viasna on patreon

Двух экс-супрацоўнікаў "Белтэлекама" асудзілі да 11 гадоў калоніі. Іх збівалі пры затрыманні Дапоўнена

2022 2022-02-08T19:25:13+0300 2022-03-16T10:05:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/polit.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе сёння агучылі прысуд двум палітзняволеным экс-супрацоўнікам «Белтэлекама» – Аляксею Бычкоўскаму і Арцёму Пархамовічу. За "зліў дадзеных" суддзя Святлана Бандарэнка асудзіла іх па васьмі артыкулах Крымінальнага кодэкса да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага. Суд праходзіў у закрытым рэжыме з 25 лістапада. Працэс закрылі па хадайніцтву пракуроркі Наталлі Сакаловай «у мэтах бяспекі сям'і пацярпелага і яго асабістых дадзеных, а таксама ў мэтах нераспаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў». Палітвязні выступалі супраць, але суддзя зрабіла пасяджэнне закрытым. У адказ на гэтае рашэнне Пархамовіч заапладзіраваў, за што атрымаў папярэджанне ад суддзі. За кратамі Аляксей і Арцём утрымліваюцца ўжо адзін год і тры месяцы.

Аляксей Бычкоўскі і Арцем Пархамовіч.
Аляксей Бычкоўскі і Арцём Пархамовіч

Аляксея і Арцёма затрымалі восенню 2021 года. На "пакаяльных відэа" мужчыны выглядалі збітымі. Жонка Аляксея Бычкоўскага Таццяна, распавяла «Нашай Ніве», што насамрэч, што мужа вельмі збілі пасля затрымання:

«Мужа збілі, калацілі да паўсмерці пры затрыманні. Бо я гаварыла з тымі, хто бачыў яго пасля затрымання, муж быў у жудасным стане, па іх словах.

Я не хачу нават гаварыць, што з ім рабілі — гэта проста прынізліва для яго. Але, мне сказалі, яго білі электрашокерам, ён губляў прытомнасць…

Дзе яго білі, я не ведаю. Але я гаварыла з калегамі мужа, яны расказалі, што сілавікі пасадзілі яго ў бус — і машына яшчэ даволі доўга стаяла проста ля будынка «Белтэлекама» на Матусевіча. Пасля толькі яго даставілі ў Следчы камітэт. А сам муж напісаў у адным з лістоў пра дарогу ў СК: «Я думаў, што проста не даеду».

Таксама жонка Бычкоўскага распавяла, што колькасць "злітых дадзеных" на самай справе ў разы меншая. Аляксей і Арцём Пархамовіч хоць і працавалі ў адным будынку, але ў розных падраздзяленнях, нават не былі знаёмыя. А праходзяць па адной справе толькі таму, што скідвалі інфармацыю ў адзін тэлеграм-канал. Там жа ў гэтай справе фігуруе Сафія Сапега.

Аляксей Бычкоўскі і Арц\м Пархамовіч
Аляксей Бычкоўскі і Арц\м Пархамовіч

У чым іх абвінавацілі?

Згодна версіі абвінавачвання, былыя супрацоўнкі «Белтэлекама» ў 2020 годзе "перадалі адміністратарам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў персанальныя і іншыя асабістыя дадзеныя больш чым 150 асоб з ліку кіраўнікоў і супрацоўнікаў розных праваахоўных органаў, суддзяў, журналістаў, работнікаў сферы адукацыі і медыцыны, грамадскіх дзеячаў".

"Следствам устаноўлена, што 24-гадовы спецыяліст па продажах Арцём Пархамовіч і 35-гадовы інжынер электрасувязі Аляксей Бычкоўскі натхніліся заклікамі дэструктыўных тэлеграм-каналаў і, паверыўшы ў сваю беспакаранасць і ананімнасць, перадавалі для выкарыстання ў дэструктыўных тэлеграм-каналах персанальныя і іншыя асабістыя дадзеныя кліентаў, да якіх мелі доступ. Варта адзначыць, што работнікі арганізацыі неаднаразова выказвалі сваё жаданне аказаць садзейнічанне ў злачыннай дзейнасці і ініцыятыўна выходзілі на кантакт з адміністратарамі каналаў. У некаторых выпадках яны атрымлівалі спіс, у якім магло знаходзіцца 15-20 чалавек, пасля чаго апрацоўвалі дадзеныя і адпраўлялі адміністратарам выніковы варыянт з канфідэнцыйнай інфармацыяй на кожнага чалавека са спісу".

Па версіі абвінавачванні, яны перадалі персанальных звестак пра 200 і больш супрацоўніках органаў унутраных спраў і іншых дзяржаўных служачых адміністратарам экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў.

"Перададзеныя звесткі былі размешчаныя ў публічным доступе, а супрацоўнікі і іх сем'і былі падвергнутыя булінгу, у кагосьці пацярпела маёмасць".

У выніку, Аляксея Бычкоўскага і Арцёма Пархамовіча асудзілі па наступных артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • арт. 364 – «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
  • ч. 1 арт. 366 – «Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак»;
  • арт. 365 – «Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў»;
  • арт. 198 – «Перашкода законнай прафесійнай дзейнасці журналіста»;
  • арт. 352 – «Неправамернае завалоданне кампутарнай інфармацыяй»(рэдакцыя страціла сілу 26.05.2021);
  • арт. 389 – «Пагроза ў дачыненні да суддзі або народнага засядацеля»;
  • ч. 2 арт. 203-1 – «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных»;
  • ч. 3 арт. 130 – «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варожасці». 

Што адбывалася на судзе?

Суд у закрытым рэжыме працягваўся больш за два месяцы. Жонка Бычкоўскага распавяла, што пракурор запрашваў 12 год пазбаўлення волі, але суддзя прызначыла на год менш. Таксама палітвязні мусяць выплаціць вялікія кампенсацыі маральнай шкоды.

«На судзе Аляксей прызнаў віну часткова: што выкарыстаў інфармацыю. Але пра пагрозы сілавікам, экстрэмізм ён нічога не прызнаваў, — кажа жонка Бычкоўскага. — Арцём віну не прызнаваў. Але далі ім абсалютна аднолькава, па 11 гадоў калоніі, плюс яны мусяць сплаціць вялікія кампенсацыі пацярпелым — тым, чые дадзеныя яны перадавалі. Суддзя зачытвала: каму 500 рублёў, каму 1000, каму 2 тысячы. Тыя, у каго пасада паніжэй прасіў меншыя сумы, тыя, у каго пасада вышэй — больш. Мяркуючы па пошліне, цяпер мой муж мусіць сплаціць каля 30 тысяч даляраў. Арцём Пархамовіч — трохі менш.

Муж закрыты чалавек, па ім не будзе бачна, што яму кепска, таму ён не выказаў эмоцый падчас агучвання прысуду. Арцём Пархамовіч таксама трымаўся нармальна. 

Але да мяне прыходзілі лісты, у якіх муж пісаў, што ў шоку, бо пракурор просіць 12 гадоў. І гэта пры тым, што тое першая судзімасць, частковае прызнанне віны… 

Калі суддзя сказала: «11 гадоў» у мужа слёз не было, але было бачна, што яму няпроста. У абвінавачанні было 8 артыкулаў, але падчас выраку суддзя агучыла толькі тры ці чатыры, па якіх сказала, што муж вінаваты. Сярод іх дакладна быў артыкул 130 КК (распальванне варожасці)».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства