viasna on patreon

Хатнія «хіміі» за абразу суддзі і міліцыянтаў: каго па дыфамацыйных артыкулах судзілі за апошні тыдзень

2022 2022-01-21T17:23:23+0300 2022-02-05T17:28:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-rechica.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). «Вясна» распавядае, каго і за што ў Беларусі судзілі па гэтых артыкулах за мінулы тыдзень.

"Вясна" збірае інфармацыю з "палітычных" судовых пасяджэнняў, што адбываюцца па ўсёй краіне. Калі ласка, дасылайце нам аўдыё і тэкставую інфармацыю ў Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: viasna@spring96.org

 Светлагорск: два гады хатняй «хіміі» за абразу ў сацсетках

У Светлагорску 18 студзеня за абразу прадстаўніка ўлады Комара асуджана 68-гадовая мясцовая жыхарка. Валянціна Куплінава прачытала ў Аднакласніках допіс, які датычыўся старэйшага ўчастковага інспектара аддзела ўнутраных спраў Першамайскага раёна Бабруйска Магілёўскай вобласці капітана міліцыі Андрэя Комара. Пад допісам яна напісала свой каментарый, які стаў прычынай для звароту міліцыянта ў суд. Справа разглядалася па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса РБ – «Знявага да прадстаўніка ўлады». Вінаватаму можа быць прызначаны штраф, альбо арышт, альбо абмежаванне волі на тэрмін да 3 год са штрафам, альбо пазбаўленне волі на той жа тэрмін са штрафам. Суддзя Аляксандр Валодзькін прызнаў, што каментарый Валянціны Куплінавай абразіў участковага інспектара з Бабруйска. Жанчыне прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову. Таксама яна павінна выплаціць участковаму інспектару 500 рублёў кампенсацыі за маральную шкоду.

Мазыр: закрыты суд па справе за каментар пад фота міліцыянта

У судзе Мазырскага раёна 19 студзеня вынесены прысуд па крымінальнай справе Леаніда Астапенкі, абвінавачанага ў абразе прадстаўніка ўлады па арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разглядала суддзя Валянціна Новікава. Ад самага пачатку судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, таму інфармацыі па справе пакуль не багата. Абвінавачаны ў мінулым годзе ў сацыяльных сетках пакінуў каментар, які абразіў супрацоўніка міліцыі з Ганцавіч. Нядаўна Астапенка, які працуе ў Расіі, вярнуўся дадому ў адпачынак. Яго неадкладна затрымалі, а па месцы жыхарства правялі некалькі ператрусаў. На папярэднім судовым пасяджэнні прадстаўнік абвінавачання запатрабаваў для Леаніда Астапенкі два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. Суд пастанавіў пакараць Астапенку абмежаваннем волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на паўтара гады. Ён таксама павінен кампенсаваць пацярпеламу маральную шкоду ў памеры 1 000 рублёў. Тэлефон, як сродак здзяйснення злачынства, канфіскаваны ў даход дзяржавы.

Маладзечна: 1,5 года хатняй «хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады

19 студзеня суд Маладзечанскага раёна разгледзеў справу Сяргея Космача, якога абвінавацілі ва ўчыненні злачынства па 369 арт. КК РБ «Знявага да прадстаўніка ўлады». Бок абвінавачвання падтрымліваў пракурор Барэйка. Інфармацыі з судовага пасяджэння амаль няма. Праваабаронцам стала вядома, што ў якасці пакарання для абвінавачанага пракурор запытаў два гады «хатняй хіміі» і маральную кампенсацыю ў памеры 100 базавых велічынь.

У выніку Сяргея Космача прызналі вінным у здзяйсненні злачынства па 369 арт. КК РБ. Прыгаварылі да паўтара года абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу и пастанавілі выплаціць пацярпеламу 3 200 беларускіх рублёў (100 базавых велічынь) у якасці маральнай кампенсацыі. Тэлефон канфіскавалі на карысць дзяржавы.

Мінск: 1,5 гады хатняй «хіміі» за каментар у адрас супрацоўніка АУС

19 студзеня суд Ленінскага раёна Мінска разгледзеў справу Валянціна Губара, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады».

Судовае пасяджэнне ўзначаліла суддзя Юлія Шут.

Валянціна Губара абвінавачваюць у тым, што ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» пад пастам пра супрацоўніка АУС ён напісаў каментар, у якім размясціў пра яго асабістую інфармацыю, яго фатаграфію, а таксама нецэнзурныя словы у яго адрас.

На судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну і патлумачыў, што «паддаўся ўсеагульнаму негатыўнаму настрою, у сувязі з чым пакінуў пад публікацыяй абразлівы каментар».

З абвешчаных падчас судовага пасяджэння паказанняў пацярпелага стала зразумела, што сваю фатаграфію ў тэлеграм-канале «Каратели Беларуси» пацярпелы ўбачыў сам, калі маніторыў яго ў працоўных мэтах. Па словах пацярпелага, каментар, які пра яго напісаў Губар, абражае яго і дыскрэдытуе як супрацоўніка АУС.

Суд Ленінскага раёна Мінска прызнаў Валянціна Губара вінаватым у здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК РБ «Абраза прадстаўніка ўлады» і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 1,5 года без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Змякчальнымі абставінамі суд палічыў чыстасардэчнае прызнанне і тое, што Губар кампенсаваў шкоду пацярпеламу.

У тэрмін адбыцця пакарання быў залічаны тэрмін папярэдняга ўтрымання пад вартай з разліку, што адзін дзень утрымання пад вартай роўны двум днях абмежавання волі.

Ляхавічы: Два гады хатняй «хіміі» за абразу суддзі

20 студзеня суд Ляхавіцкага раёна разгледзеў справу 68-гадовага Барыса Вітко, якога абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства па артыкуле 391 – «Абраза суддзі ці народнага засядацеля». Барыса Вітко абвінавачваюць у тым, што 30 верасня ў тэлеграм-канале «Ляхавічы 97» ён напісаў абразлівы каментар у адносінах да суддзі Мікалая Кміта. Сваю віну абвінавачаны не прызнаў. Патлумачыў, што свой каментар ён пісаў у адрас аўтара публікацыі Сяргея Веча, з якім у абвінавачанага непрыязныя адносіны. Аднак гэтыя тлумачэнні абвінавачанага не супалі з тымі паказаннямі, якія ён даваў у кастрычніку 2021 года. У сувязі з супярэчнасцямі ў судзе былі зачытаныя папярэднія паказанні абвінавачанага: "У канцы верасня 2021 года чытаў у інтэрнэце пра суддзю. Я яго не ведаю, але камент напісаў пра яго...". Пасля абвяшчэння паказанняў абвінавачаны заявіў, што гэты тэкст ён напісаў са слоў супрацоўнікаў міліцыі, якія яго дапытвалі. 

Пацярпелы ў суд не з'явіўся. Яго паказанні абвясцілі падчас судовага пасяджэння.

«Я працую суддзёй з 1984 года. У сувязі з палітычным становішчам у краіне я разглядаў справы, у тым ліку і ў стаўленні да асоб, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Мне прад'явілі фатаграфіі ад 30 верасня 2021 гады з канала «Ляхавічы 97», дзе пад маім фота быў абразлівы каментар наконт мяне».


Даведка «Вясны»: суддзя Кміта Мікалай Аляксеевіч пачынаў сваю дзейнасць у судзе Ляхавіцкага раёна, потым быў прызначаны на пасаду старшыні суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, дзе працаваў да 2020 года. Улетку 2020 года быў вызвалены ад пасады старшыні суда і стаў простым суддзёй. 


У якасці сведкі на судовым пасяджэнні выступіў супрацоўнік Ляхавіцкага РАУС Андрэй Шчарбукевіч. Той распавёў, што знаёмы з абвінавачаным па працы - праводзіў з ім першапачаткова гутарку, ніякага ціску на абвінавачанага не аказваў. Заключэнне судова-лінгвістычнай экспертызы паказана, што тэкст і каментарыі, якія абвінавачаны напісаў у адрас суддзі, маюць негатыўную ацэнку асобы. Пракурор запытаў для абвінавачанага 2 гады хіміі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. 

20 студзеня суд Ляхавіцкага раёна прызнаў Барыса Вітку вінаватым у здзяйсненні злачынства па артыкуле 391 – «Абраза суддзі ці народнага засядацеля» і прысудзіў два гады «хатняй хіміі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства