Затрыманні і новыя крымінальныя справы: хроніка палітычнага пераследу 27-28 студзеня Дапоўнена
Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады працягваюцца. 27-28 студзеня працягваюцца затрыманні грамадзян і правядзенні ператрусаў у іх, ціск на палітвязняў. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Ціск працягваюць ўжываць і на тых, хто ўжо сядзіць за кратамі. Праваабаронцы «Вясны» збіраюць апошнія факты палітычнага пераследу ў Беларусі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
28 студзеня
Палітзняволенага студэнта БДМУ Уладзіслава Марціновіча этапавалі ў магілёўскую калонію
Праваабаронцам стала вядома, што Уладзіслаў Марціновіч пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі №15 «Вейна».
Палітзняволенага студэнта 4-га курса БДМУ абвінавацілі па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) шляхам адміністравання telegram-канала «Белыя халаты». 15 лістапада суд прызначыў палітвязню 4 гады калоніі.
На 2 гады палітвязня Ігара Салаўя перавядуць у магілёўскую турму
На два гады палітвязня Ігара Салаўя перавядуць з бабруйскай папраўчай калоніі №2 у магілёўскую турму, на строгі рэжым.
Такое рашэнне прыняў суд, які адбыўся ў калоніі па ініцыятыве адміністрацыі. Нібыта Салавей сістэматычна парушаў дысцыпліну.
Ігар Салавей летась асуджаны па гучнай „Пінскай справе”, ён пакараны шасцю гадамі зняволення за ўдзел увечары 9-га жніўня 2020 года ў стыхійным мітынгу пад будынкам Пінскага гарадскога выканкаму.
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра затрыманне блогера Gypsynkov (Міхась Цыганкоў), вядомага вострымі жартамі ў twitter на сацыяльна-палітычныя тэмы ў Беларусі.
У яго амаль 11,5 тысяч падпісчыкаў. Падрабязнасці затрымання праваабаронцам пакуль невядомыя.
Таксама паведамляецца пра затрыманне яшчэ некалькі блогераў-тысячнікаў у твітары. Іх прозвішчы высвятляюцца.
Палітзняволеную Вольгу Маёраву абвінавачваюць адразу па шасці крымінальных артыкулах. Гэта:
- частка 2 арт. 285 — удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме;
- частка 3 арт. 130 — дзеянні па рэабілітацыі нацызму, учыненыя групай асоб, або якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць чалавека або іншыя цяжкія наступствы;
- частка 4 арт. 295 — незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, учыненыя арганізаванай групай;
- частка 3 арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі Інтэрнэт;
- частка 2 арт. 257 — падман спажыўцоў, учынены групай асоб па папярэдняй змове, або асобай, раней судзімай за падман спажыўцоў, або ў буйным памеры;
- частка 2 арт. 289 — акт тэрарызму.
Стала вядома аб затрыманні на гэтым тыдні двух магілёўцаў у рамках крымінальных спраў за каментары ў Інтэрнэце.
Тэлеграм-канал сілавікоў апублікаваў відэа з мясцовым жыхаром Дзянісам Белагаловым, якога абвінавачваюць у абразлівым каментары ў адрас супрацоўніцы Менскага АМАП Святланы Скаражонак, якая памерла ў студзені 2021 года, піша ТГ-канал MAYDAY.TEAM.
Яго затрымалі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ і АМАП. На відэа напалоханы мужчына распавядае, што яго затрымалі "прафесійна, прыгожа, бліскуча". Ён прызнаў сваю віну і раскаяўся, скончыўшы свае словы выразам "Працуйце, браты".
Акрамя гэтага, супрацоўнікі мінскага ГУУБ МУС затрымалі ў Магілёве 36-гадовую жанчыну, якую падазраюць у абразе супрацоўнікаў мінскай міліцыі ў Інтэрнэце. Вядома, што яна працуе ў сферы гандлю.
Інфармацыйная прадукцыя сайта і сацсетак магілёўскага парталу 6tv.by прызнаная эсктрэмісцкімі матэрыяламі
Такое рашэнне 21 студзеня прыняў суд Ленінскага раёна Магілёва.
Адзначым, што «экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып парталу.
27 студзеня
Палітзняволенага праваабаронцу «Вясны» Леаніда Судаленку 26 студзеня этапавалі ў папраўчую калонію №3.
Нагадаем, Леаніда асудзілі на тры гады пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), і ў навучанні ці іншай падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў іх, а таксама фінансаванні такіх дзеянняў (ч. 2 арт. 342 КК).
14 студзеня Гомельскі абласны суд пакінуў апеляцыйную скаргу праваабаронцы без задавальнення, а прысуд без зменаў.
У Мінску затрымалі грамадзянку РФ — яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах
27 студзеня ў Мінску была затрымана грамадзянка Расійскай Федэрацыі, якая мае від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, Вера Цвікевіч.
Папярэдне, яе абвінавачваюць па арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
У жніўні 2020-га фотаздымак Веры быў на першай паласе беларускай «Камсамольскай Праўды»
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча і начальніка аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэя Скурко накіравалі ў суд.
Палітвязням інкрымінуюць «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры».
Санкцыі па артыкуле, які інкрымінуюць журналістам, прадугледжваюць да 5 гадоў турмы.
Вядомага мастака Алеся Пушкіна пачнуць судзіць 4-га лютага. Пра гэта Беларускаму Радыё Рацыя паведаміў Алесь Суша. Ён напісаў у Фэйсбуку, што прыйшоў ліст ад Алеся Пушкіна, у якім палітвязень піша, што суд над ім хутчэй за ўсё будзе закрытым. Алеся Пушкіна абвінавацілі ў тым, што ён нібыта «ўчыніў дзеянні, накіраваныя на прапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый», піша сайт Генпракуратуры.
Інфармацыя дапаўняецца.