялі адвакатам у доступе да падабаронных, а саміх падабаронных дапытвалі без прысутнасці адвакатаў.
У лістападзе набылі моц папраўкі ў закон аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці, у адпаведнасці з якімі ўсе практыкуючыя адвакаты павінны фактычна працаваць праз юрыдычныя кансультацыі на рэгіянальную адвакацкую калегію, якую кантралюе Міністэрства юстыцыі, што вядзе да далейшага падрыву незалежнасці адвакатуры.
Арышты і ціск на апазіцыянераў і іх прыхільнікаў
Працягваліся крымінальныя справы ў дачыненні да прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі і іх прыхільнікаў, затрыманых як да, гэтак і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г.
У ліпені Вярхоўны суд асудзіў Віктара Бабарыку, які быў патэнцыйным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, да 14 гадоў пазбаўлення волі па справе аб "атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры арганізаванай групай", а таксама аб "легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры". У сакавіку было завершана расследаванне па справе Сяргея Ціханоўскага, замест якога кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах зарэгістравалася ягоная жонка Святлана (на сённяшні дзень яна з'яўляецца вядучай прадстаўніцай апазіцыі ў эміграцыі). У канчатковым выглядзе Ціханоўскаму былі выстаўленыя абвінавачванні ў "арганізацыі масавых беспарадкаў", "распальванні сацыяльнай варожасці", "перашкаджэнні працы ЦВК" і ў "арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Ён знаходзіцца пад вартай з траўня 2020 г.
У верасні суд у Мінску асудзіў сябраў прэзідыума Кардынацыйнай рады апазіцыі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака да 11 і 10 гадоў пазбаўлення волі адпаведна па справе аб "закліках да дзеянняў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы", "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады" і "стварэнні экстрэмісцкай групоўкі". Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. У перыяд утрымання пад вартай Калеснікава заяўляла пра пагрозы і недазволенае абыходжанне.
Смяротнае пакаранне
Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. У цяперашні час выканання прысуду чакае як мінімум адзін чалавек — Віктар Сергель, асуджаны за забойства.
У 2021 г. у Беларусі, як паведамлялася, былі пакараныя смерцю два чалавекі. У верасні дзяржаўны тэлеканал СТВ намякнуў на прывядзенне ў выкананне прысуду Віктару Скрундзіку, асуджанаму за забойства і замах на забойства. У чэрвені, паводле звестак сястры, быў пакараны смерцю Віктар Паўлаў, асуджаны за забойства двух чалавек. Пры гэтым на момант падрыхтоўкі гэтага агляду ніякага афіцыйнага апавяшчэння сем'і абодвух пакараных не атрымлівалі. Як правіла, у Беларусі сваякам паведамляюць пра выкананне прысуду з інтэрвалам у некалькі тыдняў.
У красавіку прэзідэнт "памілаваў" (то бок замяніў расстрэл на пажыццёвае зняволенне) братоў Станіслава і Іллю Косцевых, якія са студзеня 2020 г. чакалі выканання смяротнага прысуду па справе аб забойстве. Гэта стала другім вядомым выпадкам "памілавання" смяротнікаў за 27 гадоў знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе.
У верасні прэзідэнт пагадзіўся з прапановай вынесці пытанне аб адмене смяротнага пакарання на рэферэндум.
Ключавыя міжнародныя актары
У сакавіку Савет ААН па правах чалавека (СПЧ) асудзіў грубыя парушэнні правоў чалавека, якія працягваюцца ў Беларусі, і прапанаваў вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека сумесна з профільнымі экспертамі асвятляць сітуацыю і весці збор і захаванне доказаў парушэнняў. У развіццё гэтага Упраўленне вярхоўнага камісара па правах чалавека прызначыла трох экспертаў і распачало працу па маніторынгу сітуацыі, збору доказаў і забеспячэнні адказнасці.
У ліпені СПЧ працягнуў на год мандат спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і настойліва заклікаў Мінск да супрацоўніцтва з мандатарыем. У штогадовай справаздачы цяперашняй спецдакладчыцы Анаіс Марэн быў задакументаваны беспрэцэндэнтны крызіс з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку міліцэйскі гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў, выпадкі гвалтоўнага знікнення, заявы пра катаванні і недазволенае абыходжанне, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці.
На працягу мінулага года Анаіс Марэн і іншыя мандатарыі СПЧ неаднаразова заклікалі Беларусь спыніць ужыванне залішняй сілы, арышты, адвольныя затрыманні і недазволенае абыходжанне у дачыненні да пратэстоўцаў і рэпрэсіі ў дачыненні да журналістаў і супрацоўнікаў СМІ. Ужыванне сілы супраць пратэстоўцаў асудзіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.
У сакавіку 14 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый пры падтрымцы цэлага шэрагу ўрадаў запусцілі працу Міжнароднай платформы для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Гэты механізм вядзе збор доказаў па заявах пра злачынствы супраць правоў чалавека дзеля крымінальнага пераследу ў будучыні.
Некалькі еўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку Літва, Германія, Польшча і Чэхія, у межах прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі пачалі крымінальныя расследаванні грубых парушэнняў правоў чалавека з боку беларускіх улад.
У сувязі з прымусовай пасадкай рэйса авіякампаніі Ryanair, арыштам Пратасевіча і грубымі парушэннямі правоў чалавека Еўрасаюз, ЗША, Вялікабрытанія і Канада ўвялі дадатковыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх фізічных асоб і арганізацый, якія лічацца адказнымі за парушэнні і рэпрэсіі, а таксама адрасныя эканамічныя санкцыі.
Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і мандатарыі СПЧ выказалі абурэнне ў сувязі з прымусовай пасадкай грамадзянскага авіярэйсу. Генеральны сакратар ААН заклікаў да "поўнага, транспарэнтнага і незалежнага расследавання" гэтага інцыдэнту і затрымання Пратасевіча. Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю з асуджэннем прымусовай пасадкі самалёта і палітычных рэпрэсій у Беларусі. Кіраўнік еўрапейскай знешнепалітычнай службы Жазэп Барэль неаднаразова крытыкаваў пераслед крытыкаў улады, журналістаў і пратэстоўцаў.
У студзені генеральны дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Уладзімір Варданян асудзіў вынясенне смяротнага прысуду па справе Скрундзіка і заклікаў Беларусь адмяніць смяротнае пакаранне. У чэрвені Еўрасаюз выказаў асуджэнне ў сувязі з інфармацыяй пра пакаранне смерцю Паўлава, заклікаўшы да павелічэння празрыстасці беларускай сістэмы выканання пакаранняў.