viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч – пра рэферэндум: «Гэта не тыя перамены, якія патрабуюць нашыя людзі»

2022 2022-02-04T11:49:27+0300 2022-02-04T14:16:37+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valentin_stefanovich_20201004_bur_tutby_phsl-8581-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, як і яшчэ тры праваабаронцы «Вясны», утрымліваецца за кратамі ўжо сёмы месяц. Валянцін у нядаўнім лісце з-за кратаў паведаміў, што яму працягнулі меру стрымання да 14 сакавіка і, па словах следчага, расследаванне па «справе Вясны» можа быць скончанае напрыканцы вясны. Таксама праваабаронца выказаўся пра меркаваныя змены ў Канстытуцыю і рэферэндум.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

"У мяне ўсё добра, наколькі гэта можа быць у турме. Асаблівых навінаў у мяне няма. Сёння хадзіў гуляць на вуліцу і глядзеў на неба, як я заўсёды раблю на шпацыры. Неба было такое блакітнае, такое яснае, нават сонейка з’явілася. Мне ўсё гэта нагадала вясну, хаця да вясны яшчэ месяц.

У мяне асаблівых зменаў няма. Дні ідуць за днямі, тыдні за тыднямі. Працягнулі меру стрымання мне да 14 сакавіка. Следчы сказаў, што да траўня можа справу закрыюць і я пачну азнаямленне з матэрыяламі. Увогуле сядзець мне тут яшчэ доўга, можа да чэрвеня-ліпеня – каля года. Гэта з усімі працэдурамі – судамі і інш. Так што, час ідзе ўжо на змяншэнне, ну а што будзе на судзе – час пакажа.

Час бяжыць і вось ужо хутка будзе сем месяцаў, як я пад вартай. Па іроніі лёсу сем месяцаў будзе 14-га лютага, на мае імяніны. Я хоць і не святы, але дакладна Валянцін :)".

Пра змены ў Канстытуцыю і рэферэндум

"Ведаю, што навінаў пазітыўных, на жаль, не шмат і думаю, што прынамсі да 27-га лютага ўсё будзе ва ўзмоцненым рэжыме. Ім [уладам] трэба, каб усё прайшло гладка і без непрыемных для іх сюрпрызаў.

Я, дарэчы, канешне, азнаёміўся з прапанаванымі зменамі ў «СБ». Смешныя змены, але не было б так смешна, як сумна. Уціснулі ў класічную схему трох галінаў уладаў чацвёртую, якая будзе надзелена мегапаўнамоцтвамі, будзе кантраляваць тры астатнія, але пры гэтым не абіраецца наўпрост грамадзянамі. Вось такая дэмакратыя без выбараў. Асаблівы шлях. Я, калі б быў на волі, проста не хадзіў і не прымаў удзел у гэтым [рэферэндуме].

Ну што тут скажаш, Канстытуцыя будзе яшчэ горшай за тую, што мы маем цяпер. Яшчэ менш рэжымаў дэмакратыі нам засталося. Можна шмат разважаць на тэму падзелаў галінаў улады. Я б адзначыў такі момант – тое, што «дэмакратыя ў Беларусі будзе ажыццяўляцца на падставе ідэалогіі беларускай дзяржавы». А што гэта за ідэалогія такая і, самае галоўнае, кім яна сфармуляваная і напісаная? Дэмакратыя мусіць ажыццяўляцца на падставе палітычнага плюралізму і разнастайнасці ідэалогій. Ніякая ідэалогія не можа быць устаноўленай у якасці абавязковай для ўсіх. Гэта вяртанне ў камуністычныя часы. Гэта не тыя перамены, якія патрабавалі і патрабуюць нашыя людзі".

Працягвайце пісаць праваабаронцам у турмы:

  • СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 – Алесю (Аляксандру) Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу, Марфе (Марыі) Рабковай, Андрэю Чапюку)
  • СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А – Таццяне Ласіцы
  • ПК-3, 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба – Леаніду Судаленку

Паўгода ў няволі. Распавядаем, што цяпер вядома пра трох зняволеных вясноўцаў

Што распавядаюць родныя пра зняволеных вясноўцаў, як іх сем'і сустрэлі Новы год без блізкіх і што самі праваабаронцы пішуць на волю – чытайце ў нашым матэрыяле.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства