viasna on patreon

Леанід Судаленка з-за кратаў: "Я веру, што мары збываюцца"

2022 2022-01-25T15:36:13+0300 2022-01-25T15:36:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sudalenka_u_sudze.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Судаленка ў судзе

Леанід Судаленка ў судзе

Гамяльчанка Тамара падзялілася з рэдакцыяй сайта «Гомельская вясна» лістом ад Леаніда Судаленкі, дзе ён распавядае кранальную гісторыю сваёй сям’і і акалічнасці гібелі яго дзеда падчас вайны, а таксама дзеліцца сваёй марай.

"Я яшчэ шкадую аб адным – не паспеў выканаць абяцанне сваёй маці. Справа вось у чым. Яна – Соф’я Сцяпанаўна 1939 н.г. з пад Менску (Пухавіцкі раён). Даваенная вясковая сям’я, пяцёра дзяцей, пры чым, мая мама старэйшая ў сям’і. Яе бацька, мой дзядуля, як і ўсе тады мужыкі быў прызваны на фронт. У 43-м годзе пасля вызвалення Беларусі бабуля атрымала пахаронку – Стралок Сцяпан Іванавіч, 1914 г.н. знік без вестак.

Мая маці свайго бацьку не памятае. Калі праважалі на фронт, яна была зусім маленькая, а з вайны ён так і не вярнуўся. Раслі яны ў вёсцы пасля вайны як і ўсе дзеці таго часу – іх маці, мая бабуля, працавала і карміла дзяцей. Дзеці раслі ў працы, вось і маці з дзяцінства працавала пасля двух класаў школы на станцыі Пухавічы разнарабочай на чыгунцы. Там 18-гадовай дзеўчынай пазнаёмілася з салдатам, які склад ахоўваў. Гэты салдат і стаў маім бацькам. Нас было 5 дзяцей у сям’і, мы таксама нарадзіліся ў вёсцы пад Брагінам, куды бацька прывёз са службы нашу маці, то бок, да сябе на Радзіму.

Маці ўвесь час казала, што ніхто з яе сям’і – ні браты, ні сёстры ня ведаюць дзе пахаваны іх бацька, мой дзядуля па матчынай лініі. Так і жылі ўсе 75 гадоў пасля вайны, лічылі дзядулю зніклым без вестак.

Увесну 20-га году я захварэў на карону, быў 21 дзень дома на ізаляцыі і за гэты час перагледзеў у інтэрнэце сайты ўсіх расейскіх архіваў. І знайшоў!!! Свайго роднага дзядулю, ці дакладней, месца ягонай гібелі. З дакладнасцю 70 метраў ад дарогі месца яго пахавання побач з польскай вёскай 120 км. на поўнач ад Беластоку. Праверыў па гуглмапе, там ні могілак, ні асобных пахаванняў не было. Спісаўся з польскімі, мясцовымі ўладамі і яны пацвердзілі, што перапахавалі парэшткі забітых савецкіх салдат у брацкую магілу пад Беластокам. У спісе перапахаваных ёсць і мой родны дзядуля па матчынай лініі. Памылкі быць не магло – усе дадзеныя: месца яго прызыву на фронт, дадзеныя яго бацькоў, сям’і, дзяцей, усё ў архівах супадае.

Калі аб гэтым даведалася маці, яна плакала і прасіла звазіць яе на магілу бацькі. Са сваёй сям’і яна адна ва ўзросце 84 гады засталася ў жывых. Я паабяцаў – як толькі пройдзе карона, сядзем у машыну і паедзем, пакладзём кветкі, пасядзім на магіле.

А потым былі выбары, а потым турма, да і карона не сыходзіць.

Вось сяджу і мрою каб збылася мара маёй маці – праз 75 год убачыць месца пахавання бацькі і пакласці яму на магілу кветкі. Сама яна не зможа паехаць. Ужо не той узрост. Яна чакае мяне каб сустрэцца са сваім бацькам.

Вось такая непрыдуманая гісторыя жыцця адной беларускай сям’і. Я веру, што мары збываюцца".

Нагадаем, 18 студзеня 2021 года кіраўніка Гомельскай філіі "Вясны" Леаніда Судаленку затрымалі па дарозе на офіс і абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і навучанні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні (ч. 2 арт. 342 КК).

3 лістапада суд Цэнтральнага раёна горада пакараў праваабаронцу трыма гадамі пазбаўлення волі, а 14 студзеня Гомельскі абласны суд адхіліў яго апеляцыйную скаргу.

Падтрымаць нашага калегу Леаніда лістамі салідарнасці:

Адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства