viasna on patreon

Пастаяў у счэпцы на "Маршы герояў" — тры гады "хіміі"

2022 2022-02-10T17:17:34+0300 2022-02-10T18:02:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/snimok-ekrana-2022-02-10-v-15.05.17.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 20 студзеня мінчука асудзілі за ўдзел у "Маршы герояў" 13 верасня 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Суддзя Анастасія Ачалава прызначыла Андрэю Зянькову тры гады "хіміі". Яго ідэнтыфікавалі па фота і відэа, дзе ён стаяў у счэпцы побач з гасцініцай "Рэнесанс" на праспекце Дзяржынскага, а таксама па знойдзеным падчас ператрусу адзенні. Да суда ён утрымліваўся пад вартай, а пасля абвяшчэння прысуду хлопца вызвалілі ў зале суда да накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Андрэй Зянькоў у цёмных шортах і шэрай байцы
Андрэй Зянькоў у цёмных шортах і шэрай байцы

Паводле версіі абвінавачвання, Андрэй Зянькоў 13 верасня 2020 года роўна адну гадзіну "дзеля выканання публічных заклікаў да актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, размешчаных у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт на розных інтэрнэт-рэсурсах, з'яўляючыся дакладна праінфармаваным з розных крыніц пра планаванае правядзенне на тэрыторыі Мінска масавых мерапрыемстваў без падачы заяваў аб іх правядзенні ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган і без атрымання рашэння гэтага органа аб дазволе правядзення дадзеных масавых мерапрыемстваў, арганізатары і ўдзельнікі якіх абавязаныя выконваць грамадскі парадак і выконваць усе законныя патрабаванні супрацоўнікаў ОУС, з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту, вядзення дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай, у тым ліку, на абвастрэнне напружанасці ў грамадстве, узяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў ОУС, далучыўшыся да групы грамадзян, якія ўдзельнічалі ў паказаных супрацьпраўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, выяўленых у сумесным парушэнні Закона аб масавых мерапрыемствах, грамадскіх асноваў, добрапрыстойнасці і ўнутранага спакою, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням спыніць названыя групавыя дзеянні".

Паводле абвінавачвання, Зянькоў "публічна выкрыкваў розныя лозунгі, законныя патрабаванні супрацоўнікаў ОУС пакінуць месца несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і разыйсціся не выканаў, працягнуўшы знаходзіцца ў паказаным месцы, а затым, пры набліжэнні супрацоўнікаў міліцыі, сумесна з іншымі нявысветленымі грамадзянамі стаў у "счэпку локцямі". Гэта значыць групавое скрыжаванне рук у локцевых суставах з мэтай перашкаджэння затрыманню супрацоўнікамі ОУС, гэта значыць аказаў відавочнае непадпарадкаванне прадстаўнікам ўлады".

Акрамя гэтага, Зянькоў, маючы пры сабе бел-чырвоны-белы сцяг, які выкарыстоўваўся як пратэсны сімвал, публічна выкрыкваў розныя лозунгі. Мужчыну затрымалі супрацоўнікі Заводскага РУУС Мінска.

На судзе абвінавачаны прызнаў віну цалкам. Ён расказаў, што быў нязгодны з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў, таму выйшаў на акцыю пратэсту. У счэпку ён устаў каля гасцініцы "Рэнесанс" на праспекце Дзяржынскага. Там яго і затрымалі.

На судзе асноўным доказам віны стаў здымак TUT.BY, дзе пратэстоўцы стаяць у счэпцы. Сярод іх — Андрэй Зянькоў. Гэтае фота было апублікавана некаторымі тэлеграм-каналамі. На ім абвінавачаны апазнаў сябе. Таксама доказам віны Зянькова выступала відэа "счэпкі" з Nexta і звесткі білінгу мабільнага тэлефона, які вызначыў Зянькова ў месцы акцыі. Абвінавачанага ідэнтыфікавалі і па адзенні, у якім ён быў на Маршы і якое сілавікі знайшлі ў яго падчас ператрусу.

marsh_geroev_2.jpeg
Андрэй Зянькоў у цёмных шортах і шэрай байцы

У выніку суддзя Анастасія Ачалава асудзіла Андрэя да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову закрытага тыпу ("хіміі"). Чырвоныя красоўкі з белымі палоскамі Adidas, чорныя шорты, шэрую байку з доўгім рукавом Nike, якія выступалі рэчыўнымі доказамі па справе (у іх Андрэй быў на Маршы), вярнулі Зянькову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства