Віцебляніна асудзілі за знявагу мінскай суддзі Вікторыі Шабуні
Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 9 лютага вынес прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Кузняцову, якога абвінавацілі ў абразе суддзі або народнага засядацеля (арт. 391 Крымінальнага кодэкса).
Справу, якая цягнулася амаль 3 месяцы, разглядала суддзя Ганна Тылец. Абвінавачанне падтрымлівала старшая пракурорка аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці Драгель.
Мужчыну прызналі вінаватым, і пакаралі абмежаваннем волі на 2,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Пацярпелая – суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня.
Пад час судовага следства Кузняцоў прызнаў сваю віну часткова, паведаміў, што пад фотаздымкам суддзі Шабуні ў сацыяльных сетках размясціў абразлівы каментар.
Пракурорка звярнула ўвагу, што “грамадская небяспека ў абразе прадстаўніка ўлады, суддзяў у сувязі выканання іх абавязкаў ўяўляе павышаную небяспеку паколькі такія дзеянні спрыяюць парушаць нармальна функцыянаваць апарата ўлады. У выніку падобных дзеянняў падрываецца аўтарытэт таго органа якім прадстаўляе пацярпелая, а гэтак жа падае прэстыж дзяржаўнай улады і дзяржаўнага апарату. Акрамя таго прыніжэнне гонару і годнасці суддзі можна разглядаць як псіхалагічны гвалт, які можа аказаць ўплыў на псіхіку пацярпелай”.
Адвакат у сваім выступе адзначыла, што ў дзеяннях Кузняцова адсутнічае склад злачынства.
“Каментар, пакінуты маім падабаронным, не быў падвергнуты аналізу спецыялістамі, і ўтрымлівае дапушчальныя доказы… Мой падабаронны прызнае што ў сваім каментары груба выказаўся ў адрас жанчыны, за што яму сорамна. Бок абароны просіць пастанавіць апраўдальны прысуд у адпаведнасці з пунктам 2 ч. 1 артыкула 357 Крымінальнага кодэкса у дачыненні да Андрэя Кузняцова", - заявіла яна ў судзе.
Тым не меней, суд прызнаў Кузняцова вінаватым, і пакараў абмежаваннем волі на 2,5 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама суд пастанавіў канфіскаваць смартфон Huawei і іншыя прылады, з дапамогай якіх Кузняцоў зняважыў суддзю Шабуню.