"Уладзімір сваёй галадоўкай дае сігнал". Шосты дзень галадоўкі палітзняволенага філосафа
Палітзняволены філосаф і метадолаг, вядомы грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Мацкевіч утрымліваецца ў СІЗА ўжо паўгода. Увечары 3 лютага ён пачаў галадоўку, патрабуючы змены меры стрымання на не звязаную са зняволеннем, завяршэння следства па крымінальнай справе супраць яго і прызначэння даты суда. Калі не будуць выкананыя гэтыя патрабаванні, то праз чатыры дні філосаф гатовы перайсці на "сухую галадоўку". Блізкія палітвязня запусцілі петыцыю ў падтрымку Уладзіміра. Што цяпер вядома пра галадоўку філосафа і якія сэнсы за ёй стаяць – "Вясне" распавяла былая жонка палітвязня, метадолаг і незалежная экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.
"Ягонае рашэнне было цалкам асэнсаваным і ўсвядомленым"
Уладзімір Мацкевіч, папярэдне апавясціўшы адміністрацыю СІЗА, фактычна пачаў галадоўку ўвечары 3 лютага. Блізкія і сябры палітвязня даведаліся пра гэта праз адваката.
"Ягонае рашэнне было цалкам асэнсаваным і абгрунтаваным, паколькі ён ужо паўгода знаходзіцца ў СІЗА і следчыя дзеянні тармозяцца. Канчатковае абвінавачванне Уладзіміру не выставілі, актыўных дзеянняў у сувязі з гэтым не ажыццяўляецца. Але пры гэтым яму падаўжаюць тэрмін зняволення пад вартай. Для Уладзіміра гэта з'яўляецца непрымальным фактам. Ён заўсёды ішоў на крайнія меры і дэманстраваў сваю пазіцыю ў барацьбе за сваю ідэю і перакананні", — каментуе рашэнне Уладзіміра Святлана.
"Наогул адчувае сябе здавальняльна"
Уладзімір адмаўляецца ад прыёму ежы да выканання ягоных патрабаванняў: змены меры стрымання на падпіску аб нявыяздзе, завяршэння следчых дзеянняў і прызначэння даты судовага разгляду. Першыя дзесяць дзён ідзе "галадоўка на вадзе" — засталося яшчэ чатыры дні. Калі да 14 лютага патрабаванні не выканаюць, палітвязень гатовы перайсці да "сухой галадоўкі".
Па стане на пяты дзень галадоўкі, як кажа адвакат Уладзіміра, ён "наогул адчувае сябе здавальняльна" і знаходзіцца "ў роўным настроі", бо ён падрыхтаваўся да гэтага кроку маральна і фізічна. Адміністрацыя СІЗА ставіцца да дзеянняў Мацкевіча карэктна і ў межах стандартных нормаў і працэдур: факт галадоўкі зафіксаваны, Уладзіміра наведвалі дзяжурны лекар і псіхолаг следчага ізалятара.
Паводле Святланы, Уладзімір пачуваецца звычайна і пераносіць гэтую сітуацыю цярпіма.
"Уладзімір сваёй галадоўкай дае нам нагоду"
Святлана Мацкевіч бачыць сэнс і пасыл галадоўкі Уладзіміра шырэй:
"Ва ўмовах такога палітычнага завісання, якое мы маем цяпер, хтосьці павінен пачынаць. І, практычна, Уладзімір запускае гэты працэс разам у іншымі палітвязнямі.
Мы пачынаем прызвычайвацца да страшных рэчаў, спакойна назіраем, як павялічваецца колькасць палітвязняў. Дзеянні грамадзянскай супольнасці, СМІ і астатніх, галоўным чынам, маюць апісальны характар канстатацыі і падтрымкі: "Трэба пісаць лісты!", "Трэба падтрымліваць фізічны стан здароўя палітвязняў" і г.д. Безумоўна, гэта важна і неабходна. Але Уладзімір фактычна прапануе змяніць адносіны да такой пастаноўкі пытання, парадак дня з нагоды палітвязняў павінен змяняцца. Ён кажа, што гэта не проста палітвязні, гэта гонар, сумленне нацыі, гэта наша мысленне, гэта сіла, ад якой мы можам пачынаць адштурхвацца і па-новаму раскручваць рух супраціву. Уладзімір сваёй галадоўкай дае сігнал і заклік, што час змяняць сітуацыю, час перастаць іх шкадаваць і пакутаваць. Трэба ісці ў супраціў. Трэба пачынаць прабіваць сценку. У сутнасці, Уладзімір сваёй галадоўкай дае нам нагоду і нібы раскручвае ў зваротны бок сітуацыю палітычнага завісання і дэпрэсіі.
На палітычным полі мы займаемся шмат якімі рэчамі, але перамога ўсё аддаляецца. Актыўны пратэст, якім ён быў у 2020 годзе, мы ўжо наўрад ці зможам прадэманстраваць. Значыць, трэба шукаць іншыя метады, не асабліва разлічваючы на замежную дапамогу, "эканамічны цуд" і г.д. Мы ў сітуацыі завісання. І Уладзімір сваёй галадоўкай як быццам звяртаецца да грамадства: "Карыстайцеся момантам, пачынайце з мяне!"
"Няма сэнсу знаходзіцца ў СІЗА проста так"
Уладзімір быў затрыманы 4 жніўня 2021 года пасля ператрусу ў доме ў межах крымінальнай справы. Яму прад'явілі абвінавачванне ў "арганізацыі/удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (арт. 342 КК). Блізкія ўпэўненыя, што ягонае зняволенне справакаванае адкрытай грамадзянскай пазіцыяй, якую Уладзімір заўсёды дэманстраваў і заяўляў.
"Ён заўжды сябе пазіцыянаваў як чалавек разумны і ўпэўнены ў сваёй праўдзе. Уладзімір — сімвал актуальнага мыслення краіны. Як філосаф і метадолаг шмат дыскутаваў на палітычныя тэмы з іншымі апазіцыйнымі лідарамі, вёў кансультацыі, досыць выразна агучваў і аргументаваў сваю пазіцыю, выступаў у публічнай прасторы і настойваў на сваім бачанні і разуменні, што трэба рабіць для прасоўвання да перамогі. Але за гэта не павінны судзіць. За мысленне і грамадзянскую пазіцыю — няма такога артыкула. Незразумела наогул, на падставе чаго ён знаходзіцца ў турме.
Той артыкул, які яму прад'яўляецца — "класічны" масавы артыкул 342 Крымінальнага кодэкса — адназначна зразумела, што ён да яго непрыдатны. Я думаю, што і праваахоўныя органы выдатна гэта разумеюць. А іншага абвінавачвання — больш лагічнага — у дачыненні да дзеянняў Уладзіміра Мацкевіча выдумаць і знайсці досыць складана. Таму яго павінны адпускаць! Няма сэнсу знаходзіцца ў СІЗА проста так. І патрабаванні, якія ён высоўвае, — цалкам выканальныя".
"Знаходзіцца ў ізаляцыі філосафу? Навошта?"
Адвакат Уладзіміра Мацкевіча знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, таму поўнай інфармацыі пра ход справы ў блізкіх няма. Першыя два адвакаты Уладзіміра былі пазбаўленыя ліцэнзіі.
"Мы ўсе разумеем, што знаходзімся ў сітуацыі палітычнага крызісу, і метады, якія выкарыстоўваюцца з таго боку, — незаконныя.
Чалавек знаходзіцца ў ізаляцыі. І трэба выразна сказаць, што беларускага філосафа і мысляра ўтрымліваюць за кратамі за "думказлачынства". І гэта ненармальна! Для Уладзіміра гэта і фізічна цяжка, бо ён ужо ў немаладым узросце. Мы ўсё перажываем за стан ягонага здароўя", — кажа Святлана
"Нават ва ўмовах дэпрэсіі крокі ў адказ для адстойвання сваіх правоў магчымыя"
Святлана мяркуе, што Уладзімір верыць у эфектыўнасць галадоўкі, і ўзгадвае пост-галадоўку 2006 года за захаванне царквы "Новае жыццё", калі Уладзімір далучыўся да акцыі. 5 кастрычніка 2006 года прыхаджане царквы "Новае жыццё", а таксама іншых пратэстанцкіх цэркваў абвясцілі пост-галадоўку. У ёй узялі ўдзел каля 180 хрысціян і прыхаджанаў царквы. Удзельнікі выставілі патрабаванне адмяніць рашэнне Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынку. І тады пост-галадоўка дамаглася сваіх патрабаванняў — рашэнне было скасаванае. Як адзначае Святлана, пост-галадоўка суправаджалася шэрагам узгодненых грамадзянскіх дзеянняў за межамі галадоўкі, таму яна і была паспяховай. Яна праводзіць паралелі з сённяшняй сітуацыяй у Беларусі:
"Гэта быў пазітыўны вынік галадоўкі. Але трэба разумець, што эфектыўнай яна зрабілася не толькі таму, што людзі галадалі і выстаўлялі свае патрабаванні, а таму што ўсё асяроддзе вымушала ўлады выканаць патрабаванні галадоўцаў".
"Гэта добры прыклад, што нават ва ўмовах дэпрэсіі такія крокі ў адказ для адстойвання сваіх грамадзянскіх правоў і свабодаў магчымыя. І хтосьці павінен пачынаць гэта працэс, нават такімі радыкальнымі метадамі", — падсумоўвае Святлана.
"Мы не хочам згубіць філосафа"
На Change.org запусцілі петыцыю ў падтрымку Уладзіміра Мацкевіча, якая адрасаваная ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт
"Мы мяркуем, што патрабаванні філосафа рэалістычныя нават ва ўмовах сучаснага палітычнага і прававога крызісу ў Беларусі. Як грамадства, гэтак і тыя, хто прымаюць рашэнні, павінны ведаць, у чым ягоная віна. Мы не хочам згубіць філосафа, грамадскага дзеяча, які зрабіўся сімвалам думаючай Беларусі. Мы цалкам падтрымліваем усе без выключэння патрабаванні Уладзіміра Мацкевіча!" — гаворыцца ў петыцыі.
Падтрымаць Уладзіміра можна па адрасе:СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Уладзімір Уладзіміравіч Мацкевіч Падпісаць петыцыю: change.org |