Затрыманні, ператрусы, ціск на медыясупольнасць, праваабаронцаў і зняволеных: хроніка пераследу за 30 студзеня – 1 лютага
Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі. Рэпрэсіі супраць беларусаў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады не спыняюцца: іх па-ранейшаму затрымліваюць, праводзяць ператрусы і ўжываюць іншыя формы ціску на грамадзян. Тэлеграм-чаты і каналы прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і фарміраваннямі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрыманні і ператрусы
На допыт выклікалі жонку журналіста Дзяніса Івашына
31 студзеня жонку палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына выклікалі на допыт у следчы аддзел Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці ў якасці сведкі па крымінальнай справе. Пра якую канкрэтна справу вядзецца, у позве не паведамляецца.
Затрыманне за пратэсты-2020
Таксама 31 студзеня праваабаронцам стала вядома, што ў Мінску затрымалі 24-гадовую Настассю Кухараву па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «блакаванне дарог» на жнівеньскіх пратэстах у 2020 годзе. Дзяўчыну ўтрымліваюць ў ІЧУ на Акрэсціна.
Затрыманне стрыечнага брата Паўла Латушкі
Тым жа днем стала вядома пра затрыманне ў Мінску Анатоля Латушкі. Да мужчыны прыйшлі з ператрусам, падчас якога знайшлі ўлёткі. Крыху пазней стала вядома, што затрыманы прыходзіцца стрыечным братам Паўлу Латушку, і зараз ён знаходзіцца на Акрэсціна.
Вядома таксама, што разам з Анатолем затрымалі Алену Маліноўскую, у якой есць непаўнанаговы сын, і 59-гадовую Лілію Ананян. Паводле папярэдняй інфармацыі, ім ставяць у віну ч. 2 арт. 339 КК (“Хуліганства”) за маляванне праз трафарэты “Пагоні” на паштовых скрынях у пад'ездах жылога дома. Ва ўсіх затрыманых адбыліся ператрусы, яны знаходзяцца пад вартай.
За распаўсюд экстрэмістскіх матэрыялаў затрымалі трох жыхароў Ваўкавыска
Пра зытрыманне 32-гадовых Вадзіма Ляхоўскага і Дзмітрыя Рагеля стала вядома з праўладнага тэлеграм-канала. У «пакаяльных відэа», якія там з’явіліся, мужчыны расказалі, што іх затрымалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП).
Яшчэ пра аднаго затрыманага з Ваўкавыску даведаліся @Grodna_grab. Размова ідзе пра супрацоўніка ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» Мікалая Варапая. Па папярэдняй інфармацыі, яго таксама абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (19.11 КаАП).
Па звестках тэлеграм-канала “Спісы затрыманых” таксама 31 студзеня былі затрыманыя 36- гадовы Іван Багдановіч, Віталь Казлоўскі, Сяргей Трусаў і 33-гадоваы Павел Цэдрык. Пра падрабязнасці іх затрымання пакуль нічога не вядома.
Прызнанне медыя-матэрыялаў эстрэмісцкімі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што прадукцыю «Вясны» ва ўсіх сацсетках прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі
Па іх дадзеных, Чыгуначны суд Гомеля прызнаў «усю інфармацыйную прадукцыю «Вясны» ва ўсіх сацсетках экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адзначым, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў адпаведнай інфармацыі няма да гэтага часу. Месяц таму той самы Чыгуначны суд Гомеля прызнаў тэлеграм-канал @viasna96 «экстрэмісцкім».
Тэлеграм-канал «Бойкот лукавого референдума» прызналі экстрэмістскім
31 студзеня стала вядома, што інфармацыйная прадукцыя telegram-канала «Бойкот лукавого референдума» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Паведамляецца, што такое рашэнне 26 студзеня прыняў суд Барысаўскага раёна.
Ціск на зняволеных
Віктару Бабарыку не дазваляюць чытаць нават стоячы
Палітзняволенаму Віктару Бабарыку абмяжоўваюць у магчымасці чытаць кнігі — не дазваляюць чытаць нават стоячы. Пра гэта ён распавёў у лісце да сваёй дачкі.
«Поспехаў у чытанні ў мяне не надта многа. З апошняга: мяне нават стоячы спрабуюць абмежаваць у чытанні. Раней можна было хоць пад дахам стаяць, а цяпер патрабуюць выходзіць на вуліцу і, калі ідзе дождж ці снег, не пачытаеш нават у паставе «ламавой кабылы». Так што яшчэ мінус хвілінаў па 15 з магчымасці чытання. Але ж дождж і снег не штодня ідуць. Таму чытаю. Паспяваю пакуль толькі газеты і часопісы. Кнігі не вельмі заходзяць. З апошняга прачытаў «Сабакі Еўропы». Файна, што ў Беларусі сталі з'яўляцца такія аўтары і таксама трэндавыя творы. «Архіпелаг ГУЛАГ» — цяжкаватая для чытання кніга. Прыбраўшы жорсткі фізічны гвалт і дадаўшы больш вытанчаныя спосабы барацьбы з разумовым ды інтэлектуальным развіццём, атрымліваем дзеючую сістэму».
Наталлю Хершэ катуюць радыё і холадам
З нядзелі 30 студзеня Наталля Хершэ, якая знаходзіцца ў магілеўскай турме, абвясціла галадоўку. Пра гэта яна паведаміла свайму брату Генадзю. Умовы, якія створаны для Хершэ ў турме, брат называе катаваннямі:
«Цяпер ў камеры Наталлі з 6 раніцы і да 22 гадзін, да адбою, на максімальную гучнасць уключаюць беларускае радыё. Яна ўвесь час у камеры, апроч прагулкі на гадзіну, і для яе гэтае радыё невыноснае. Наталля прасіла яго сцішыць ці выключыць, але не атрымала станоўчага адказу. Яшчэ ў камеры вельмі холадна, Наталля сядзіць у фуфайцы. Пры пераводзе з калёніі ў турму недзе “згубіліся“ ейныя цёплыя боты. Цяпер адміністрацыя турмы кажа, каб яна купіла сабе боты за свае грошы. Яна на прагулкі ходзіць у цёплых шкарпэтках і красоўках».
Алесь Капуцкі зноў не выйшаў на волю
Палітзняволены праваабаронца Алесь Капуцкі не выйшаў на волю пасля 45 сутак арышту. Нагадаем, Алеся затрымалі 17 снежня ў Маладзечне. На яго склалі пратакол па ч.2 арт. 19.11 КаАП ("Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў"), а потым арыштавалі на 15 сутак. Алесь мусіў выйсці на волю 1 студзеня, але на яго склалі новы пратакол. 31 снежня над праваабаронцам адбыўся суд. Яго пакаралі чарговым 15-сутачным арыштам. 16 студзеня Алесь на волю не выйшаў — Капуцкаму зноў прысудзілі 15 сутак арышту. 31 студзеня Алесь павінен быў выйсці на волю, але гэтага не адбылося.
Падтрымайце Алеся лістамі і паштоўкамі салідарнасці. Адрас такі: Маладзечанскі ІЧУ, 222310, Маладзечна, Галіцкага, 23, Аляксандру Капуцкаму.
Актывістку з Брэстчыны Алену Гнаук абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі
1 лютага стала вядома, што за пост пра мігрантаў актывістку з Пружанаў Алену Гнаук абвінавачваюць у дыскрэдытацыі Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам, гэтым разам 64-гадовай Алене Гнаук выставілі абвінавачванне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). Цяпер жанчыне пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі. Алену змясцілі пад варту і мусяць перавесці ў СІЗА-6 у Баранавічах. Згодна з матэрыяламі справы, Гнаук 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках Facebook і Instagram «загадзя ілжывыя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдскія сем’і і становішча мігрантаў у Беларусі.