viasna on patreon

"Яшчэ адзін свінячы лыч". Пенсіянерку з Рэчыцы асудзілі другі раз да "хатняй хіміі" за каментар

2022 2022-02-01T22:40:56+0300 2022-02-02T12:59:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hlusevich_lydmila.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

65-гадовую жыхарку Рэчыцы Людмілу Хлусевіч 1 лютага асудзілі ўжо другі раз па арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады). Цяпер яе судзілі за каментар у "Аднакласніках" пад фотаздымкам супрацоўніка ДАІ: "Яшчэ адзін свінячы лыч". У лістападзе мінулага года пенсіянерку пакаралі 1,5 гадамі "хатняй хіміі" і яна ўжо два месяцы адбыла пакаранне. Суддзя Марына Кацуба прысудзілі Людміле яшчэ адзін год "хатняй хіміі". Агулам жанчыне засталося адбываць 1 год і 6 месяцаў "хатняй хіміі". "Гомельская Вясна" распавядае падрабязнасці судовага працэсу.

Людміла Хлусевіч у судзе. Фота:
Людміла Хлусевіч у судзе. Фота: "Гомельская Вясна"

На пачатку працэсу адвакатка Хлусевіч Наталля Багданава хадайнічала аб далучэнні да справы даведкі з аддзелу сацыяльнай абароны аб памеры пенсіі Людмілы за мінулы год, якая склала 362 рублёў, а апошнія тры месяцы яна атрымлівала ўжо 387 рублёў. Суддзя хадайніцтва задаволіла.

Пракурорка зачытала абвінавачанне: «Хлусевіч мела намер абразіць прадстаўніка ўлады, наўмысна, замахваючыся на гонар і годнасць супрацоўніка ДАІ» пад здымкам даішніка ў форменным абмундзіраванні ў сацсетцы «Аднакласнікі» змясціла друкаваны, непрыстойны каментар. Яго праглядзелі 38 карыстальнікаў. Такім чынам «прынізіла гонар і годнасць прадстаўніка ўлады М».

Падчас допыту Хлусевіч патлумачыла, што ўбачыла фотаздымак тоўстага даішніка і пакінула каментар, які апісваў яго фізічны стан – «яшчэ адзін свінячы лыч».

«Дык што за гэта трэба судзіць? Знайшлі злачынцу, – здзіўлена кажа абвінавачаная. – Вялікі, тоўсты, трэба бегаць і худзець".

Ці былі лайкі па яе каментаром Людміла не памятала. У далейшым яго выдаліла.

«Віну цалкам прызнаю, раскайваюся, на эмоцыях сказала, жадаю ўсім дабра і міру. Шкадую, што напісала», – рэзюміравала на судзе Людміла.

Суддзя Марына Кацуба зачытала хадайніцтва пацярпелага даішніка М. аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры адной тысячы рублёў. Ён указаў што каментар пенсіянеркі нанёс яму маральную шкоду, пацярпелы адчуў маральныя пакуты ад прыніжэння яго гонару і годнасці ў вачах неабмежаванай колькасці асоб. Суддзя спытала Хлусевіч, ці згодна яна на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры адной тыс. рублёў. Абвінавачаная адказала, што мае малую пенсію, шмат траціць на лекі, таму згодна заплаціць пацярпеламу даішніку 200 рублёў.

На судзе зачыталі заключэнне эксперта філолага, дзе было пазначана, што ў каментары ёсць негатыўная адзнака, «ненарматыўная форма моўнага выразу».

Пракурорка запрасіла для Людмілы Хлусевіч адзін год «хатняй хіміі».

Адвакатка падчас судовых спрэчак адзначыла што каментар – вынік эмацыйнага стану Хлусевіч:

«У структуры асобы абвінавачанай, згодна заключэння эксперта, высокі ўзровень эмацыйнасці, эмпатыі, спачування іншым людзям. Яна шкадуе аб тым, што зрабіла. Хлусевіч напісала два каментары (за першы ўжо асудзілі) 8 і 20 снежня 2020 года за кароткі перыяд. Злачынства не мае вялікай грамадскай небяспекі. Яна ветэран працы, пенсіянерка, мае цяжкую хваробу, малую пенсію, ніжэй за сярэднестатыстычную па рэспубліцы. Пацярпелы хоча адну тысячу рублёў кампенсацыі, што ў тры разы перавышае памер яе пенсіі».

Адваката Багданава заклікала суд улічыць абставіны прычынення маральнай шкоды, узрост пацярпелага, стан здароўя ды матэрыяльны стан і выкарыстаць прынцып разумнасці і справядлівасці пры вызначэнні памеру маральнай кампенсацыі.

«У пацярпелага ўсё добра, ён малады, працуе і зарабляе ў разы болей, чым Хлусевіч атрымлівае пенсіі, – кажа адвакатка. – Лічу, што патрабаванні яго завышаныя. Сам каментар не быў негатыўнай адзнакай прадстаўніка ўлады. Каментар не тычыцца яго дзейнасці як прадстаўніка ўлады, а толькі негатыўна характарызуе яго знешні выгляд. Няма розніцы ці ён у форме міліцэйскай, ці ў спартовым касцюме. Фотаздымак грамадзяніна М. канешне ў форме, але каментар толькі пра знешні выгляд. Сам пацярпелы ў зыску сказаў, што выказванне абразіла яго як грамадзяніна і як супрацоўніка ДАІ. Ён болей як грамадзянін абразіўся. Пацярпелы мог пакрыўдзіцца як фізічная асоба».

Адвакатка падсумавала напрыканцы, што ў дзеяннях Хлусевіч адсутнічае склад злачынства і папрасіла суд вынесці апраўдальны вердыкт. У сваім апошнім слове Людміла была лаканічна і заклікала суд ўлічыць стан яе здароўя (жанчына мае анкалагічнае захворванне), узрост і шчырае раскаянне.

У выніку, суддзя Марына Кацуба асудзіла яе да аднаго года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Жанчына ўжо адбывае «хатнюю хімію» па аналагічнаму прысуду: 15 верасня яе асудзілі па арт. 369 КК да 1,5 года "хатняй хіміі". Агулам жанчыне прызначылі 1 год і 6 месяцаў "хатняй хіміі". 

Рэчыцкую пенсіянерку Хлусевіч прызналі вінаватай у абразе супрацоўніка міліцыі і пакаралі "хатняй хіміяй"

У судзе Рэчыцкага раёну 15 верасня вынесены прысуд 65-гадовай пенсіянерцы Людміле Хлусевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства