"Гэта быў загад зверху". Былога вайскоўца адправілі на "хімію" за каментар пра пракурора
Лідчанін Максім (імя змененае ў мэтах бяспекі) служыў па кантракце ў вайсковых частках Ліды і Навагрудка тры гады — звольніўся ў канцы 2021 года. Летась у кастрычніку супраць ваеннаслужачага вайсковай часткі 19764 распачалі крымінальную справу за абразу навагрудскага пракурора Аляксандра Шляжко. У тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" тады яшчэ вайсковец напісаў: "Этот урод приходил к нам в часть в Новогрудке". Шляжко падчас выбараў праводзіў ідэалагічную працу сярод вайскоўцаў часткі 75158. За гэты каментар пракуратура прасіла суд адправіць Максіма ў калонію на два гады, але суддзя прызначыла яму два гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Цяпер хлопец адбывае тэрмін на "хіміі". Максім распавёў, што з ім здарылася.
Ідэалагічная праца пракурора ў вайсковай частцы
Як распавядае Максім, пракурор Аляксандр Шляжко прыходзіў у вайсковую частку 75158 у Навагрудку з ідэалагічнымі лекцыямі.
"Ён маніпуляваў, каб мы ішлі дапамагалі супрацоўнікам міліцыі падчас пратэстаў разганяць людзей. Нам нават давалі планы, дзе было прапісана, ці падтрымліваем рэжым Лукашэнкі. Большая частка напісала, што не. Я ў ліку іх. Мне не трэба вайны".
Паводле Максіма, вайскоўцы з Навагрудка не бралі ўдзелу ў разгонах жнівеньскіх акцый пратэсту — амаль усіх адправілі ў лясы на вучэнні.
"Калі знаходзіўся нейкі ў нас "пратэстант", то начальства або проста яго папярэджвала, або здавала міліцыі".
"Або садзяць, або ўсё распавядаю і іду дадому"
Удзень 9 кастрычніка мінулага года, калі Максім быў у адпачынку, яму патэлефанаваў камандзір і сказаў, што яго шукае асаблівы аддзел.
"Камандзір мне кажа: успамінай, дзе накасячыў. Я не разумеў нічога. Калі паклаў трубку, то падумаў: што здарылася?"
Праз паўгадзіну Максіму патэлефанавалі оперупаўнаважаныя з Лідскага РАУС і сказалі з'явіцца ў аддзел у якасці падазраванага ў збіванні чалавека. Яго папрасілі прыехаць на апазнанне. Аднак, калі Максім прыехаў у РАУС, супрацоўнікаў цікавіў тэлефон вайскоўца, які быў на той момант разраджаны.
"Мяне павялі ў кабінет, там допыты і г.д. Потым паставілі тэлефон на зарадку і пачалі спампоўваць тэлеграм".
У тэлеграме супрацоўнікаў цікавіў ID Максіма. Падчас яго праверкі ў РАУС у вайскоўца пыталіся, ці ён не "пісаў штосьці ў тэлеграме".
"Я казаў, што не ведаю і не памятаю. А каментар быў напісаны год назад. Спыталі, можа я пад мухай быў (п'яны). Але не п'ю!"
Як зрабілася вядома пазней, прычынай зацікаўленасці Максімам быў каментар "Этот урод приходил к нам в часть в Новогрудке" ў тэлеграм-канале "Карнікі Беларусі" ў адрас пракурора Навагрудка Аляксандра Шляжко. Супраць вайскоўца завялі крымінальную справу паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).
У Лідскі РАУС прыехаў следчы з Дзятлава Максім Літавор з міліцыянерам. Оперупаўнаважаныя Лідскага РАУС аддалі яму тэлефон Максіма. Вайскоўца абшукалі, забралі ўсе рэчы і павезлі ў аддзел Следчага камітэта ў Дзятлаве. У машыне допыт працягнуўся, там жа яму паставілі ўльтыматум:
"Або мяне садзяць, або я ім усё распавядаю і сыходжу дадому".
Калі ехалі ў Дзятлава, Максіму патэлефанавала мама:
"Я сказаў, каб не чакала — мяне арыштавалі. Яна казала, каб я нічога не падпісваў. У нашу размову ўлез следчы і пачаў казаць, што не трэба мне нічога раіць. Тады мама пачала крычаць, што яны не маюць рацыі. У выніку, следчы спалохаўся і паклаў трубку. Мне пачаў казаць немаведама што… Мама была на нервовым зрыве. Уся заплаканая".
У выніку, пасля доўгіх допытаў Максіма усё ж адпусцілі. Тэлефон забралі. На той момант ваеннаслужачы ўжо звальняўся з вайсковай часткі, але за яго "ніхто не заступіўся". Паводле Максіма, яго хацелі звольніць задняй датай, але баяліся, што пагоршаць сітуацыю.
9 кастрычніка ў кватэры Максіма супрацоўнікі таксама правялі вобшук: шукалі сімволіку і тэхніку.
"Усё перавярнулі. У тую ноч я быў на поўным нервовым зрыве. Не ведаў, што рабіць".
Замест апошняга слова — непрытомнасць
Максім хуткім часам звольніўся з вайсковай часткі. Тады ў яго яшчэ раз правялі вобшук, але нічога не знайшлі. Справа супраць Максіма дайшла да суда. Працэс над былым вайскоўцам адбыўся ў першыя дні снежня ў Дзятлаве. Справу вяла суддзя Наталля Лобан, дзяржабвінавачванне па справе падтрымлівала прокурорка Ірына Забеліна. Прадметам крымінальнага працэсу стаў каментар у дачыненні да навагрудскага пракурора Шляжко: "Этот урод приходил к нам в часть в Новогрудке".
"То бок мяне пасадзілі з-за аднаго слова".
Паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса пракурорка прасіла суд пакараць Максіма двума гадамі калоніі. Калі суддзя выклікала яго прамаўляць апошняе слова, то Максім знепрытомнеў:
"Мяне выклікала суддзя, а я не ведаў, што сказаць. Я баяўся, што мяне рэальна пасадзяць. Мне зрабілася блага. Я страціў прытомнасць. У суд выклікалі хуткую. Я ледзь ачуняў. Мама плакала".
У суд прыехала хуткая — дактары прывялі Максіма да прытомнасці. Яму дыягнаставалі знясіленне. Медыкі прапанавалі яму паехаць з імі ў лякарню, але ён адмовіўся. Працэс перанеслі на наступны дзень.
У той жа дзень пасля суда Максіму патэлефанаваў участковы і сказаў прыехаць, "бо патэлефанавалі з лякарні і сказалі, што ён на судзе хацеў здзейсніць суіцыд".
"Аказалася, што гэта хлусня. Тэлефанавалі не з хуткай. Участковаму патэлефанавалі з суда і гэта сказалі. Хоць гэтага не было! Я потым ні спаць, ні есці не мог".
У выніку Максіма асудзілі да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
"Калі я знепрытомнеў, у іх ніякага шкадавання не было. Прыкрываліся тым, што гэта "наша праца". А то, што я думаў тады, што сэрца лопне, то гэта нікога не хвалявала.
Мне потым расказалі, што гэта [прысуд] быў загад зверху. Мала таго, што мяне давялі, дык яшчэ і маці. На судзе казалі, што гэта дзяржаўнае злачынства. З мяне рабілі ледзь не тэрарыста, хоць паводле абвінавачвання абразіў пракурора".