viasna on patreon

Тры гады "хіміі" — за ўдзел у двух жнівеньскіх масавых Маршах

2022 2022-01-24T10:44:32+0300 2022-01-24T10:47:57+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marsh_30_bbc.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 30 снежня да трох гадоў "хіміі" за ўдзел у пратэстах 2020 года асудзілі 36-гадовага мінчука Аляксея Лаўскага. За ўдзел у двух Маршах 23 і 30 жніўня 2020 года — "Маршы новай Беларусі" і "Маршы міру і незалежнасці" — яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Доказамі па справе выступалі фота і відэа з тэлефонаў і ноўтбука Лаўскага. Аляксея два з паловай месяцы ўтрымлівалі пад вартай, а пасля абвяшчэння прысуду выпусцілі на волю да накіравання на "хімію". Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава, дзяржабвінавачванне падтрымлівала В. Загароўская.

Иллюстративное фото Марша 23 сентября 2020 года в Минске
Ілюстратыўны здымак Марша 23 жніўня 2020 года ў Мінску

У чым абвінавацілі мінчука?

Паводле версіі абвінавачвання, Аляксей Лаўскі 23 жніўня 2020 года "ў выкананне публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія маюць сваёй сапраўднай мэтай загадзя спланаванае здзяйсненне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія цягнуць парушэнне працы транспарту, у выкананне размешчаных у глабальнай сетцы інтэрнэт на розных інтэрнэт-рэсурсах, з'яўляючыся дакладна інфармаваным з розных крыніц пра планаванае правядзенне на тэрыторыі Мінска 23.08.2020 масавых мерапрыемстваў, гэта значыць загадзя ў парушэнне патрабаванняў Закона "Аб масавых мерапрыемствах", 23 жніўня 2020 года не раней за 13 гадзін 52 хвілін прыбыў да д. 79 па праспекце Незалежнасці ў Мінску, з нявызначанымі асобамі калонай прайшоў па праспекце Незалежнасці да д. 1 на вул. Свярдлова ў Мінску, пасля чаго пайшоў па пр. Незалежнасці да скрыжавання пр. Пераможцаў і вул. Мельнікайтэ, дзе з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, — супрацоўнікаў ОУС, і якія пацягнулі парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў, далучыўся да групы грамадзян, што ўдзельнічалі ў гэтых супрацьпраўных дзеяннях".

Акрамя гэтага, Лаўскага абвінавацілі за аналагічныя дзеянні 30 жніўня 2020 года. Тады ў Мінску і іншых гарадах Беларусі праходзіў "Марш міру і незалежнасці".

Паводле абвінавачвання, Аляксей з іншымі нявызначанымі асобамі 23 жніўня з 14.35 па 20.00 перашкаджаў руху 19 аўтобусаў, 5 тралейбусаў, а таксама "абмежавалі правы добрапрыстойных грамадзян на спакойную працу, адпачынак і вольнае перамяшчэнне".

30 жніўня з 14.39 па 19.41 Лаўскі з групай нявызначаных асобаў прыпынілі рух 21 аўтобуса і двух тралейбусаў.

А якая пазіцыя самога абвінавачанага?

На судзе Лаўскі віну прызнаў часткова. Ён расказаў, што ў чэрвені 2020 года быў незаконна прыцягнуты паводле ч. 1 арт. 23.34 і арт. 23.4 КаАП. Згодна з інфармацыяй "Вясны", Лаўскага затрымалі 19 чэрвеня 2020 года за ўдзел у "Ланцугу салідарнасці" ў апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Па двух артыкулах КААП Аляксея аштрафавалі на 40 базавых велічынь. 

Як заявіў Лаўскі на крымінальным працэсе, у сувязі з гэтым у яго затаілася крыўда на дзейсныя органы ўлады, што і падштурхнула яго да ўдзелу ў Маршах 23 і 30 жніўня. На судзе Лаўскі пацвердзіў, што выходзіў на праезную частку і рухаўся па ёй, але пры гэтым лічыць, што ён непасрэднага ўдзелу ў блакаванні праезнай часткі не прымаў, паколькі яна ўжо была занятая іншымі людзьмі.

На судзе намеснік пракурора Мінска заявіў пазоў у інтарэсах "Мінсктранса" ў памеры 13 419 рублёў 87 капеек. З прад'яўленым пазовам Лаўскі не пагадзіўся.

Фота і відэа з тэлефона. А якія доказы?

Аляксея затрымалі 14 кастрычніка 2021 года і змясцілі пад варту да суда. Пасля затрымання ў мінчука правялі вобшук і забралі ноўтбук, тэлефон, дзе і захоўваліся фота і відэа з Маршаў, якія ён ці сам здымаў, ці прасіў яго сфатаграфаваць.

У тэлефоне і ноўтбуку Лаўскага сілавікі знайшлі здымкі з пратэснай сімволікай з 14 жніўня па 23 верасня 2020 года, на старым тэлефоне былі знойдзеныя фота і відэа абвінавачанага з Маршаў 23 і 30 жніўня 2020 года. Акрамя таго, некаторыя здымкі Аляксей апублікаваў на сваёй старонцы ў Instagram, што таксама паслужыла на судзе доказам ягонай віны. Падчас Маршу 23 жніўня ў Аляксея быў з сабой БЧБ-сцяг і ён быў апрануты ў майку з "Пагоняй". 

Чым усё скончылася?

У выніку, 30 снежня 2021 года суддзя Анастасія Ачалава прызнала Аляксея Лаўскага вінаватым паводле арт. 342 КК і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе трох гадоў "хіміі". Мінчука вызвалілі ў зале суда пасля двух з паловай месяцаў пад вартай. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства