viasna on patreon

Заява аб прызнанні дзевяці новых палітычных зняволеных

2022 2022-02-11T16:16:30+0300 2022-02-11T16:29:55+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne_14_viasna6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

11 лютага 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, ізноў адзначаем, што крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна дзеля абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і г.д. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам падаецца неабгрунтаваным.

Таксама мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, дзеля пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека.

Нам вядома аб асуджэнні:

  • Валянціна Панасіка паводле ч. 3 арт. 130, 342, ч.1 293 КК да шасці гадоў зняволення за публікацыі ў сацыяльных сетках, што змяшчаюць заклікі да вулічных пратэстаў, актыўнага супраціву ў выпадку іх падаўлення;
  • Станіслава Кажамякіна паводле арт. 130 КК да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення за каментары ў сацыяльнай сетцы з заклікамі "да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў", якія не былі агучаныя ў судовым пасяджэнні.

Паказаныя асобы не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў паводле нацыянальнай, этнічнай, расавай, рэлігійнай прыкметах. Іх дзеянні не пацягнулі і не маглі пацягнуць цяжкіх наступстваў для пацярпелых.

Таксама ў дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай пры адсутнасці дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачанні, то бок пасля прад'яўлення абвінавачання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачання, выцякае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, пра тое, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

У прыватнасці, нам вядома пра змяшчэнне пад варту:

  • Вадзіма Нікалаева, працяглы час знаходзіцца пад вартай паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК, у тым ліку падчас судовага разгляду справы, які неаднаразова прыпыняецца для правядзення экспертызы; гэта сведчыць пра адсутнасць дастатковых падставаў для абвінавачвання;
  • Маргарыты Зотавай, узятая пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК;
  • Валерыі Глінскай і Іны Глінскай, узятыя пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 за перадачу звестак супрацоўнікаў МУС у Telegram-канал;
  • Мікіты Старажэнкі, узяты пад варту паводле абвінавачвання ў распальванні сацыяльнай варажнечы па арт. 130 КК за перадачу звестак супрацоўнікаў МУС і СК Telegram-каналу;
  • Дзяніса Сальмановіча, узяты пад варту паводле абвінавачвання ў дапамаганні тэрарызму і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі па арт. 289 КК за супрацоўніцтва з “дэструктыўнымі” Telegram-каналамі і стварэнне для іх графічнай прадукцыі;
  • Сяргея Лісоўскага, узяты пад варту паводле палітычна матываванага адвольнага абвінавачвання ў тэрарызме па арт. 289 КК за негвалтоўную дзейнасць: згодна з наяўнымі звесткамі, ён сустракаўся з супрацоўнікамі МУС і пераконваў іх адмаўляцца выконваць злачынныя загады, спрыяў рэлакацыі тых з іх, хто звальняўся са службы і асцерагаўся пераследу.

У чарговы раз падкрэсліваем, што ў шэрагу пералічаных выпадкаў характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед і зняволенне Валянціна Панасіка, Станіслава Кажамякіна, Вадзіма Нікалаева, Маргарыты Зотавай, Валерыі Глінскай, Іны Глінскай, Мікіты Старажэнкі, Дзяніса Сальмановіча, Сяргея Лісоўскага з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды і меры стрымання пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання; від мер стрымання;
  • вызваліць згаданых палітзняволеных, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі ПЭН;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Ідэнтычнасць і права.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства