viasna on patreon

Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 15 новых палітычных зняволеных

2022 2022-02-03T15:48:03+0300 2022-02-04T20:06:26+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/komment_illustr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці

3 лютага 2022 г.

У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, у чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:

Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:

  1. Яраслаў Гебень, асуджаны па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаўі да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  2. Мікіта Мурын асуджаны па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаўі да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  3. Глеб Лёгкі асуджаны па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаўі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  4. Арцём Прыгажаеў асуджаны па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаўі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  5. Вольга Кукушкіна асуджана па ч.1 арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  6. Яўген Салаўёў, асуджаны па арт. 368 КК за абразу А.Лукашэнкі на 9 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
  7. Алег Дмітрачэнка асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  8. Павел Гваздоўскі асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  9. Андрэй Кругленя, асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
  10. Алег Гаўрылаў ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 367 КК за паклёп на А.Лукашэнку;
  11. Алена Гнаўк, ўзята пад варту па абвінавачванні па арт. 367, 369-1 КК за паклёп на А.Лукашэнку і дыскрэдытацыю Беларусі;
  12. Руслан Асятроў ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК па “справе Зельцара”;
  13. Сяргей Крэйда ўзяты пад варту па абвінавачванні па арт. 130 КК па “справе Зельцара”;
  14. Алена Маліноўская ўзята пад варту па падазрэнні па арт. 339 КК ў хуліганстве – маляванні ў грамадскіх месцах герба "Пагоні";
  15. Анатоль Латушка ўзяты пад варту па падазрэнні по арт.339 КК ў хуліганстве – маляванні ў грамадскіх месцах герба "Пагоні".

У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. Неадкладна вызваліць палітвязняў Яраслава Гебеня, Мікіту Мурына, Глеба Лёгкага, Арцёма Прыгажаева, Вольгу Кукушкіну, Алену Гнаўк, Яўгена Салаўёва, Алега Дмітрачэнку, Паўла Гваздоўскага, Андрэя Кругленю, Алега Гаўрылава, Руслана Асятрова, Сяргея Крэйду, Алену Маліноўскую, Анатоля Латушку і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
  2. Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
  3. Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства