viasna on patreon

“Я, напэўна, памру”. Палітвязень Яўген Бароўскі не атрымлівае лячэння ў калоніі

2022 2022-01-19T11:20:17+0300 2022-01-19T11:21:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/barousky_yauhen.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тры тыдні Яўген Бароўскі хварэе, аднак нічога, акрамя "Ібупрафена", для лячэння яму не даюць. Да таго ж адміністрацыя папраўчай калоніі №15, дзе ён утрымліваецца, не дазволіла жонцы Яўгена, Вераніцы Бароўскай, перадаць мужу медыкаменты. Цяпер жа ягоны стан цяжкі, кажа Вераніка.

barousky_yauhen.jpg
Яўген Бароўскі

Што здарылася?

Яўгена Бароўскага асудзілі на 4 гады калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у адным з нядзельных маршаў 2020 года ў Мінску. Сваё пакаранне з 9 ліпеня 2021 года палітвязень адбывае ў магілёўскай ПК-15. І ўжо трэці тыдзень ён хварэе, пра што паведамляў сваёй жонцы. Але падчас чарговага тэлефанавання 16 студзеня Яўген сказаў:

"Я, напэўна, проста памру тут — мне настолькі дрэнна".

"Ён тэлефанаваў у жудасным стане, — распавяла Вераніка. — У яго нос апухлы, ён страшэнна кашляе і ў яго баліць галава, бо, хутчэй за ўсё, ужо пачаўся гаймарыт..."

Увесь гэты час Яўген Бароўскі не атрымліваў ніякага лячэння, за выключэннем "Ібупрафена" (прэпарата з гарачкапаніжальным і болесуцішальным дзеяннем), які ў выздараўленні не дапамагае. Больш за тое, палітвязень працягвае хадзіць на працу з тэмпературай 38-39 градусаў.

"Яны там пераносяць нейкія жалезныя трубы. У іх пяцідзёнка, з 7.00 да 16.00", — кажа Вераніка.

Яўген напісаў адміністрацыі калоніі заяву на атрыманне медбандэролі ад сваякоў. Але яму адмовілі, аргументуючы тым, што ў медсанчастцы ПК-15 медыкаментаў досыць. Таму Вераніка Бароўская 18 студзеня адмыслова прыехала ў Магілёў, каб адразу перадаць лекі ў ПК-15, "раз яны ніякіх захадаў не робяць". Але прэпараты не ўзялі.

Спроба перадаць лекі

"Яны проста мяне не пусцілі ў будынак — сказалі: "Чакайце на вуліцы", — распавядае Вераніка. — Затым прыйшла доктарка і сказала, што абсалютна нічым не можа дапамагчы: "Ідзіце да начальніка". [Але каб да яго пайсці], у будынак мяне таксама не пусцілі. Доктарка падышла да [вахцёркі] і паведаміла ёй, што я да начальніка. Тая пайшла да яго, [пасля вярнулася] і кажа: "Не, да пабачэння, вы дарма прыехалі. Трэба непасрэдна ад зняволенага заява на медбандэроль".

Вераніка паспрабавала патлумачыць сітуацыю, у якой знаходзіцца ейны муж, — атрымаўся дыялог прыкладна наступнага зместу (са слоў Бароўскай):

"Мой муж тэлефануе ў жудасным стане, ледзь размаўляе, кажа, што яму вельмі дрэнна і ніякіх захадаў не робяць, а лекаў не даюць".

"Я нічога прымаць не буду […] У нашай медсанчастцы вельмі шмат медыкаментаў, якія мы даём зняволеным".

"Муж мне сам казаў, што яму нічога не даюць, акрамя "Ібупрафена".

"Я вам на гэтае пытанне адказаць не магу. Да пабачэння", — на гэтым супрацоўніца калоніі зачыніла дзверы і сышла.

У Веранікі Бароўскай усё ж атрымалася перадаць заяву ад свайго імя на прадастаўленне мужу медбандэролі:

"Калі [супрацоўніца калоніі] падыходзіла да начальніка, ён ім перадаваў, што не будзе нічога падпісваць. Але ўсё ж у нейкі момант [супрацоўніца] спытала:

"Што ў вас за заява? Пакажыце мне", — аднесла яе да начальніка, пасля вярнулася і сказала, што заяву забірае, дадаўшы: "Чакайце 10 дзён, пакуль вам адкажуць".

"А раптам праз 10 дзён ён у вас проста тут памрэ?"

"Што вы так перажываеце, тут у нас добры медперсанал".

Жыццё ў калоніі да хваробы

Вераніка Бароўская таксама расказала пра тое, што Яўгена адразу пасля прыбыцця ў ПК-15 змясцілі ў ШІЗА:

"Даюць лусту хлеба за дзень і паўшклянкі чыфіра, і больш нічым не кормяць", — спаслалася на словы мужа Вераніка.

Ці быў Яўген па прыбыцці на абавязковым медыцынскім карантыне, які, паводле стандарту, павінны праходзіць новапрыбылыя, Вераніка не ведае.

Агулам Яўген прабыў у ШІЗА не менш за два месяцы сукупна. Адно з парушэнняў, якое да гэтага прывяло, — "выйшаў пакурыць у тапачках". Яўген лічыць, што да яго такое адмысловае стаўленне праз наяўнасць жоўтай біркі  — "схільны да экстрэмізму". Іншыя зняволеныя (не паводле палітычных артыкулаў) кураць у тапках, але ніякіх пакаранняў за гэта да іх не ўжываецца.

Адрас для лістоў: ПК №15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша 183. Яўгену Леанідавічу Бароўскаму

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства