"Фонд Клуні за справядлівасць" апублікаваў справаздачу аб судовым працэсе па справе Віктара Бабарыкі
Праваабарончая арганізацыя "Фонд Клуні за справядлівасць" (Clooney Foundation for Justice) апублікавала справаздачу аб судовым працэсе па справе Віктара Бабарыкі, у якім прыйшла да высновы, што стандарты справядлівага судовага разгляду ў дачыненні да Бабарыкі парушаны.
"Фонд Клуні за справядлівасць" (Clooney Foundation for Justice) заснаваны галівудскім акцёрам Джорджам Клуні і ягонай жонкай — юрысткай Амаль Клуні. Адной з ініцыятываў фонду з'яўляецца TrialWatch — маніторынг крымінальных судовых працэсаў у розных краінах з мэтай выкрыцця несправядлівасці і прасоўвання вяршэнства права.
Маніторынг працэсу ў дачыненні да Віктара Бабарыкі ажыццяўляўся ў межах дадзенай ініцыятывы шляхам непасрэднага назірання з залы судовага пасяджэння з 17 лютага па 6 ліпеня 2021 года.
У апублікаванай маніторынгавай справаздачы дэталёва апісаныя палітычны і прававы кантэкст, уключаючы ацэнку ўплываў на судовую сістэму з боку прэзідэнта, а таксама працэсы ў дачыненні да іншых грамадскіх актывістаў, спадарожныя крымінальнаму пераследу Віктара Бабарыкі.
Аналіз фактаў дазволіў маніторынгавай місіі зрабіць высновы пра парушэнне такіх правоў Віктара Бабарыкі, як:
- права на доступ да абаронцы да суда;
- права быць інфармаваным пра сутнасць прад'яўленых абвінавачванняў;
- права быць асуджаным кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом;
- права на прэзумпцыю невінаватасці;
- права на дастатковы час і ўмовы для падрыхтоўкі да абароны;
- права выкліку і допыту сведак.
Зыходзячы з праведзеных назіранняў і інфармацыі, якія прагучала ў судовых пасяджэннях, у справаздачы канстатаваная перадвызначанасць выніку працэсу ў пакаранне за ўдзел Бабарыкі ў выбарчай кампаніі.
Адзначаецца, што розныя высокапастаўленыя ўрадавыя чыноўнікі і дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва выступілі з крытычнымі заявамі ў дачыненні да Віктара Бабарыкі, нягледзячы на іх юрыдычны абавязак звяртацца з ім як з невінаватым да таго часу, пакуль не будзе даказаная яго вінаватасць. Пры гэтым у дачыненні да Віктара Бабарыкі было дапушчана парушэнне права на абарону — як у выглядзе перашкодаў у атрыманні юрыдычнай дапамогі адвакатаў, гэтак і пасродкам таго, што ў абвінавачванні не выкладалася, у якіх ягоных канкрэтных дзеяннях выявіліся інкрымінаваныя яму злачынствы. Маніторынгавая місія робіць выснову пра тое, што сукупны шэраг парушэнняў аказаў негатыўны ўплыў на справядлівасць судовага разгляду па справе Бабарыкі, што ў рэшце рэшт магло стаць істотным фактарам яго асуджэння.
На аснове праведзенага назірання і выяўленых парушэнняў аўтары справаздачы адзначаюць: "Палітычны кантэкст у спалучэнні з апісанымі парушэннямі прыводзіць нас да вельмі сур'ёзных асцярогаў, што абвінавачванне і суд над спадаром Бабарыкам былі выкліканыя неналежнымі матывамі, што ўяўляе сабою злоўжыванне працэсам".
Азнаёміцца з маніторынгавай справаздачай можна па спасылцы:
"Фонд Клуні за справядлівасць": справаздача аб судовым працэсе па справе Віктара Бабарыкі