viasna on patreon

Былы палітвязень Алесь Мінаў: “У сваіх марах на Валадарцы я ўяўляю музей”

2022 2022-02-10T15:41:27+0300 2022-02-10T15:42:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/minau_ales112.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Маладога настаўніка Алеся Мінава затрымалі ў жніўні 2021 года ў Мінску. Дзень затрымання мусіў стаць для выпускніка філфака БДУ першым днём работы ў Ліцэі БДУ, куды ён пераразмеркаваўся на апошні год сваёй адпрацоўкі. У канцы лістапада 2021 года яго асудзілі да трох гадоў “хіміі” паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса і вызвалілі ў залі суда.

Сёння Алесь знаходзіцца за мяжой. Ён распавёў “Вясне” пра тое, што падтрымлівала яго ўвесь гэты час, пра размовы на беларускай мове з сукамернікамі, а таксама пра тое, у чым ён бачыць выйсце для беларусаў з цяперашняй сітуацыі.

“Час ад часу чытаў пра сябе ці сукамернікам вершы”

– Парадаксальна, але я меў на Валадарцы пэўныя прыемныя пачуцці, гледзячы на старадаўнія муры, кладку, вежы. Гэта гістарычнае месца, і ў сваіх марах я ўяўляю там музей, дзе людзі будуць разумець, як важна зберагаць тое, што мы ў хуткім часе здабудзем.

Супрацоўнікі Валадаркі таксама ставіліся да зняволеных па-людску, і калі я бачу навіны пра катаванні ці ціск, мне цікава, ці яго чыняць тыя самыя людзі, ці для гэтых мэтаў у іх ёсць адмысловыя спецыялісты. Бо тых супрацоўнікаў, што я бачыў, я б назваў традыцыйнымі супрацоўнікамі турэмнай сістэмы, я таксама не заўважыў іх спецыфічнага становішча да палітычных. Калі яны даведваліся, што сядзіш за палітыку, пыталіся хутчэй не са здзекам, а са шчырай цікаўнасцю, навошта гэта табе было і ці не шкадуеш ты.

«Чалавек, які носіць сонечнае святло ў кішэнях паліто»

Маналогі блізкіх пра палітвязня Аляксея Мінава

І наогул, у параўнанні з жудаснымі ўмовамі на Акрэсціна, на Валадарцы было значна лепш. Адзінае – вельмі адчуваўся недахоп месца: у невялікай камеры на 15 чалавек нары стаялі ў тры ярусы, і калі ўсе спускаліся на падлогу, то цёрліся адзін да аднаго, як у час-пік у метро. У астатнім было прымальна. Раз на дзень пускалі на гадзінны шпацыр, раз на тыдзень – у душ, у гэты ж час мянялі пасцельную бялізну. Калі людзі звярталіся да лекара, аказвалася медычная дапамога – аднойчы мне нават рабілі здымак носа, бо былі сімптомы гаймарыту. Можна было зрабіць прышчэпку ці выклікаць стаматолага – але ён прыходзіў не да ўсіх.

Працавала і бібліятэка: два разы на тыдзень бібліятэкар прыносіў кнігі, якія ты замаўляў па шырокім спісе – здаецца, валанцёры склалі яго яшчэ ў 2020 годзе. У тым ліку я чытаў Алексіевіч на беларускай мове. Таксама як настаўнік я ведаю шмат вершаў на памяць, таму час ад часу чытаў іх пра сябе ці ўслых сукамернікам, некаторыя з іх яны прасілі запісваць. Яны дадавалі настрой бадзёрасці і ўпэўненасці. Асаблівы настрой ствараўся, калі чытаў практычна ўсяго Уладзіміра Някляева – вельмі яго люблю. Таксама да настрою падыходзіла Ларыса Геніюш, ейныя творы ў стылі вядомага чатырохрадкоўя, які ўспрымаўся як дэвіз:

“Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А безь яе – зусім ня жыць”.

Шмат вершаў дасылалі сябры ў лістах – гэта яшчэ адна крыніца натхнення за кратамі. Усяго за гэты час прыйшло каля 250 лістоў, аднак калі я выйшаў, даведаўся, што пісалі ў некалькі разоў больш. Не думаю, што была нейкая логіка ў тым, якія рэчы цэнзура не прапускала, але мы заўважалі, што часцей не праходзіць лісты, пранумараваныя пад лічбай “1”, ці тыя, якія былі відавочна ад незнаёмых людзей. Таксама часта не прапускалі паэзію, але аднойчы я напісаў верш у прадзяржаўнай стылістыцы пра чырвона-зялёны сцяг, ветэранаў, але зашыфраваў у першых літарах лозунгі кшталту “Верым! Можам! Пераможам!” – і яно дайшло да адрасата.

minau_listy.jpg
Лісты, якія дайшлі Алесю за час зняволення

Але я і тыя з палітычных, хто сядзеў са мной, цудоўна разумелі, што нам пішуць нашмат больш людзей. Лісты – вельмі важная праява падтрымкі, думаю, чалавеку ў зняволенні будзе цікава ўсё. Мне дасылалі і асабістыя расказы, і навіны, і вершы, і рэцэнзіі на фільмы і выставы. Аповеды з падарожжаў таксама дадавалі мне радасці і весялосці.

“З некаторымі палітвязнямі мы камунікавалі выключна па-беларуску”

— На Валадарцы я імкнуўся збольшага размаўляць па-беларуску, і ў агульным людзі ставіліся да гэтага альбо нейтральна, альбо пазітыўна. З некаторымі палітвязнямі мы камунікавалі выключна на мове. Я заўважаў пэўную цікавасць людзей да беларускай культуры: калі яны даведваліся, што я настаўнік, пыталіся ў мяне пра нешта, цікавіліся – звычайныя людзі, якія сядзелі за ўмоўны крадзеж. Месяц паразмаўляўшы на беларускай, я заўважыў, як родныя словы ўвайшлі ў гаворку пэўных людзей. Сярод зняволеных я, дарэчы, не бачыў ніводнага прыхільніка Лукашэнкі, хаця сустракаў аматараў Пуціна і “рускага свету”. 

З боку персанала некаторым таксама падабалася беларуская – яна непрыемна кранала толькі аднаго-двух чалавек. А вось на Акрэсціна стаўленне ва ўсіх было выключна негатыўнае. Мне таксама не дазволілі запісаць гэтак званае “пакаяльнае відэа” на беларускай мове.

На допытах і ў судзе я размаўляў на расейскай, бо ведаў, што па маім артыкуле часта даюць абмежаванне волі. Вырашыў, што калі буду звычайным сярэднестатыстычным грамадзянінам, які апынуўся тут раптоўна, змагу выйсці і зрабіць нешта карыснае. Праз гэта я таксама прызнаў віну, хаця па шчырасці не лічу сябе вінаватым. Ведаючы, што ёсць выйсце, я скарыстаўся ім і, можна сказаць, пераступіў праз сябе. Таму я б не сказаў, што я такі моцны, як Статкевіч ці Севярынец. Хаця калі б ведаў дакладна, што ў мяне будзе непамерна велізарны тэрмін і больш-менш прымальных вынікаў быць не можа, паводзіў бы сябе крыху па-іншаму: маральна мне было б так прасцей.

На жаль, стаўленне да беларускай мовы як ледзь не да варожай – частка мэтанакіраванай палітыкі дзяржавы па знішчэнні мовы і культуры. Я ўпэўнены, рэжым будзе працягваць гэта рабіць, але людзі паказалі, што яны не дадуць адбыцца гэтаму. Лічу, справа ў тым, што калі Нюрнбергскі працэс асудзіў фашызм, і цяпер ён не можа падняць галаву, то савецкая ідэалогія, якая была не менш крывавай, не была ні асуджаная, ні спыненая, таму нашыя сённяшнія ўлады ў поўнай меры прытрымліваюцца гэтай чалавеканенавісніцкай ідэалогіі. Усё выкарыстоўваецца для накалу грамадства, для пошуку ворагаў, і гэтая нянавісць да нацыянальнага сядзіць у іх у галаве. І мы будзем бачыць гэтыя праявы то тут, то там.  Адмаўляючы рэпрэсіі, улады дэманструюць, што не бачаць у іх нічога кепскага: для іх нармальна знішчаць людзей, якія не згодныя з іх палітыкай. Але думкі немагчыма знішчыць. Таму я лічу, што была вельмі важнай дзейнасць усіх апазіцыйных і незалежных структур апошніх гадоў: яны захавалі ідэю, сцяг, асноўны стрыжань, які ў 2020 годзе ўжо аб’яднаў вакол сябе ўжо вялізную колькасць людзей. Мяне вельмі натхняюць людзі, якія не зварочваюць са шляха змагання за Беларушчыну ўжо больш за 25 год. Калі яны б абралі іншы шлях, сталі бы паспяховымі ў існуючых умовах: Някляеў выдаваў бы зборнікі шматтысячнымі тыражамі і ўзначальваў б усе творчыя аб’яднанні, Статкевіч з ягонымі досведам мог бы пабудаваць вайсковую кар’еру… Наша задача зараз – зрабіць, каб усе іх намаганні былі недарэмныя. Столькі ўсяго ўкладзена коштам лёсаў і жыццяў, што мы не можам сказаць: ой, не, замгацца складана і немагчыма. Але ў такіх умовах таксама не трэба асуджаць людзей, якія ламаюцца ў турмах: яны ўжо зрабілі вельмі многае, і праз гэта апынуліся за кратамі. Быць героем і моцным – не базавая патрэба чалавека. 

Але ў большасці я бачу, што людзі ў турме загартоўваюцца. У гэтым дапамае, здавалася б, абстрактнае пачуццё справядлівасці і культурніцкі пласт. Я ўзгадваў літаратурныя сюжэты, нашую гісторыю і часта думаў пра людзей, якія змагаліся супраць бальшавіцкага ладу. Большасць з іх лёсаў былі яшчэ больш трагічныя, а перспектыў было значна менш. У нашым выпадку гэтая пабудова – магчыма, нават і драўляная – а ў іх гэта быў мур з непрабітнага матэрыялу, якому не было канца. Але ў выніку яны ж і павалілі гэты рэжым. Калі яны змаглі, то чаму не зможам мы, маючы такую слаўную гісторыю і такіх цудоўных людзей?

 “Пэўнае выратаванне можна знайсці ў нацыянальнай культуры”

– Пасля затрымання асноўнае расчараванне ў мяне было ў тым, што не выйшаў на працу ў Ліцэй БДУ. Я рыхтаваўся да яе ўсё лета, але праз агульную атмасферу затрыманняў насамрэч адчувалася, што могуць прыйсці і па мяне. Зараз у Беларусі калі некага арыштоўваюць, гэта ўжо не настолькі нечаканая і сумная навіна, але гэта не павінна апынацца нормай. Страшна, што людзі прызвычайваюцца да такіх рэчаў, калі яны перманента прысутнічаюць у жыцці.

Але людзі не звыкаюць да гэтага ў такой ступені, што апускаюць рукі і прызнаюць, што такое становішча назаўсёды і ўжо няма сэнсу нічога рабіць. Не: не маючы магчымасці адкрыта выступаць супраць, людзі назапашваюць пратэст унутры сябе, каб у пэўны момант ён выйшаў на паверхню і даў свой плён. Я думаю, як толькі выдасца мінімальная магчымасць, мы гэта пабачым. Таму рэвалюцыя – можна па-рознаму называць яе – не правалілася цалкам, яна не задушаная, і працэсы працягваюцца. Народны дух і сёння можна адчуць на пэўных імпрэзах у Беларусі. Канечне, цяпер усё прыхавана, але ў такіх умовах гэта і правільна.

Таму нягледзячы на тое, што смерць людзей, пакуты палітвязняў нельга нічым апраўдаць, усё роўна можна бачыць станоўчыя вынікі апошніх падзей. Некаторыя кажуць, што галоўнае – гэта правы чалавека і іншыя дэмакратычныя каштоўнасці, але я лічу, што галоўнае – нацыянальная глеба, якая і ўключае ў сябе і ўсе гэтыя каштоўнасці. Таму зараз пэўнае выратаванне, на мой погляд, можна знайсці ў нацыянальнай культуры, нацыянальнай ідэі. І як мы бачым, людзі звяртаюцца да гэтага, у іх абуджаецца цікавасць да нацыянальнага – вось галоўны вынік падзей. Калі я выйшаў з СІЗА, я ўбачыў росквіт беларускамоўнага кантэнту ў TikToK: крута, што нават школьнікі імкнуцца запісваць відэа на роднай мове, хаця першапачаткова з вялікай колькасцю памылак.

Зараз цудоўны час зарыцца ў культуру Беларусі і развіць сябе як чалавека, асобу, беларуса, падрыхтаваць пэўны грунт будзе недарэмна. Бо калі апускаюцца рукі, не бачна ні выйсця, ні магчымасці зрабіць штосьці сапраўды значнае, застаецца толькі гэта і сляпая вера: калі патроху рабіць нешта малазначнае, рана ці позна ў нас з’явіцца магчымасць на нешта паўплываць. А зараз трэба ператрываць.

Для мяне цікавым апынуўся творчы перыяд у зняволенні. Калі звычайна я пісаў вершы, якія адпавядалі адному з асноўных настроеў беларускай літаратуры і былі дастаткова прыгнечанымі, то ў СІЗА мне пісаліся значна больш баявыя творы – такая грамадзянская лірыка. Я ўласна не вельмі люблю свае вершы, калі перачытваю іх, але збіраюся сесці і структурызаваць іх, каб мець пэўную карцінку таго, што я напісаў за гэты час. Напрыклад, у турме я пачаў пісаць паэму пра Менск, і яна была гатовая працэнтаў на 60, але калі я выйшаў, то працяг не склаўся. Я вельмі люблю Менск, і цікава, што пісаў паэму, калі фізічна не меў доступа да яго, магчыма, зараз ёсць пэўныя аналагічныя настроі – таму гэта атрымае плён у творчым увасабленні. Па задуме гэта твор пра перасячэнне гісторыі і сучаснасці. Лічу, што Менск – даволі цікавы горад, у якім амаль вынішчаная гістарычнасць. Усё самае прыгожае і цікавае ў ім – гэта савецкая забудова, якая б не павінна была ўспрымацца роднай і блізкай, але чамусьці менавіта так і ўспрымаецца. Такая дваістасць бачыцца паўсюль у Менску.

“Чым хутчэй адбудцца змены, тым лепш для нашага народа”

– Я і сёння не магу ўпэўнена сказаць, што з’ехаць – было стоадсоткава правільнае рашэнне. Я бачу ў гэтым шмат прыкрага, бо лічу, што дзеянні па-за межамі Беларусі маюць не надта вялікае значэнне: калі ты ў Менску кажаш у краме “прывітанне” і “дзякуй”, мне падаецца гэта больш значным, чым у знак пратэсту сабраць тысячу чалавек каля амбасады ў чужой краіне. Таму я гляджу захаплёнымі вачыма на людзей, якія зараз застаюцца ў Беларусі і хаця б проста гавораць на роднай мове ці маюць у галаве пратэстныя думкі.

Хаця з іншага боку, і за мяжой адбываюцца важныя рэчы: напрыклад, дапамога палітвязням, публікацыя культурных твораў. Але лічу, што гэта мае меншую каштоўнасць, чым калі б гэта рабілася ў Беларусі. Добрае пытанне ў масавасці таго ці іншага дзеяння. Асабіста я лічу, што байкот рэферэндума быў бы лепшым варыянтам, аднак прыязным будзе той, які будзе масава зроблены людзьмі. Гэтаксама з пытаннем, з’яджаць ці не. Калі некаторыя людзі застаюцца ў Беларусі наперакор усяму з перспектывай трапіць за краты, іх дзеянні крыху губляюць сэнс праз іх адзінкавасць. Спадзяюся, дзеянні сённяшняй эміграцыі прынясуць пэўны плён, калі краіна перажыве пэўныя змены – напрыклад, так здарылася ў пачатку 90-х. Хацелася б верыць, што большасць з тых, хто з’ехаў, вернецца, калі нешта зменіцца, але гэта балючае пытанне. Людзі працягваюць сваё жыццё, і чым больш пройдзе часу, тым менш з іх вернецца. Але пра сябе я магу сказаць, што я вярнуся дакладна, як толькі – дык адразу, такіх людзей з такой жа пазіцыяй я ведаю. Таму чым хутчэй адбудцца змены, тым лепш для нашага народа і Беларусі.

Цяпер жа ў мяне ўсё больш і больш адчуваецца жаданне вярнуцца на Радзіму, на настрой уплываюць і невясёлыя навіны з Беларусі. Але за мяжой шмат культурніцкіх праэктаў, людзі нешта намагаюцца рабіць, таму для натхнення таксама ёсць глеба. Цяпер я працую ў сферы журналістыкі, а таксама рыхтую бясплатныя лекцыі па беларускай мове. Але адчуваецца недахоп выкладніцкай нагрузкі, таму спадзяюся, што ў Беларусі атрымаецца вярнуцца да яе.


Вершы, якія Алесь напісаў за час зняволення

***

уцякала вясна ад зімы
ападалі з галінаў коцікі
уцякалі й твае сябры
недзе там па сусвеце коцяцца
за сумётам сумёт паўстае
завірухі завеі сцюжы
па цяплу пазнаем Людзей
годных родных але нядужых
учора нехта ды заўтра хтось
на падлікі няма ўжо сілаў
усё малюе на крышах мароз
невясёлыя перспектывы
уцякла вясна ад зімы
за сабою спаліла мосцікі
застаюся я
застаешся ты
па чарзе даглядаць за коцікам

19.10.21

 ***

ПАХОДНЯ НА ПАДВАКОНЬНІ
Наталлі Капыцька

У час цемры. У час беспрагляднае цемры
якая годнасьць – запаліць у акенцы маленькую сьвечку.
Ведаючы, што неадступна пагрукаюць у дзьверы.
Ведаючы: да кожнае шыбы прыстаўлены сьледчы.
Ведаючы, што сьвятла яны не пацерпяць.
Ведаючы: зьніч той зьнішчаць. Цябе са зьнічом тым разам...
Але адчайна запальваеш, сьлепа верачы:
мо гэтым разам
сьціплая сьвечка – кволенькі зьніч
насуперак катаваньням, забойствам, абразам
разгарыцца ў паходню сьвятога Паўстаньня,
выпальваючы страх, зьняверу і параліч.
Бо цяпер
кожны агеньчык можа стацца сьвітаньнем.
Бо цяпер
у кожным енку затоены кліч.

07.12.2021

 ***

У змрочных склепах Валадаркі
Вользе Залатар

"Добрай раніцы!" — у твар канвою,
"Добрай раніцы!" — катам у сьпіны.
І нічога, нічога ня зробіш з табою —
Хай глытаюць нянавісьці сьліну.
Бо свабодзе ня ставяць умовы,
Бо свабода з-за кратаў зьзяе,
Бо свабода струменіць мовай,
Сьцягам у сэрцы свабода лунае!
Бы жывою вадой гаючай,
Я напіўся ўсьмешкай тваёй.
Дзякуй, Вольга, за неўміручасьць,
Дзякуй, Вольга, за супакой.
Тут мярцьвяцкі агідны водар,
Тут адчаю халодны змрок,
Ды разьбіла, разбіла яго ты
Сьмехам поўнячы кожны крок.
Як у адказ — толькі ўласнае рэха,
Помні, гэта хутка-хутка міне,
Ведай, нехта дыхае тваім сьмехам,
Нехта ўсьмешкай тваёй жыве!

24.11.2021

*** 

Сонца вісьне па-над палямі,
Па прагнозе завеі й галалёд.
Вось сябры паставалі бусламі:
Крылы ўбокі – ды ў палёт.
Мы ж з табою буслы таксама:
Чырвань дзюбы і бель крыла.
Нам ня сіл на палёт ня стала –
Нам Айчына дазвол не дала!
Мо сябры разумеюць і самі:
Крылы лётаць каб, не зьлятаць.
Мы тут сталі радзей радамі,
Але ж нам тут да скону стаяць.
І цяпер мы буслы з бусламі
Цераз краты і праз мяжу
Перакідваемся лістамі:
“Не судзі” – “Не суджу” …
Перакідваемся лістамі,
Ды захоўваем супакой.
Дзякуй богу, што я не з вамі,
Дзякуй богу, што вы не са мной.

09.2021

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства