viasna on patreon

Салюты, налепкі, рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў: за што судзілі беларусаў у студзені

2022 2022-02-03T10:15:45+0300 2022-02-03T12:30:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/izaliatar.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Хваля рэпрэсій у Беларусі не спыняецца ні на дзень. Сілавікі па ўсёй краіне штодзённа ўрываюцца ў дамы беларусаў, праводзяць ператрусы, затрымліваюць іх па палітычных матывах і кідаюць за краты ў нечалавечыя ўмовы. У студзені іх затрымлівалі за салюты, налепкі, рэпосты, лозунгі і БЧБ-сцягі. Некаторых перазатрымліваюць па некалькі разоў запар і ўтрымліваюць у ізалятарах больш за месяц. За студзень праваабаронцы зафіксавалі не менш за 153 затрыманні па палітычных матывах. Беларускія суддзі прызначылі мінімум 3 штрафы на агульную суму 4 256 рублёў (133 базавых велічыняў) і 41 адміністрацыйны арышт агульнай працягласцю ў 543 сутак. Але праваабаронцам вядома і пра тры выпадкі, калі суддзі вырашылі спыніць адміністрацыйныя справы ў сувязі з недаказанасцю віны. «Вясна назірае» традыцыйна склала спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў пераследавалі ў студзені. 

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Як судзяць «рэгіёны» за экстрэмізм і БЧБ-сімволіку

На працягу ўжо некалькіх месяцаў самым «палітычным» артыкулам, па якім беларусаў адпраўляюць за краты і караюць вялізарнымі штрафамі, з’яўляецца арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Толькі ў рэгіёнах за студзень па гэтым артыкуле асудзілі мінімум 20 чалавек. Але таксама вядома, што тры суддзі вырашылі спыніць адміністрацыйныя справы «ў сувязі з недаказанасцю віны ў здзяйсненні правапарушэння».

Так, напрыклад, суддзя Лідскага раёна Уладзімір Федаровіч палічыў, што падпіска на «Нехту» не даказвае віну мужчыны. У яго тэлефоне міліцыянты не знайшлі ні перасыла «экстрэмісцкай прадукцыі», ні яе выраба, ні захоўвання з мэтай распаўсюджвання.

Да такой жа высновы прыйшлі суддзі Лепельскага раёна і Ленінскага раёна Брэста.

Жыхарку Быхава Марыну Матуз асудзілі за тое, што яна ў «Аднакласніках» у 2020 годзе размясціла фотаздымак з лагатыпам «Нехта». Быхаўскія міліцыянты расцанілі гэта як «распаўсюд экстрэмізму», таму на Марыну склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП. Яна цалкам прызнала сваю віну на судзе. У выніку, суд прызначыў жанчыне штраф у памеры 12 базавых велічыняў (384 рублі).

У Лельчыцах маці двух непаўнагадовых дзяцей аштрафавалі за «захоўванне спасылкі на ТУТ.бай на сваёй старонцы ў Instagram». Жанчына растлумачыла, што не ведала пра прызнанне выдання «экстрэмісцкім». Вынік — 10 базавых (320 рублёў).

Суд Калінкавіцкага раёна таксама аштрафаваў мясцовую жыхарку, якая выхоўвае двух непаўнагадовых дзяцей, за падпіску на «экстрэмісцкую» старонку ў Instagram. Акрамя гэтага, суд канфіскаваў і тэлефон жанчыны.

Жыхарку Светлагорска Таццяну Наскову арыштавалі за перасланую яшчэ ў мінулым годзе спасылку на матэрыял тэлевізійнага канала, які беларускія ўлады ўключылі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Жанчына была затрымана 12 студзеня ў Жлобіне міліцыяй па падазрэнні «ў крадзяжы кашалька». Кашалёк пры ёй не знайшлі. Аднак пры даглядзе рэчаў у яе мабільным тэлефоне адшукалі «экстрэмісцкія матэрыялы». Суддзя Інна Шаршнёва 13 студзеня прысудзіла Таццяне 10 сутак арышту. Таццяна — медыцынскі тэхнік па прафесіі, пенсіянерка. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года яна была назіральнікам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў адной з участковых выбарчых камісій у Светлагорску.

За падпіску на «Нехту» ў Смаргоні мужчыну арыштавалі на 3 сутак. Яшчэ аднаго мясцовага жыхара таксама пакаралі па гэтым артыкуле 3-сутачным арыштам, але на гэты раз — за падпіску адразу на чатыры тэлеграм-канала, якія былі прызнаны ўладамі «экстрэмісцкімі».

Гамельчука 14 студзеня адправілі на суткі за рэпост фотаздымку з «экстрэмісцкага» канала. Суд адзначыў, што «з матэрыялаў справы вынікае, што Л. дакладна ведаў пра супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў̆ і наўмысна парушаў закон, пры гэтым яго дзеянні насілі актыўны, дэманстрацыйны характар». Мужчыну арыштавалі на 10 сутак з канфіскацыяй тэлефона.

У Бабруйску 12 студзеня супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі мужчыну ў яго кватэры. Згодна з рапартам міліцыянта, затрымлівалі яго падчас «правядзення аператыўна-вышуковых і прафілактычных мерапрыемстваў па выяўленню асобаў, якія прытрымваюцца экстрэмісцкіх поглядаў». Па словах мужчыны, ён не распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы, а паставіў «клас» пад публікацыяй, таму яна адразу адлюстравалася на яго старонцы. Мужчына віны сваёй у гэтым не бачыць. Але суддзя Таццяна Тарабуева непрызнанне віны расцаніла як «жаданне ўхіліцца ад адказнасці за здзейсненае».

Праваабаронцу Алеся Капуцкага ўжо чатыры разы запар арыштоўвалі па ч.2 арт. 19.11 КаАП. За кратамі ён знаходзіцца ўжо 48 дзён.Кожны новы суд сканчваўся чарговымі 15 суткамі. Агулам яму прызначылі 60 сутак адміністрацыйнага арышту.

Рэдактара баранавіцкага выдання Intex-Press Уладзіміра Янукевіча пакаралі штрафам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Як патлумачыў Уладзімір Янукевіч, справа датычыцца не выдання Intex-Press, а другога прадпрыемства — ПУП «Цэнтр Рунь», якое займаецца рэкламай. Рэдактар быў пакараны штрафам у памеры 20 базавых велічынь (640 рублёў). Акрамя таго, паводле рашэння суда, на карысць дзяржавы быў канфіскаваны ягоны планшэт.

У Лідзе 5 студзеня арыштавалі мужчыну за распаўсюд трох лагатыпаў: «Бел*ат», «ТУТ.бай» і «Хартыя 97». Яго прызналі вінаватым і прызначылі 15-сутачны арышт.

Таксама суд Лідскага раёна 8 студзеня разглядзеў справу жыхара аграгарадка Ёдкі (Лідскі раён). На мужчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) за «размяшчэнне БЧБ-сцяга на фасадзе прыватнага дома, а таксама на сваіх старонках ў “Аднакласніках“ і “Instagram“». Сваю віну мужчына цалкам прызнаў. Суддзя Уладзімір Федаровіч пакараў мужчыну 15-сутачным арыштам.

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 5 студзеня адбыўся суд над берасцейцам за «несанкцыянаванае пікетаванне». Падставай для складання пратакола супраць мужчыны стала налепка з гербам «Пагоня» на заднім ветравым шкле аўтамабіля. Суд прызнаў яго вінаватым па арт. 24.23 КаАП і аштрафаваў на 10 базавых (320 рублёў).

За налепку на аўто з надпісам «3 %»

22 студзеня ў цэнтры Мінска быў затрыманы Андрэй Грыцэвіч. Прычына затрымання — налепка на аўто з надпісам «3 %». У Ленінскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Суддзя Ленінскага раёна Юлія Інчына арыштавала мінчука на 15 сутак.

За «пікетаванне» ў судзе

У судзе Партызанскага раёна Мінска 19 студзеня асудзілі студэнта 3 курса Пінскага педагагічнага каледжа Іллю Дабрадзея.

19-гадовага хлопца затрымалі 17 студзеня ў судзе Савецкага раёна за тры бел-чырвона-белыя паласы на заплечніку. Міліцыянты гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне», таму даставілі яго ў Партызанскі РУУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Пінчук на судзе сваю віну не прызнаў. Ён пацвердзіў, што на яго заплечніку ёсць БЧБ-палосы, але імі ён не выказваў свае палітычныя погляды. Да матэрыялаў справы далучылі фотаздымкі заплечніка. Суддзя Наталля Дзядкова прызнала Іллю вінаватым і арыштавала яго на 10 сутак.

17 студзеня пачынаўся разгляд справы палітвязня Аляксандра Івуліна, на які з Пінску прыехаў і Ілля.

За БЧБ-сцяг на акне

Суд партызанскага раёна Мінска 8 студзеня разглядзеў справу 25-гадовай мінчанкі Вольгі Пракоп, якая вывесіла БЧБ-сцяг на акно. Затрымалі яе ўвечары 7 студзеня. У Партызанскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП, за «несанкцыянаванае пікетаванне БЧБ-сцягам, размешчаным на акне прыватнага дома».

На судзе Вольга віну не прызнала, а заявіла, што выкарыстоўвала сцяг у якасці фіранкі і пікет не праводзіла. Да матэрыялаў справы далучылі фотаздымкі сцяга, якія міліцыянты зрабілі з вуліцы.

Суддзя Наталля Дзядкова прызнала Вольгу вінаватай і арыштавала яе на 7 сутак.

«Суткі» за патрабаванне правесці сумленныя выбары

У судзе Ленінскага раёна Мінска ў пачатку студзеня разглядзелі справу мінчука, якога затрымалі раніцай 1 студзеня ў пад’ездзе каля яго кватэры. Як вынікае з пратаколу па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне), мужчына «1 студзеня каля 6:50 пікетаваў у пад’ездзе дзеля публічнага выказвання свайго патрабавання правесці сумленныя выбары ў Беларусі і выкрыкваў правакацыйныя лозунгі “Жыве Беларусь“». Сведкай гэтага «правапарушэння» стаў сусед мужчыны, які і выклікаў міліцыянтаў. Сваю віну мінчук на судзе не прызнаў.

Мужчына распавёў што ноччу са знаёмымі святкавалі Новы год. Каля 6:50 хвілін ён выйшаў у пад’езд, каб праводзіць сваіх знаёмых. У гэты момант, з пятага паверха спусціўся сусед і стаў здымаць іх на камеру тэлефона. Калі сусед вяртаўся ў кватэру, мінчук вырашыў пагутарыць з ім, але не паспеў. Потым мужчына патэлефанаваў суседу, каб вырашыць праблему, аднак той не адказаў. Праз дзве гадзіны мінчук зноў выйшаў, каб праводзіць знаёмых, але ў пад’ездзе яго затрымалі сілавікі, хаця ён нічога не выкрыкваў. Ён адзначыў, што раней ужо меў з суседам нязгоды наконт шуму ў яго кватэры.

Сусед на судзе распавёў, што ў навагоднюю ноч каля 4:00 чуў шум з кватэры затрыманага, а праз тры гадзіны ўжо з іх пад’езда. Каля 6:30 ён выклікаў міліцыю і вырашыў спусціцца і зняць відэа, каб мець доказы для міліцыянтаў. Праз 20 хвілін, калі ён перастаў здымаць на тэлефон і вяртаўся ў кватэру, пачуў, як затрыманы выкрыкваў «правакацыйныя лозунгі “Жыве Беларусь“».

У пратаколе апытання сведкі-міліцыянта значыцца, што ён таксама чуў лозунгі на лесвіцы каля 6:50, але на судзе ён чамусьці сказаў, што чуў іх праз дзве гадзіны — у 8:30. Знаёмая мінчука таксама пацвердзіла, што яго затрымалі пасля 8:00.

На думку суддзі Юліі Інчынай, «калі мужчына, знаходзячыся сярод групы грамадзянаў, публічна выказваў пратэст супраць вынікаў выбараў, якія адбыліся ў Беларусі, то гэта даказвае, што ён браў удзел у пікетаванні». У выніку, суддзя пакарала мінчука 10-сутачным арыштам.

За салют 31 снежня ў 23:34 адправілі сустракаць Новы год на Акрэсціна

Алена і Мікалай Гаеўскія 31 снежня запусцілі салют у двары роўна ў 23:34, але адразу пасля гэтага былі затрыманыя сілавікамі. У Партызанскім РУУСе на мужа і жонку склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне». Іх справы разглядзелі 3 студзеня ў судзе Партызанскага раёна. Судовыя працэсы вёў суддзя Міхаіл Макарэвіч. Ніхто з іх сваю віну на судзе не прызнаў.

Па пратаколу, яны «пікетавалі шляхам запуску піратэхнічнага выраба (феерверку), згодна з раней размешчанымі ў дэструктыўных тэлеграм-каналах заклікамі».

Мікалай на судзе патлумачыў, што салют быў на 100 залпаў і запусціў ён яго «выключна па асабістых меркаваннях», бо ў 2020 годзе адбываў суткі па «народным» артыкуле 23.34 КаАП. Але ён адзначыў, што яны з жонкай аніякіх лозунгаў не выкрыквалі і пікетавання не праводзілі.

Сведка-міліцыянт на судзе распавёў, што асабіста назіраў за запускам салюту. Ён сцвярджае, што салют быў у бел-чырвона-белых колерах, а пасля запуску Мікалай і Алена выкрыквалі «правакацыйныя лозунгі». Падставаў‌ сумнявацца ў дакладнасці тлумачэнняў‌ міліцыянта суд, канешне, не знайшоў.

Акрамя гэтага, доказам віны стала і «падпіска на дэструктыўныя тг-каналы, са зместам якіх яны ўвесь час знаёміліся».

У пратаколе затрымання сказана, што сілавікі затрымалі мужа і жонку ўжо праз хвіліну — у 23:35.

У пастанове суда нават узгадваецца артыкул 35 Канстытуцыі Беларусі «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, гарантуецца дзяржавай». Але суд чамусьці гэта не ўлічыў.

На думку суддзі Макарэвіча, запуск салюту ў 23:34, яго колер, а таксама лозунгі ў грамадскім месцы, сведчаць менавіта пра палітычны характар дзеянняў‌ Мікалая і Алены. Вынікам суда стаў арышт Мікалая на 15 сутак, а Алены — на 13 сутак.

14 сутак арышту і канфіскацыя тэлефона за рэпост з «Радыё Свабода»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 12 студзеня арыштавалі мінчука за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падставай для яго затрымання стаў рэпост 15 снежня ў сторыз на сваёй старонцы ў Instagram паста з «Радыё Свабоды» пра акцыю пратэста супраць прысудаў фігурантам «справы Ціханоўскага».

Віну мужчына на судзе прызнаў і пагадзіўся, што ведаў пра прызнанне старонкі выдання экстрэмісцкай.

Суддзя Анастасія Ачалава прызнала мінчука вінаватым па арт. 19.11 КаАП і пастанавіла арыштаваць яго на 14 сутак, а таксама канфіскаваць яго тэлефон.

Працягваецца ціск на актывістаў

Раніцай 13 студзеня ў Мінску затрымалі 30-гадовую актывістку і дырэктарку «Генома» Дар’ю Царык. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу правялі ў яе кватэры ператрус, а потым павезлі на допыт. Ужо ў Першамайскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па адміністрацыйнай справе, але артыкул невядомы. Суд над актывісткай адбыўся ў гэты ж дзень. Вынік — 8 сутак адміністрацыйнага арышту.

Дар’я Царык з’яўляецца дырэктаркай «Генома» (арганізацыя, якая займаецца дапамогай людзям з рэдкімі генетычнымі нейра-цяглічнымі захворваннямі), а таксама сяброўкай праўлення арганізацыі Радзіслава (дапамагае жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту).

За рэпост з Бел*ату ў 2019 годзе

У Мастах 19 студзеня адбыўся суд над выкладчыцай сальфеджыа і музычнай літаратуры мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў Галінай Цярэнцьевай. Яе затрымалі 16 снежня наўпрост на працы і суткі ўтрымлівалі ў камеры мясцовага РАУСа. Дома ў Галіны правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі ноўтбук, тэлефон і робат-пыласос.

На выкладчыцу склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост з Бел*ату ў 2019 годзе. Суд Мастоўскага раёна пакараў Цярэнцьеву штрафам у памеры 640 рублёў (20 базавых велічыняў).

Вынікі адміністрацыйнага пераследу беларусаў у 2021 годзе

«Вясна» распавядае, з якімі выпрабаваннямі падчас адміністрацыйнага пераследу сутыкнуліся беларусы ў мінулым годзе, як іх катавалі і за якія абсурдныя прычыны іх кідалі за краты і аштрафоўвалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства