viasna on patreon

Пісаў вершы, вёў Instagram на 15 тысяч падпісчыкаў, а цяпер у СІЗА. Гісторыя палітвязня Сяргея Сакаўца

2022 2022-02-08T11:35:00+0300 2022-04-18T11:54:09+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sacovec_sergei_79.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29-гадовага галоўнага энергетыка з Мінска з амаль 15 тысячамі падпісчыкамі ў Instagram Сяргея Сакаўца затрымалі 21 верасня мінулага года і арыштавалі на 10 сутак за падпіску на тэлеграм-канал "Рэальная Беларусь". З ЦІП на Акрэсціна хлопец так і не выйшаў — супраць яго распачалі крымінальную справу паводле "народнага" артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса за ўдзел у акцыях пратэсту пасля выбараў. Падчас ператрусу ў Сяргея сілавікі забралі буйную суму грошай, якую ён збіраў на новую машыну. Цяпер маці палітвязня аддае амаль усю пенсію, каб аплаціць крэдыт за сына. Ужо чатыры месяцы Сяргея ўтрымліваюць у СІЗА-1, але ён імкнецца выкарыстоўваць гэты час прадуктыўна, нават знаходзячыся ў зняволенні: піша вершы, вучыць англійскую, малюе для сукамернікаў і іх сваякоў, чытае кнігі. Мама Сяргея Тамара распавяла "Вясне" гісторыю палітзняволенага сына.

sacovec_sergei_79.jpg
Сяргей Сакавец

Затрымалі на працы і арыштавалі за падпіску на "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал

Сяргея затрымалі 21 верасня 2021 года проста на працоўным месцы. У кватэры ў яго правялі ператрус, падчас якога забралі ноўтбук, што нават яму не належыць, тэлефон, грошы з кашалька ягонай дзяўчыны і сродкі, якія ён збіраў на куплю машыны: частка з продажу старой машыны, частку падарыла мама, частку ўзяў крэдыт.

Сяргеева маці ў той дзень тэлефанавала ў РАУС даведацца, дзе сын і за што яго затрымалі, але ёй адказалі, што "нічога страшнага, ён па адміністрацыйнай справе праходзіць, правядуць размову і адпусцяць".

Але яго так і не выпусцілі. Сяргея асудзілі на 10 сутак паводле арт. 19.11 КаАП за падпіску на "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал "Рэальная Беларусь" і змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна.

У кастрычніку 2020 года Сяргея затрымлівалі на Маршы гонару. Тады з Мінска са шматлікімі затрыманымі яго этапавалі ў жодзінскі ІЧУ, дзе асудзілі на сем базавых велічыняў штрафу і адпусцілі.

Шлях Сяргея 11 кастрычніка па Мінску: Акрэсціна — Валадарскага

Сяргей Сакавец
Сяргей Сакавец

1 кастрычніка Сяргей мусіў выйсці з "сутак". На Акрэсціна яго сустракала дзяўчына, але марна прачакала цэлы дзень. Калі яна патэлефанавала ў дзверы ў ЦІП, то ёй адказалі, што "такога затрыманага ў іх няма".

"Яна мне патэлефанавала, мы пачалі панікаваць. З дома я пачала тэлефанаваць ва ўсе мінскія РУУС, КДБ. Напэўна, я ў той дзень усё абтэлефанавала, мне ўсюды адказвалі, што "тут няма такога". Па месцы жыхарства я паехала ў РАУС, напісала заяву аб знікненні сына. Была пятніца — апошні дзень працоўнага тыдня. Мне адказалі, што маю заяву адправяць у Мінск, што не так хутка робіцца, бо былі выхадныя дні", — узгадвае мама палітвязня.

Дзяўчына Сяргея заявіла пра ягонае знікненне ў вышук г. Мінска. 1 кастрычніка каля 23:30 ёй паведамілі, што хлопец знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна ў межах крымінальнай справы.

 "3 кастрычніка я паехала ў Мінск, каб скласці дамову з адвакатам. Потым — у Следчы камітэт напісаць заяву, каб мне растлумачылі, чаму мне не патэлефанавалі і не паведамілі, дзе знаходзіцца мой сын і за што яго затрымалі", — расказвае Тамара.

Праз некалькі дзён родныя з дапамогай адваката змаглі даведацца, што Сяргей затрыманы ў межах артыкула 342 Крымінальнага кодэкса — "удзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак". Пазней гэта паведаміў і Следчы камітэт.

"Больш мы нічога не ведаем, бо з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні".

Сяргей Сакавец
Сяргей Сакавец

Сяргей утрымліваўся на Акрэсціна 20 сутак. Увесь гэты час для яго, як і для іншых "палітычных" затрыманых, не прымалі перадачы. Хлопца перавялі ў СІЗА 11 кастрычніка. Там ён упершыню за 20 дзён убачыў сонца і адчуў пах свежага паветра на першым шпацыры.

На наступны пасля пераводу дзень ягоная маці паехала ў Мінск і перадала сыну першую за тры тыдні арышту перадачу.

"Ад такой радасці ў мяне атрымалася перадача каля 18 кілаграмаў".

У першым сваім лісце маме Сяргей напісаў, што па перадачцы яму адразу зрабілася зразумела, што яе збірала мама, бо там шмат лішняга.

Амаль уся пенсія — на крэдыт

Тамара распавядае, што яна вельмі цяжка перажывае сітуацыю з сынам:

"Першыя тры месяцы я знаходзілася ў дэпрэсіі. Столькі перажыла за ўвесь гэты час. Я не разумею: навошта так пакутуюць людзі? Нават цяпер штодня думаю, як ён там і як яму там дрэнна і цяжка, бо ён не заслужыў так пакутаваць".

Акрамя гэтага, маме Сяргея даводзіцца выплачваць крэдыт сына, які ён браў для набыцця машыны і які забралі сілавікі — на гэта ў яе сыходзіць амаль уся пенсія:

"У жніўні сын прадаў машыну за 9 тысяч долараў. Ён хацеў сабраць грошай і купіць іншую. Я таксама збірала яму на машыну па капейцы, каб дапамагчы. Дамова куплі-продажу на машыну ёсць, на астатнюю суму ён аформіў крэдыт, які я цяпер плачу — 220 рублёў на месяц пры маёй пенсіі 258 рублёў. У мяне інваліднасць 3 групы.

І тэлефон, які ён таксама купіў у растэрміноўку за 2 тысячы рублёў, таксама забралі. Я пакуль яшчэ спраўляюся, бо ў лесе зарабіла на грыбах і ягадах".

У дзяўчыны Сяргея забралі грошы з кашалька — 440 долараў і 155 рублёў. У яе ўжо атрымалася забраць іх. А вось грошы за прададзеную ў жніўні машыну вярнуць пакуль не ўдалося.

У кожным лісце Сяргей просіць, каб родныя даведаліся ў следчага, як ім вярнуць грошы за машыну, таму што гэтая сітуацыя яго моцна трывожыць і яму вельмі крыўдна.

Чатыры месяцы ў СІЗА — 40 прачытаных кніг, 44 напісаныя вершы

Верш Сяргея з СІЗА
Верш Сяргея з СІЗА

У СІЗА Сяргей шмат чытае — за чатыры месяцы прачытаў 40 кніг. Палітвязень вучыць англійскую мову, стараецца адціскацца, каб не страціць форму. Сваім сукамернікам, іх жонкам і дзецям ён стварае малюнкі.

У Сяргея Сакаўца ёсць хобі, якімі ён працягвае займацца, нават знаходзячыся ў засценках ізалятара, — напісанне вершаў. У зняволенні хлопец напісаў ужо 44 вершы. На волі Сяргей таксама пісаў вершы, у тым ліку пра тое, што адбываецца ў Беларусі. А вось верш, які палітвязень напісаў на "Валадарцы" ў ноч перад Новым годам — 31 снежня:

"Не хотел отмечать без свободы его я". Дзень народзінаў у СІЗА

17 кастрычніка Сяргею споўнілася 29 гадоў. Свой Дзень народзінаў хлопец сустрэў у СІЗА-1 на Валадарскага. Ягоная дзяўчына занесла яму перадачу, бо хацела яго "пацешыць у гэты дзень чым-небудзь смачненькім". У засценках ізалятара Сяргей напісаў верш "День рождения"

"И вот пришел он долгожданный

17-й день Октября.

Как никогда, он был нежеланный,

Не хотел отмечать без свободы его я.

В это сложно поверить, но мне 29.

Вроде взрослый мужик, а по жизни дурак.

Создал столько проблем всем, что сложно измерить,

Но я обещал, что к 30 разгребу свой бардак.

Сам себя я поздравляю, тем в чем сильно нуждаюсь:

Здоровья и счастья, любви с удачей желаю,

Чтоб свободу мне дали и родные дождались.

А взамен даю слово: "Их никогда не отставить!"

Амаль 15 тысяч у Instagram

Як распавядаюць родныя Сяргея, ён любіць займацца спортам і да затрымання хадзіў у трэнажорную залу, каб быць у форме. Тамара апісвае сына як вельмі акуратнага, прыязнага і артыстычнага маладога чалавека. У Instagram у яго амаль 15 тысяч падпісчыкаў.

 "Сяргей любіць кантактаваць з людзьмі і даваць парады", — тлумачыць маці папулярнасць сына.

Мама Сяргея распавядае, што нядаўна, для крымінальнай справы, узяла ва ўніверсітэце, войску і на працы сына характарыстыкі — "усе толькі добрыя якасці". Да затрымання хлопец працаваў старшым інжынерам-энергетыкам.

"На працы ўсе яго паважаюць і шануюць як добрага супрацоўніка. Ён удзельнічаў ва ўсіх святах, нават быў Снягуркай".

"У яго любоў да ўсіх"

Сергей и его любимая кошка Афина
Сяргей і ягоная любімая котка Афіна

Паводле Тамары, Сяргей вельмі моцна любіць жывёл. Яго дома чакае котка Афіна, якую ён вельмі любіць. У лістах Сяргей піша, што вельмі сумуе па ёй і нават напісаў верш пра котку.

Мама Сяргея прыгадвае сямейную гісторыю пра сына, якая шмат што можа сказаць пра яго як пра чалавека:

 "Мы жывём у сваёй хаце і ў нас неяк завяліся мышы — прыйшло цэлае сямейства. Сяргей, напэўна, у 11 клас хадзіў. Мы пачалі пасткамі адлоўліваць мышэй. Калі Сяргей гэта ўбачыў, то зрабіў нам заўвагу. Бацьку сказаў: навошта вы іх ловіце і забіваеце, гэта ж мышкі — яны вам нічога дрэннага не зрабілі, хай бы сабе жылі ў хаце. І дадаў, што ў нас у хаце няма ні ката, ні сабакі — дык хай хоць мышкі жывуць. Вось такая ў яго любоў да ўсіх".

Лісты на волю

listy_sacovec.jpg
Лісты Сяргея маці

Тамара распавядае, што ў лістах Сяргей піша, што вельмі сумуе, асабліва па сваёй дзяўчыне і котцы Афіне. Ён увесь час піша, што вельмі моцна хоча дадому.

"Лісты я без валідолу і валяр'янкі чытаць не магу — занадта гэта цяжка", — кажа мама Сяргея.

У Сяргея ёсць дзве сястры, якія намагаюцца яго падтрымліваць лістамі. Але сам хлопец піша, што арышт стаўся для яго нечаканасцю і перакрэсліў шматлікія планы:

"Сяргей у апошнім лісце напісаў, што ў яго ўжо пачало наладжвацца жыццё, што ўжо самастойна ўстаў на ногі, меў планы з нагоды сябе і сваёй дзяўчыны. І раптам усё ў адно імгненне абвалілася!" — пераказвае мама палітвязня словы сына.

"Навошта ваявалі?"

Мама Сяргея распавядае, што ў яго прадзядуля — ветэран Айчыннай вайны, а прабабуля была зняволеная ў канцлагеры ў Германіі.

 "Проста крыўдна да слёз: навошта яны ваявалі? Каб іх праўнук цяпер сядзеў ні за што?" — задаецца рытарычным пытаннем Тамара.

Дата суда над Сяргеем пакуль невядомая.

Падтрымаць палітвязня лістамі, водгукамі на вершы, грашовымі пераводамі, бандэролькамі можна па адрасе:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Сяргею Аляксандравічу Сакаўцу

"Свобода" — верш Сяргея Сакаўца з "Валадаркі"

До свободы путь — дорога,

Далека — не все дойдут,

Нужно выдержки немного.

Очень сложный важный труд.

Слаще воздуха свободы,

Ничего на свете нет.

Я готов ждать даже годы,

Чтоб увидеть жизни свет!

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства